Каля Каложскай царквы 18 траўня адкрылі званіцу. Папярэдне планавалася, што званы ўпершыню прагучаць у Дзень Перамогі 9 траўня.

Побач з Каложай адкрылі званіцу: яе прысвяцілі 80-годдзю вызвалення Беларусі
Званіца каля Каложскай царквы. Скрыншот «Гродно Плюс»

Званіца размяшчаецца ў 10 метрах ад храма. Канструкцыя вышынёй пяць метраў выканана з дуба і важыць дзве тоны. На пярэднім плане тры буйных званы — самы вялікі важыць 1,3 тоны. Агулам на званіцы размясцілі дзевяць званоў.

Восем з дзевяці званоў прывезлі ў Каложскую царкву яшчэ ў лістападзе 2023 года. Іх даставілі з Варонежа (Расія). Некаторыя са званоў ручныя, некаторыя педальныя [звон, гук з якога выбіваецца з дапамогай націскання нагі на педаль — Hrodna.life].

Званы для Каложы
Званы для Каложы. Крыніца: instagram.com/kalozha

Будоўлю званіцы прысвяцілі 80-годдзю вызвалення Беларусі. На самым вялікім звоне выкананы адпаведны надпіс.

Дзе і якой была званіца Каложы раней?

Меркавана, першапачаткова Каложская царква была збудаваная са званіцай. Яна магла быць убудаваная ў сцяну храма і размешчаная над паўднёва-заходнім вуглом, які абрынуўся ў Нёман ў сярэдзіне ХІХ ст. Гэтую версію даказвае несіметрычнасць галоўнага фасада, пісаў гісторык Андрэй Вашкевіч. Падмурак царквы ў Ваўкавыску, якую адносяць да гродзенскай архітэктурнай школы, быў закладзены з разлікам на такую званіцу.

Ужо пасля абрушэння часткі храма ў Нёман, на малюнках Напалеона Орды і іншых мастакоў, званіцу можна ўбачыць драўлянай і з іншага боку храма. Менавіта такі варыянт для аднаўлення лічыць больш слушным гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон. Барочная званіца XVIII ст., на яго думку, гарманічна ўпісвалася б у архітэктурнае атачэнне.

Каложская царква на малюнку Напалеона Орды, 1869 г.
Каложская царква на малюнку Напалеона Орды, 1869 г. Крыніца: wikimedia.org

У пачатку ХХ ст. званіца была ўжо зноў перабудаваная і мела форму брамы з двух слупоў, перакрытых невялікім дахам, дзе высока на перакладзіне былі прымацаваныя званы.

У час падрыхтоўкі цяперашняга праекта ў архівах знайшлі звесткі аб тым, што «ў горад Гродну ў Барысаглебскі Каложскі манастыр адліты звон у 210 пудоў [3,44 тоны — Hrodna.life]» на звоналіцейным заводзе братоў Усачовых у Расійскай імперыі.