Міністэрства культуры і ўпраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама далі станоўчы адказ лютэранам Гродна наконт усталёўкі сонечных батарэй на даху аднапавярховай прыбудовы да будынка кірхі.

Гарадзенская лютэранская абшчына ўваходзіць у сістэму экалагічнага менеджменту «Белы бусел». Не першы год яна ставіць перад сабой мэту зменшыць колькасць спажываемай электраэнергіі. Устаноўка сонечных батарэй на прыбудове да кірхi — адзін з сур’ёзных першых крокаў у гэтым кірунку. Чальцы абшчыны вераць, што ўстаноўка такіх батарэй дасць магчымасць у будучыні, з-за змены клімату ў Беларусі, часткова паменшыць выдаткі электраэнергіі.

«Наша царква надае вялікую ўвагу ўстойліваму развіццю, а асабліва экалагічнаму менеджменту, у плане выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі. Наша мэта — выкарыстоўваць усё, што нам дае Бог — сонца, вецер, дождж. Наша абшчына хоча паглядзець, ці сапраўды ў Беларусі выгадна ўсталёўваць сонечныя батарэі на малой тэрыторыі. Напрыклад, у Нямеччыне сонечныя батарэі вельмі распаўсюджаны, не толькі на буйных аб’ектах, але і на малых будынках», — распавёў пастар лютэранскай абшчыны ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.

Чакаецца, што ўстаноўка сонечных батарэй пачнецца да канца 2016 года. Вясной 2017 яны павінны паўнавартасна запрацаваць.