Юрый Стралец прыехаў у Гродна з Самары і ўжо некалькі дзён працуе ў мясцовых архівах. Шукае інфармацыю пра сям’ю свайго бацькі Хаіма Стральца, які жыў тут да нямецкай акупацыі 1940-х гадоў. Каб распавесці сваю гісторыю, 25 верасня Юрый зазірнуў і ў рэдакцыю Hrodna.life.
У Гродне ён прыехаў упершыню, хаця пра гэты горад шмат разоў чуў. Раней проста не было канкрэтнай мэты, каб сюды прыехаць. Толькі ў апошнія гады Юрый стаў разумець, што ён нічога не ведае пра сваю сям’ю. Менавіта за адказамі на свае пытанні ён і адправіўся ў Беларусь.
«Гродна заўсёды быў для мяне нейкім міфічным горадам, — распавядае Юрый. — Бацька часта пра яго распавядаў, але я не думаў раней, што мне трэба будзе сюды ехаць і шукаць нешта. Бацька памёр у 1985 годзе і да таго моманту я не здолеў запісаць яго ўспаміны. Мне сорамна, цяпер я вельмі шкадую пра гэта, бо нават не ведаю, як завуць маіх продкаў - бабулю і дзядулю, дзе жылі яны ў Гродне і чым займаліся. А трэба было проста сесці і спакойна пагаварыць з бацькам».
Дзядуля, бабуля і дзве цёткі Юрыя. Здымак зроблены ў Гродне у 1930-я. Лёс сваякоў невядомы
Бацька Юрыя Хаім Беркавіч (Берэл) Стралец нарадзіўся ў Гродне ў 1923 годзе ў яўрэйскай сям'і. У Стральцоў ў горадзе быў свой дом, на першым паверсе якога была мясная крама. Але дзе знаходзіўся дом і на якой вуліцы, Юрый не ведае.
«На жаль, я ведаю занадта мала пра жыццё бацькі ў Гродне, — дадае Юры. — Ведаю, што ён вучыўся ў мясцовай яўрэйскай школе. З той пары ў яго застаўся здымак. Я калі зайшоў у музей у сінагозе, убачыў такі ж. Аказваецца, адзін з вязняў гродзенскага гета вучыўся з бацькам у адным класе. Яго клікалі Рыгор Хасід. А пасля вайны яны нават і не кантактавалі. Дзе ў Гродне жылі мае Стральцы, я не ведаю. У архівах пакуль удалося знайсці некалькі людзей з такім прозвішчам. Ведаю, што мой дзядуля Берэл Стралец быў удзельнікам Першай сусветнай вайны і меў свой бізнес у Гродне. Іншы дзед разводзіў коней дзесьці ў раёне горада. Сям’я наша была забяспечаная, на жыццё ў родным горадзе бацька ніколі не скардзіўся».
У Гродне бацька Юрыя пражыў да сярэдзіны 1939, да ўз'яднання ўсходняй і заходняй Беларусі. Пасля ён паступіў у Мінск у рамеснае вучылішча, там і заспеў вайну 1941 года.
«Бацьку выратавала, што ў пачатку вайны ён апынуўся ў Мінску. Было лета, пачыналіся вакацыі і ён павінен быў ехаць у Гродна, але чамусьці затрымаўся. А калі б у той момант ён прыехаў дадому, то з усёй сям’ёй апынуўся б у гета, а потым у лагерах смерці. Так ён застаўся ў жывых, а ўся сям’я яго бясследна знікла, — кажа Юры. — У Мінску на пачатку вайны пачалася масавая эвакуацыя і бацька на цягніку быў вывезены ў Куйбышаў (сучасная Самара — рэд.). Там ён працаваў на фронт, рабіў самалёты на заводзе. У эвакуацыі бацька пазнаёміўся з маёй мамай і пасля вайны, дзесьці ў канцы 1940-х гадоў, яны разам вырашылі з’ездзіць у Гродна, але з родных нікога не знайшлі. У сямейным доме ўжо жылі іншыя людзі. У Гродне бацькі не засталіся і вярнуліся ў Расію.
Да сваёй смерці бацька жыў у Самары, быў там паважаным чалавекам. Яго ведалі як добрага працаўніка і нават дэпутатам абіралі, хоць ён і не быў у партыі. У горадзе ў яго былі сябры — таксама гродзенскія яўрэі, сярод іх быў і Данііл Клоўскі, які прайшоў гродзенскае гета і тры канцлагера. Гэты чалавек выжыў і стаў выдатным навукоўцам. Пра сваю маладосць і жахі вайны ён напісаў кнігу «Дорога из Гродно».
За савецкім часам бацька Юрыя працаваў у Самары на сакрэтным ваенным заводзе, рабілі там ракеты. Праз гэта ён стараўся не распавядаць нікому пра сваю даваеннае жыццё ў Польшчы і тым больш, не шукаў сваякоў за мяжой.
«А сваякі былі ў Аўстраліі і Аргентыне, але бацьку звязвацца з імі было забаронена, — адзначае мужчына. — Яны з’ехалі яшчэ да вайны. Ці жывуць зараз іх нашчадкі ў гэтых краінах, я не ведаю. Неяк яны спрабавалі выйсці на нашу сям’ю праз сябра бацькі - гродзенца Язэпа Смалянскага, але ім тады ніхто не адказаў. А дзе цяпер гэты ліст… Можа дзе і гродзенскія Стральцы, мае сваякі і жывуць на іншых кантынентах, трэба шукаць.
Вывучаць гісторыю сваёй сям'і я пакуль пачаў з Гродна, адкуль і ідуць мае карані. Яшчэ незадоўга да смерці бацька казаў мне, што трэба як-небудзь разам з’ездзіць у Гродна, ён хацеў паказаць родныя мясціны і горад, у якім нарадзіўся, але зрабіць мы гэта не паспелі. І толькі праз шмат гадоў мяне сюды прывёў лёс. У Гродне я ўсяго некалькі дзён і ўжо разумею, што гэты горад будзе маім другім домам, ёсць такія адчуванні".
Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…
Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…
Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…
Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…
У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…
Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…