Старадаўні гадзіннік і падзямелле касцёла ў Гродне плануюць адкрыць для турыстаў. Пра гэта паведаміў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, перадае БЕЛТА.
«Кожны ведае пра знакаміты старадаўні гадзіннік на Фарным касцёле. Тыя, каму ўдалося падняцца па лесвіцы і азнаёміцца з механізмам, застаюцца пад вялікім уражаннем, але пакуль гэта даступна нешматлікім. Цяпер прапрацоўваецца пытанне,
каб зрабіць магчымай такую ўнікальную экскурсію для шырокай публікі. Яшчэ адзін цікавы аб’ект — падзямелле брыгіцкага касцёла, там размешчана цэлая галерэя каштоўных прац, разам з касцёлам падумаем, як зрабіць даступнай яе ўсім турыстаам», — распавёў ён.
Яшчэ адно ўнікальнае месца па дарозе на Аўгустоўскі канал — маёнтак Радзівілкі, якое ўладкоўвае бізнесмен. На самім канале ўвесь цёплы сезон па выхадных будуць праходзіць культурныя, спартыўныя, забаўляльныя мерапрыемствы. Праграма распрацавана да канца лета так, каб не парушыць і прыродную прыгажосць, і каштоўнасць месца", — дадаў губернатар.
Ён падкрэсліў, што з пачаткам бязвізавага руху турыстычная сфера паслуг у рэгіёне развіваецца ўсё больш актыўна. Прыходзяць інвестары, заключаны чатыры дамовы на стварэнне гасцініц. Гэта падштурхоўвае развівацца малы бізнес, прадпрымальнікаў у турыстычнай сфере.