Прастора Цэнтра будзе адкрытая для ўсіх: любая ініцыятыва, грамадская арганізацыя ці група актыўных людзей зможа бясплатна скарыстацца памяшканнямі і тэхнічнымі магчымасці новай гарадзенскай пляцоўкі.

Асноўнымі мэтамі дзейнасці “Цэнтра гарадского жыцця” стваральнікі бачаць прэзентацыю беларускай, еўрапейскай, сусветнай культуры, гісторыі, мастацтва і навукі, устойлівае развіццё Гродна ды планаванне, расказаў Павел Мажэйка, дырэктар Цэнтра.

“Мы хочам знаёміць гарадзенцаў з дасягненнямі гарадзенскіх жа творцаў, навукоўцаў, проста цікавых людзей, з ідэямі, задумамі, нават “шалёнымі”. Мы будзем праводзіць дыскусіі, круглыя сталы, майстар-класы, творчыя сустрэчы, арганізоўваць выставы, ствараць арт-праекты. Мы адкрытыя на новыя і смелыя погляды ды ідэі”, – дзеліцца планамі Павел Мажэйка.

Стваральнікі Цэнтра прагнуць стаць часткай сучаснай гарадзенскай грамадскай прасторы, плённа супрацоўнічаць з грамадскімі арганізацыямі, ініцытыятывамі, актыўнымі грамадзянамі і проста быць карыснымі для Гродна і гарадзенцаў.

“Мы будзем спрыяць дыскусіям на актуальныя для гарадзенцаў тэмы, імкнуцца падтрымліваць новыя інтэлектуальныя ініцыятывы, а таксама кшталтаваць погляды і перакананні”, – гаворыць Павел. Аднак удакладняе: “Але для нас не існуе кампрамісаў, калі размова ідзе пра незалежнасць Беларусі, пра непарушнасць межаў, пра павагу да беларускай культуры і мовы”.

Першай падзеяй у Цэнтры стане Тыдзень беларускага мыслення. З праграмай мерапрыемстваў можна пазнаёміцца на старонцы Цэнтру ў фэйсбуку.

14362504_953821624728332_4046574045706855915_o