На дом, які з нуля пабудавалі на вуглу Карла Маркса і Маладзёжнай, павесілі шыльду «гісторыка-культурная каштоўнасць». Арыгінальны будынак быў цалкам знесены ў студзені 2016 года, а ўжо ў жніўні будаўнікі паказалі гараджанам навадзел. На франтоне напісалі «1886» — год пабудовы арыгінальнага дому. Цяпер уладальнікі будынка здзівілі яшчэ больш — яны павесілі ахоўную шыльду, згодна з якой дому нібыта сапраўды больш за 100 гадоў.
Навадзел належыць «Гроднаэнерга». Там касрэпандэнту Hrodna.life сказалі звяртацца з усімі пытаннямі наконт шыльды ва ўпраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама, бо там усё было ўзгоднена.
Начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Генадзь Таламанаў распавёў, што будынак на вуглу вуліц Карла Маркса і Маладзёжная ўнесены адрасна ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, таму шыльду трэба было рабіць з удакладненнем.«Усе будаўнічыя работы на тэрыторыі аб’екта вяліся з дазволам Міністэрства культуры. Стары будынак — фасад — дазволілі знесці, але наўзамен сказалі збудаваць новы будынак. Трэба разумець, што аб’ект занесены ў спіс культуры адрасна, і тут, напэўна, больш пытанняў трэба задаваць Мінкульту.
Будынак узнавілі амаль так як было. Што тычыцца шыльды, то трэба тлумачэнне, што будынак быў адноўлены. Яе здымуць і заменяць на новую з правільнай інфармацыяй".
Гэта не першы выпадак такіх памылак з шыльдамi ў цэнтры Гродна. Ёсць добры прыклад, як трэба рабшць шыльды: на Вялікай Траецкай на доме № 42 вісіць правільная таблічка, дзе пазначана дата рэканструкцыі.