Завяршылася экспертыза праекта рэканструкцыі гатэля «Гродна», які летась выкупіла кітайская кампанія. Зараз ідзе выбар падрадчыка, а ў маі павінны пачацца будаўнічыя работы, паведамляе grodnonews.by.
Пра гэта стала вядома ў час візіту ў Гродна дэлегацыі кітайскай правінцыі Ганьсу, з якой Гродзенчшына супрацоўнічае 10 гадоў.
У час візіту быў падпісаны дагавор аб будаўніцтве цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны ў Гродне. Ён мае паўстаць за чатыры месяцы. Збудуе яго ТАА «СІГІКОП-Бел», якое таксама зацікаўлена ў будаўніцтве камерцыйнага жытла ў горадзе.
Таксама госці агледзелі аб’екты выстаўленыя на продаж: недабудаваны аэравакзал, піўзавод, дом афіцэраў і былую камендатуру (медычную школу Жылібера). Кітайцы цікавіліся магчымасцямі размясціць лагістычны цэнтр — з гэтай мэтай аглядалі аэрапорт і будынкі былой гарбарні на завулку Перамогі. Таксама аэрапорт разглядалі ў якасці месца прыёму самалётаў з турыстамі з Ганьсу.
Са знакавых аб’ектаў, якія збудавалі кітайскія фірмы ў Гродне, пакуль можна назваць толькі смеццесартавальны завод.