Упакоўшчык адной з фірмаў у Гродне выйшаў з дому ў 13.20 і «прадэманстраваў» на левай руцэ татуіроўку «А.С.А.В». Гэта палічылі распаўсюдам экстрэмісцкай інфармацыі. Мужчыну судзілі паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП.

Мужчына прызнаў віну. Суд Ленінскага раёна Гродна вырашыў аштрафаваць яго на 30 базавых велічынь (1200 рублёў) без канфіскацыі. Ці палічылі б у гэтым выпадку «сродкам учынення правапарушэння» руку, не ўдакладнілі.

A.C.A.B. — абрэвіятура ад «All Cops Are Bastards» («Усе копы — ублюдкі»). Брытанскія музыкі папулярызавалі яе ў 70-х. Яе выкарыстоўвалі падчас забастовак. Надпісы «А.С.А.В» і «С.Л.О.Н» на любым носьбіце, уключаючы сцягі, адзенне, татуіроўкі, прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэнні суда Аршанскага раёна ў 2018 годзе.

У верасні 2023 года за татуіроўкі «A.C.A.B.» і «Пагоня» затрымалі гродзенца, у траўні 2024 года — пару са Слоніма за фатаграфію тату.