У Маладзечне 25 верасня гродзенскі “Нёман” правёў чарговы тур чэмпіянату Беларусі, дзе сустракаўся з “Іслаччу”. Матч скончыўся з нулямі на табло.

На працягу ўсёй сустрэчы каманды паказалі роўны футбол і мелі нядрэнныя моманты для ўзяцця варот. Але ніводная з каманд не рэалізавала свае шанцы, таму лік заканамерны.

“Іслач” – “Нёман” – 0:0

У матчы з “Іслаччу” кіраваў гарадзенцамі старэйшы трэнер “Нёмана” Павел Бацюта. Кавалевіч жа быў дыскваліфікаваны федэрацыяй на два матчы з-за выказванняў у адрас суддзі.

“Мы разлічвалі ў гэтай гульні на перамогу. У першым тайме не так як трэба згуляла цэнтральная вось, а ў другім, лічу, каманда выглядала някепска”, – адзначыў пасля матчу з “Iслаччу” Бацюта.

Пасля нічыі ў Маладзечне “Нёман” апусціўся на радок ніжэй у турнірнай табліцы і зараз займае 13-е месца. У актыве гарадзенскай каманды 22 ачкі. Наступны матч жоўта-зялёныя правядуць ужо ў Гродне. 30 верасня “Нёман” будзе прымаць мазырскую “Славію”.