Злачынства адбылося на вуліцы Мендзялеева ранiцай у пятніцу 17 сакавіка. Мужчына здзейсніў забойства жанчыны і ўцёк. Міліцыя шукала яго ў раёне вуліц Мендзялеева, Пралетарскай і Касманаўтаў ды здолела аператыўна затрымаць.
Зараз следчы камітэт працуе ў двары дома па вуліцы Мендзялеева 39/1, дзе знайшлі цела жанчыны.
Як паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама, раніцай у міліцыю звярнуўся жыхар аднаго з дамоў па вуліцы Мендзялеева горада Гродна і паведаміў, што праз акно бачыў, як у двары мужчына б’е жанчыну. Праз пару хвілін пры паўторным званку ён распавёў, што падазраваны схаваўся, а прадстаўніца слабага полу не падае прыкмет жыцця.
У гэты час супрацоўнікамі органаў унутраных спраў ужо былі арганізаваныя пошукавыя мерапрыемствы па затрыманні падазраванага, прыкметы якога паведамілі двое суседзяў, першапачаткова якія збіраліся абясшкодзіць яго самастойна, але не рызыкнулі гэта зрабіць з-за існуючага ў зламысніка нажа, які ён некалькі разоў дэманстраваў, пагражаючы адправіць людзей на той свет.
Раён пошуку быў аператыўна перакрыт міліцыянтамі, а падазраванага на вуліцы Азёрская шаша затрымаў участковы інспектар Гродзенскага РАУС разам з курсантам Акадэміі.
«Устаноўлена, што ў падазраванага 1980-га года нараджэння з жанчынай склаліся асабістыя непрыязныя адносіны. Зламыснік яе падпільнаваў, калі яна выходзіла з хаты. Спачатку збіў, а потым пры дапамозе нажа пазбавіў жыцця. Затрыманы пакутуе на псіхічнае захворванне. Па артыкуле „забойства“ ўзбуджаная крымінальная справа», - распавёў начальнік Кастрычніцкага РАУС г. Гродна палкоўнік міліцыі Андрэй Кудрыцкі.