Гродзенскі абласны суд прыгаварыў да 10 гадоў пазбаўлення волі пасажыра таксі, які спрабаваў забіць і абрабаваць кіроўцу. Злачынства адбылося ў красавіку гэтага года. Пацярпелы не толькі абяззброіў нападніка, але і перадаў яго супрацоўнікам міліцыі, пішуць Naviny.by.
Падзеі адбываліся паблізу аўтазаправачнай станцыі па вул. Ткацкай у Гродне. Як паведамлялі раней ва УСК па Гродзенскай вобласці, 32-гадовы пасажыр нанёс таксісту ўдар нажом у шыю. У момант здзяйснення злачынства мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Для нападу ён выкарыстаў кухонны нож. Супрацьпраўныя дзеянні спыніў толькі пасля актыўнага супраціву таксіста, які спачатку зламаў клінок нажа, а затым ужыў фізічную сілу.
У выніку мужчына быў прызнаны вінаватым у замаху на забойства, спалучанае з разбоем. І прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Гродзенскага абласнога суда Павел Варэйка.
Характэрна, што абвінавачаны раней ужо быў судзімы за разбой.
Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе.