Мабільны аператар velcom практычна цалкам пакрыў 3G-сеткай Гродзенскую вобласць. Сувязь трэцяга пакалення стала даступная на 98,8% тэрыторыі рэгіёну, паведамілі ў прэс-службе аператара.
Гродзенская вобласць стала першым рэгіёнам, у якім ахоп сетак трэцяга і другога пакаленняў практычна зраўняліся. Для гэтага аператар velcom устанавіў каля 350 базавых станцый, што дазволіла павялічыць 3G-пакрыццё рэгіёну з 60,2% да 98,8%.
Больш за ўсё базавых станцый стандарту UMTS-900 запушчана ў Гродзенскім, Лідскім і Смаргонскім раёнах. Абнаўленне сеткі дало магчымасць забяспечыць устойлівай 3G-сувяззю больш за 60 сельскіх пасёлкаў, у якіх раней стабільна можна было прымаць толькі GSM-сігнал. Гродзенскі рэгіён найбольш шчыльна пакрыты «новым 3G», што шмат у чым тлумачыцца мясцовым ландшафтам: пераважна роўным рэльефам, адсутнасцю густых лясоў і істотных узвышшаў.
На бягучы момант velcom пакрыў 3G-сувяззю звыш 80% тэрыторыі Беларусі. «Новы 3G» стаў даступны ўздоўж буйных магістраляў краіны. Да канца года спецыялістам яшчэ трэба павысіць 3G-пакрыццё Магілёўскага і Віцебскага рэгіёнаў.
Развіццё сеткі стандарту UMTS-900 дало магчымасць забяспечыць мабільным інтэрнэтам сельскую мясцовасць і павысіць яго якасць у гарадскіх умовах. Перш за ўсё, павысілася якасць прыёму сігналу ў будынках у нізінах ці ў месцах шчыльнай забудовы. Таксама стала камфортней карыстацца мабільнай сувяззю на тэрыторыях, «закрытых» ці аддаленых ад базавых станцый.
«З пакрыццём Гродзенскай вобласці «новым 3G» яе жыхары і госці могуць свабодна карыстацца мабільным інтэрнэтам амаль у любым месцы. Незалежна ад таго, ці жыве абанент у Гродне, Лідзе або, скажам, пасёлку Пагародна, яму даступныя новыя тэхналогіі. Галоўнае — не забыцца пераключыць смартфон у рэжым «UMTS» або «GSM/UMTS», — адзначыў начальнік упраўлення планавання радыё і транспартнай сеткі кампаніі velcom Сяргей Барамыкин.
Аператар velcom пачаў запускаць базавыя станцыі ў дыяпазоне 900 Мгц з 1 лютага 2016 года. Першым горадам стаў Дзяржынск, а да канца красавіка новая тэхналогія стала даступная і жыхарам Мінска. Найбольш актыўна абнаўленне сеткі адбывалася апошнія паўгода, закрануўшы амаль усе рэгіёны. Да канца года 3G-пакрыццё павінна зраўняцца з ахопам 2G-сеткі, што адзначыць канец эпохі GSM у Беларусі.