Штогадовы парад тралейбусаў прайшоў 1 кастрычніка ў Маскве. Сёлета ў калоне электрамашын па сталіцы Расіі ўпершыню прайшоў эксперыментальны дуобус «Белкамунмаша», названы ў гонар князя Вітаўта. Дуобус БКМ 43 303А VitovtMAX, у адрозненні ад звычайных тралейбусаў ці электробусаў, мае ўбудаваны дызельны рухавік, што можа круціць генератарную ўстаноўку. У Маскве VitovtMAX ад пачатку лета праходзіць тэставанне і выкарыстоўваецца на камбінаваных маршрутах, дзе часткова адсутнічае кантактная сетка.

Парад рэтра-тралейбусаў і апошніх навінак гарадскога электратранспарту стартаваў ад Філёўскага аўтобусна-тралейбуснага парка, прашоў па цэнтральных вуліцах горада і спыніўся на Фрунзенскай наберажнай. Тут гараджане маглі бліжэй пазнаёміцца з гістарычнымі і новымі машынамі.

Дуобус БКМ 43 303А VitovtMAX увага масквічоў не абмінула. Футурыстычнага дызайну «гармошка» сабрала шмат цікаўных.

bkm-43303a-vitovtmax-04

На месцы можна было даведацца, што дуобус адрозніваецца ад тралейбуса ці электробуса тэхнічнымі характарыстыкамі. Электробус возіць запас электрычнасці ў акумулятарах, а калі зарад скончваецца, то патрабуе доўгай падзарадкі. Дуобус мае дызельны рухавік, што круціць генератарную устаноўку і ўвесь час можа выпрацоўваць ток. Такім чынам, запас руху па-за межамі кантактнай сеткі ў яго практычна неабмежаваны — была б саляра ў баку.

Іншыя тэхнічныя характарыстыкі Vitovt’а таксама не маглі не парадаваць карыстальнікаў. Дуобус мае нізкую падлогу, зручны салон з шырокімі праходамі, кандыцыянер і нават разеткі для зарадкі мабільных тэлефонаў ці ноўтбукаў.

Зараз першы беларускі дуобус выкарыстоўваецца ў Маскве на маршрутах Б і Т25, а таксама прайшоў абкатку на маршруце 63. З улікам дэмантажу часткі тралейбуснай кантактнай сеткі ў цэнтры, такі транспарт робіцца для Масквы вельмі запатрабаваным. Апроч магчымасці злучыць раздзеленыя «безкантактным» цэнтрам раёны горада, дуобус не мае абмежавання ходу і не баіцца разрадкі ў маразы. Патрабаванням мегаполіса адпавядае і павышаная змяшчальнасць «гармошкі».