Спадчына

«Навошта даваць гледачу падказку». У Гродне пройдзе выстава, дзе карціны не маюць назваў

Вернісаж новай выставы Ad libitum гродзенскага мастака Сяргея Кіркі пройдзе ў Цэнтры гарадскога жыцця 5 ліпеня. Па словах аўтара, гэта будзе першая цалкам абстрактная выстава, пабудаваная на колерах, эмоцыях і адчуваннях. Цікавосткай вернісажа стане выступ гурта Whiskey Logic з Філадэльфіі.

Сяргей прызнаецца, што да абстрактнага жывапісу ішоў даўно і ўжо эксперыментаваў з «беспрадметнымі» працамі абстрактнага тыпу. Але раней «нейкія адценні рэалізму заўжды прысутнічалі». Сёлетняя выстава — цалкам абстрактная. «Усё прысвечана пошуку гармоніі ў колерах».

Яшчэ адна фішка сёлетняй выставы — у карцінаў няма назваў. Ніякіх. Паводле аўтара, гэта больш чэста у адносінах да гледача. Як бы абстрактна карціна не называлася, назва ў любым выпадку стварае пэўныя межы. «Навошта даваць гледачу падказку. Калі стаіш перад халстом, усё роўна бачыш працу па-свойму. Нават калі там у аўтара была нейкая закручаная філасофія ці свой сюжэт, у гледача ўзнікаюць свае асацыяцыі, успаміны, перажыванні. Есць праца, ёсць холст, ёсць колер. Здаецца, гэта больш чэсна. Ты не даеш накірунак для гледача».

Безназоўнасць карцін, меркаваннем аўтара, дазволіць больш разнастайна адчуць жывапіс.

«Ты прыходзіш на выставу у адным настроі - бачыш адно. Потым у іншым — і бачыш зусім іншае. Перажыванні кожны раз могуць быць вельмі рознымі. Тыя ж працы выклікаюць іншыя перажыванні і ўспрыняцце. Тым больш, калі прыходзяць розныя людзі».

Работы да выставы ствараліся ад 2017 года. Некаторыя напісаны хутка, над іншымі мастак працаваў у некалькі падходаў. «Перапісваю, замалёўваю, перамалёўваю. Не ведаю, ці гэта правільна, але лічу, што сам маю вырашаць, калі праца ўжо скончана».

Раней за гродзенцаў работы з новай выставы пабачылі ў Даніі. Там летась прайшла першая замежная персанальная выстава Сяргея Кіркі.

«Не чакаў такога ўспрыняцця. Калі ты дома, сярод сяброў, то ведаеш, чаго ад выставы чакаць. Нават калі не спадабалася, усё роўна падыдуць, паціснуць руку, скажуць „старайся“, ці нешта падобнае. А калі прыязджаеш у незнаёмую краіну і цябе віншуюць — гэта ўражвае. Людзі падыходзілі і казалі - „зірні, у мяне мурашкі па скуры пабеглі“. Насамрэч, гэта прыемна».

На думку мастака, такі прыём выставы за мяжой пацвярджае — музыка і жывапіс перадаюць пачуцці без словаў. Дарэчы, музычная частка вернісажу стане яшчэ адной з яго адметнасцяў.

Зрабіць з выставы музыкальна-жывапісны праект мастака натхнілі сябры-музыкі. «Прыехаў з Амерыкі сябар, прывёз свой гурт. Мы аб’ядналіся. Бо і працы былі вельмі моцна замешаны на музычнасці. Яны як імправізацыі да рознай музыкі».

youtu.be/RWuvPr-q2CM

Назва выставы Ad libitum таксама звязана з музыкай. Гэтым тэрмінам пазначаюць імправізацыйныя часткі музычнага твора. Выканаўцам у гэтых выпадках прадастаўляецца свабода ў выбары характару выканання, тэмпу і дынамікі.

А вось у медыцыне тэрмін «ad libitum» азначае, што пазначаныя лекі можна выкарыстоўваць у любых колькасцях. Уласна, тое самае тычыцца і жывапісу Сяргея Кіркі.

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024