У некаторых гродзенскіх навучальных установах пераносяць пары на выходныя і на вячэрні час, а таксама прымушаюць студэнтаў падпісвацца пад абяцаннем, што яны не будуць прымаць удзел у мітынгах супраць дэкрэту № 3. Такая інфармацыя з’явілася ў сацыяльных сетках.
Самі студэнты на гэтую сітуацыю рэагуюць па-рознаму.
Марыя, ГрДУ
— Асабіста мне патэлефанавала куратар і сказала, каб я да яе ўвечары 15 сакавіка зайшла на размову. Гэта менавіта ў той час, калі ў Гродне будзе праходзіць мітынг у парку Жылібера. Не ведаю, цi тэлефанавала яна іншым, але да яе я дакладна не пайду — у мяне вольны час. I буду займацца я тым, чым захачу.
Ілона, Каледж тэхнікі, тэхналогіі і дызайну
— Гэта поўны дурдом, калі чалавек хоча пайсці ён i так пойдзе, нават калі паставяць у гэты час вучобу. На двары XXI стагоддзе, а ў нас нешта прыдумляюць. На 15 сакавіка ў каледжы ва ўсіх заняткі паставілі ў другую змену і яўка абавязковая. А таксама нас вырашылі ўзрадаваць і 25 сакавiка, калі ў Мінску будзе праходзіць дазволенае ўладамі шэсце на Дзень Волі. Менавіта ў гэты дзень, у наш выхадны, сказалі выходзіць і адпрацоўваць за Радаўніцу, якая будзе ў красавіку. Усе студэнты гэтыя змены ўспрынялі негатыўна.
Арсеній, ГрДУ
— Усе выдатна разумеюць, чаму перастаўляюць заняткі на вячэрні час. Але, мне здаецца, трэба дзейнічаць іншымі метадамі: тут не трэба нешта прыдумляць, студэнтам трэба растлумачыць, чаму нельга хадзіць на гэтыя мітынгі. З такімі забаронамі будзе толькі горш.
Шчыра, я сам не прымаю ўдзел у такіх акцыях — мне не патрэбныя праблемы, ды і мне прасцей вырашаць такія пытанні іншымі спосабамі. Калі мяне нешта не задавальняе, я падыйду і пагавару з адказным напрамую, каб выправілі гэтую сітуацыю.