Спіс будучых арандатараў шматфункцыянальнага комплексу ў будынках былога гродзенскага піўзавода ўжо часткова гатовы. Частка комплексу будзе даступна для наведвальнікаў ужо ў першым квартале 2025 года, астатняе абяцаюць адкрыць у другой палове года.

На плошчы больш за 6000 кв.м. адкрыюцца аб’екты грамадскага харчавання, магазіны беларускіх брэндаў адзення і міні-бровар. Намеснік дырэктара ТАА «МБА Інвестмент» (фірмы, якая займаецца рэканструкцыяй піўзавода) Аляксандр Заглубоцкі расказаў «Гродзенскай праўдзе», што ахвотных патрапіць у пул арандатараў было шмат. Улетку 2024 года плануецца правесці перамовы з усімі, хто пакідаў заяўку, і канчаткова сфарміраваць спіс.

Ужо вядома, што на тэрыторыі комплексу будзе працаваць рэстаран з невялікім броварам — гэта будзе «якарны» арандатар. Будзе і шмат невялікіх тэматычных кавярняў і рэстаранчыкаў. Частку памяшканняў зойме музей, які раскажа пра гісторыю месца, і арт-прастора. Будзе месца і для індустрыі прыгажосці. Абяцаюць у былым піўзаводзе і галерэю з адзеннем беларускіх брэндаў.

Чытайце таксама: Гатовыя аздабляць, праводзіць камунікацыі і змяняць дах на галоўным корпусе. Што адбываецца на гродзенскім піўзаводзе?

Як ідзе рэканструкцыя гродзенскага піўзавода

Кампанія «МБА Інвестмент», якая выкупіла закінуты гродзенскі піўзавод, ужо ўклала ў будаўніцтва і рэканструкцыю аб’екта больш за 3 млн долараў. Арыентыровачна ў комплекс інвестуюць яшчэ столькі ж.

— Рабочыя працуюць на высокім узроўні, практычна займаюцца рэстаўрацыяй. Асабліва гэта датычыцца работ з фасадам і сценамі палацавай часткі, скляпеністых цагляных перакрыццяў. Апроч выкарыстання гістарычнай цэглы, нават кладкавыя растворы вырабляюцца набліжана да складу, які выкарыстоўвалі будаўнікі мінулых стагоддзяў. За ходам будаўніцтва строга сочаць навуковыя кіраўнікі, яны кансультуюць па аднаўленні гістарычнай часткі забудовы, выкарыстоўваецца тэхніка муравання, характэрная для адпаведнага гістарычнага перыяду, — кажа Аляксандр Заглубоцкі.

Падчас прац расчысцілі старыя праёмы, вызначылі ўсе хады і калідоры, якія існавалі ў будынку ў мінулым. Многія адкрыцці былі зроблены пасля зняцця са сцен тынкоўкі. Праблемай была вада, якая залівала падвалы з-за блізкасці да Нёмана. Але яе ўдалося вырашыць.