Здароўе і спорт

З’явяцца клубы і секцыі. Як у Гродне развіваюць культуру гульні ў дартс

«Добры дартсіст прыходзіць са сваімі дроцікамі, ды не з адным камплектам», — кажа Юрый Сіткевіч з гродзенскага «Дынама». Менавіта гэтае спартовае таварыства адгукнулася на просьбу аматараў дартсу і правяло першы ў Гродне адкрыты турнір. Хаця гульня ёсць у праграме ці не ўсіх карпаратыўных спартакіяд горада, пагуляць акрамя працы ў вольны час нідзе не атрымаецца. Праўда, пасля турніру пачалі гаварыць пра стварэнне секцый і нават клубу.

Першы турнір па дартсу сярод аматараў прайшоў 8 красавіка і сабраў 19 чалавек узростам ад 14 да 61 года. Цяпер такія турніры будуць праходзіць раз у квартал. Могуць паўстаць секцыі гульні ў дартс і клуб па інтарэсах — усё залежыць ад ініцыятывы гродзенскіх гульцоў.

Раней спаборнічалі на прадпрыемствах

— Аматары звярнуліся з просьбай правесці турнір па дартсу, мы адгукнуліся, — кажа Юрый Сіткевіч, намеснік старшыні савета па эканамічнай працы Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры БФСТ «Дынама», якая з’яўляецца арганізатарам турніра. — Да гэтага ў Гродне праводзіліся спаборніцтвы на прадпрыемствах, але не было адкрытага турніра, дзе мог паўдзельнічаць любы жадаючы.

Юрый Сіткевіч, намеснік старшыні савета па эканамічнай працы Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры БФСТ «Дынама»
На спаборніцтвы прыйшло 15 мужчын і 4 жанчыны. З-за невялікай колькасці ўдзельнікаў турнір правялі за адзін дзень, а не за два, як планавалася.
Пераможцамі сярод жанчын сталі Таццяна Мароз (1 месца), Вольга Баброва (2 месца) і Алена Акулевіч (3 месца). Сярод мужчын — Дзмітрый Карташэвіч (1 месца), Сяргей Акулевіч (2 месца) і Леанід Шалапанаў (3 месца). Пераможцы атрымалі кубкі, пачастункі ды мішэні з наборамі дроцікаў.
Арганізатары спадзяюцца, што наступным разам прызавы фонд, які фармуецца са стартавых унёскаў удзельнікаў, будзе большы. Гэтым разам невялікія ўнёскі - 3 рублі за кваліфікацыю і 2 за фінал — пайшлі на аплату камунальных паслуг і працу суддзяў.

Падарункі і сертыфікаты пераможцам прадставілі партнёры турніру: Go-go pizza і сетка крамаў тавараў для спорту «Мегаспорт».

Могуць паўстаць секцыі і клубы

Арганізатары ўпэўнены, што наступны турнір збярэ больш удзельнікаў з розных гарадоў. Ужо гэтым разам спаборніцтвамі цікавіліся аматары з Магілёва, Мінска, Барысава, Салігорска і Ліды. Але прыехалі толькі ўдзельнікі са Слоніма і Мінска.

— Наступным разам дамо раней інфармацыю, — кажа Юры Сіткевіч. — Атрымаецца прыехаць у таго, хто сёння не змог. Мы чакаем людзей з любых гарадоў. Таму і зрабілі вельмі даступныя ўнёскі, якія не шкада патраціць дзеля хобі.

Дартс ёсць у праграме карпаратыўных спартакіяд практычна ўсіх гродзенскіх прадпрыемстваў: «Гродна Азот», «ГроднаЖылБуд», «Белтэлекам», «Гроднеэнерга», «Белкард». Прычына ў тым, што дартс не патрабуе вялікіх выдаткаў: патрэбна мішэнь цаной да 100 рублёў і камплект дроцікаў.

 — Добры дартсіст прыходзіць са сваімі дроцікамі. Дроцікаў існуе мноства і кожны падбірае пад сябе метал, апярэнне, вагу, зручнасць для рукі. У нас ёсць запасны камплект для тых, што прыйшоў без свайго, — расказвае Юрый Сіткевіч. — Але адразу бачна, што ён займаецца дартсам на аматарскім ўзроўні. Тыя, хто займаюцца сур’ёзна, маюць свае дроцікі і не адзін камплект.
Трэніравацца ў Гродне пакуль што можна таксама на прадпрыемствах або дома. Калі аматары дартсу захочуць стварыць секцыю, «Дынама» гатовы прадастаўляць па выходных памяшканне.

«Стой сабе і кідай спакойненька»

Таццяна Мароз, пераможца сярод жанчын, працуе ў «БелГроднаГаз» начальнікам прававой і кадравай працы. Дартсам пачала займацца некалькі гадоў назад, калі на прадпрыемстве яго ўвялі ў спартакіяды. У мінулым годзе стала пераможцам республіканскай спартакіяды сярод «газавікоў».

— Трэніруюся на прадпрыемстве толькі за два-тры тыдні да спаборніцтваў. Дома зусім не атрымліваецца. Планую сур’ёзна заняцца трэніроўкамі і ўвогуле гэтым відам спорту. З задавальненнем буду хадзіць у секцыю, калі будзе дазваляць час.

Яна заўважае, што дартс у Гродне наогул не развіты. Калі пачала гуляць на прадпрыемстве, пацікавілася, дзе яшчэ можна паспрабаваць сілы. Аказалася, нідзе не паўдзельнічаеш, хіба толькі на «Гродна Азот», дзе моцная каманда.

— Дартс падабаецца тым, што гэта самы маларухомы від спорту, — смяецца Таццяна. — Стой сабе спакойненька і кідай. Нават у шашкі і шахматы гуляючы трэба напружвацца — галава баліць. Не кажучы пра камандныя віды спорту ці лыжы, якія патрабуюць вялікіх сродкаў, высілкаў і выдаткаў.

Cамы малодшы ўдзельнік першага адкрытага турніру па дартсу — Максім Барташэвіч. Яму 14 гадоў
Дзмітрый Карташэвіч, пераможца сярод мужчын, займаецца дартсам менш за год, але старанна.

— Вынікам я задаволены, але магло быць і лепш — дома лепшыя вынікі, бо няма гэтай атмасферы, рукі не дрыжаць. Я займаюся дома, бо ў нас няма ніводнай установы, дзе можна гуляць у дартс. Я прапаноўваў у некалькіх месцах павесіць мішэнь, але мне адмаўлялі.

Дзмітрый кажа, што культура гульні ў дартс у Беларусі развіта не так, як у Расіі ці Польшчы. Расіянка стала чэмпіёнкай свету па дартсу, а ў Польшчы нават у малых гарадах праводзяцца свае турніры.

Два фіналісты змагаюцца за перамогу на першым адкрытым турніры па дартсу
Кідаць дроцікі можна навучыцца і дома. Але гуляць аднаму нецікава — патрэбен спартовы інтарэс і невялікія турніры. Пасля мясцовых спаборніцтваў можна ехаць у Мінск, а затым і за мяжу. І тады, лічыць Дзмітрый, беларусы змогуць заняць радок у сусветным рэйтынгу.


Як праходзіў турнір: правілы

Спачатку прайшла кваліфікацыя паводле правіл Вялікага раўнду. Удзельнікі павінны былі кінуць па тры дроцікі ў кожны сектар — ад 1 да 20 — і скончыць трапіўшы трыма дроцікамі ў цэнтр. Вынік сумаваўся і згодна з сумай балаў фармавалася фінальная сетка, дзе першае месца гуляла з апошнім, другое — з перадапошнім і гэдак далей. Па гэтай сетцы ўдзельнікі гулялі на выбыванне паводле правіл гульні «501»: спачатку ў гульца 501 ачко, ён кідае дроцікі ў пэўныя сектары і выбітая колькасць балаў адымаецца. Скончыць гульню трэба, трапіўшы ў сектар «падваенне».

Падзяліцца
Меткі: спортхобі

Апошнія запісы

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024