У Гродне ўжо некалькі месяцаў затрымліваюць і судзяць за падпіску на паблік «Новости Гродно | Grodno.news». Суполка існуе з 2013 года, на яе падпісана 26 тыс. чалавек. У ёй публікуюцца навіны Гродна і рэгіёна, а таксама беларускай эміграцыі.

Па звестках Hrodna.life, затрыманых за падпіску на гэтую суполку ў Гродне за апошнія два месяцы — некалькі дзясяткаў чалавек. Іх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі,
якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую ​​дзейнасць).

Асабліва актыўна заводзіць справы за падпіску на гэтую суполку сталі на пачатку траўня. Некаторыя з асуджаных абышліся штрафам і канфіскацыяй тэлефона, некаторыя трапілі ў ІЧУ на суткі. Таксама ў траўні працягвалі судзіць за падпіску на сацсеткі журналіста Руслана Кулевіча, якія таксама прызнаныя «экстрэмісцкімі».

За апошнія 3,5 гады спіс «экстрэмізму» вырас амаль у 15 разоў

Спіс матэрыялаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі», вядзецца з 2008 года. Да лета 2020 года ўнесеныя ў яго матэрыялы ў асноўным датычыліся выяваў свастыкі, прапаганды нацызму, расізму і варожасці на глебе рэлігіі. За 12 гадоў - на кастрычнік 2020 года — спіс склаў 72 старонкі.
За апошнія тры з паловай гады ён вырас да 1072 старонак і зараз у асноўным змяшчае матэрыялы, чаты і паблікі грамадска-палітычнай тэматыкі. Паблік «Новости Гродно | Grodno.news» быў прызнаны «экстрэмісцкім» матэрыялам па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 23 студзеня 2023 года.

Чытайце таксама: Кнігу пра гісторыю Заходняй Беларусі прызналі «экстрэмісцкай». Яе аўтар — былы сілавік