У таксі трэба наводзіць парадак? Чым незадаволеныя дасведчаныя таксісты і колькі каштуе бяспека пасажыра

Таксісты ў Гродне страйкуюць, у Мінтрансе кажуць аб магчымым вяртанні ліцэнзій, а навіны аб ДТЗ з аўтамабілямі таксі сталі штодзённасцю. Да чаго можа прывесці вяртанне да ліцэнзавання, чаго хочуць самі таксісты і ці можа чалавек літаральна ўчора атрымаўшы правы працаваць у таксі?

За апошнія гады на рынку пасажырскіх перавозак многае памянялася. Першае і самае прыкметнае для пасажыраў - таксі сталі больш даступнымі. Другое, больш прыкметнае для перавозчыкаў - кантролю з боку дзяржавы стала менш. Трэцяе — на рынак перавозак прыйшлі замежныя гіганты. Іх паводзінамі і незадаволеныя мясцовыя таксісты.

Што з ліцэнзіямі?

«Наша пазіцыя выразная — трэба вяртаць ліцэнзаванне», — заявіў першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч.

Паводле яго слоў, ліцэнзаванне трэба ўводзіць на кожны транспартны сродак, як у Польшчы і Расіі.

Ліцэнзаванне таксі - распаўсюджаная ў свеце практыка. Напрыклад, у Парыжы, акрамя самога ліцэнзавання, існуюць квоты на колькасць таксаматораў - 17 200 адзінак.

У іншых краінах сама працэдура атрымання ліцэнзіі бывае складанай і дарагой. Кіроўца павінен мець пэўны стаж кіравання, прайсці курсы, здаць экзамен, нярэдка патрабуецца здача экзамена на веданне горада. У біяграфіі не павінна быць грубых парушэнняў ПДР.
Аднаго жадання і наяўнасці правоў у большасці краін недастаткова, каб пачаць вазіць пасажыраў.


У «Яндекс.Такси» пракаментавалі забастоўкі ў Гродне: сёння кіроўцаў на лініі нават больш, чым звычайна


Менавіта таму з прыходам Uber па ўсім свеце праходзілі акцыі пратэсту. У некаторых краінах Uber забаронены: у Еўропе гэта Венгрыя, Данія і Балгарыя. У іншых сэрвіс працуе з абмежаваннямі альбо пасля судовых разглядаў стаў працаваць практычна на тых жа ўмовах, што і традыцыйныя таксі.

Вырастуць якасць і цана?

Вяртанне да ліцэнзавання ў тэорыі можа навесці парадак у сферы перавозак. У таксі павінны будуць працаваць толькі тыя, хто будзе адпавядаць усім нормам. Уладальнік ліцэнзіі будзе яе цаніць, выконваць законы, старацца максімальна якасна выконваць паслугі. Якасць паслугі хутчэй за ўсё вырасце, а разам з ёй і кошт.

Як дзяржава можа «душыць» таксістаў

«У ліцэнзіях ёсць плюсы і мінусы», — разважае гродзенскі таксіст, які працуе ў гэтай сферы не адно дзесяцігоддзе і які пажадаў застацца ананімным.

Прыходу ліцэнзій ён асцерагаецца: дзяржава можа, напрыклад, забараніць выкарыстоўваць аўто старэйшыя за 5 або 10 гадоў. Гэта шматлікіх можа пакінуць без працы.

«Нешта падобнае ўжо мы праходзілі. У пэўны час рэгулятар хацеў перасадзіць усіх таксістаў на аўто, які па апісаннях вельмі нагадвалі машыну беларускай вытворчасці».

У некаторыя гады, па словах суразмоўцы, дзяржава «душыла» таксістаў, рэгулярна прымаючы новыя законы. «Потым адбылася лібералізацыя, усё стала прасцей, знайшліся шчыліны ў законе. Зараз машыны, якія возяць пасажыраў, дзеляцца на таксі і арэнду аўто з кіроўцам. Па факце і тыя, і іншыя выконваюць адну і тую ж працу. Кліент розніцы можа і не заўважыць, але яна ёсць. Таксі маюць таксометры, вадзіцелі праходзяць прадрэйсавы медагляд, на гэтыя машыны больш дарагая страхоўка і г. д. У арэндных аўто ўсяго гэтага няма».


Таемны пасажыр: Яндекс.Такси vs Maxim


Напрыклад, Яндэкс працуе менавіта як служба таксі, а Maxim — як арэнда аўто. Праўда, па звестках Hrodna.life, у многіх класічных службах таксі горада зараз ёсць і арэндныя аўто — гэта дазваляе эканоміць.

Адзінства сярод таксістаў няма

За апошнія гады, па словах нашага суразмоўцы, у таксі пачалася сапраўдная анархія. І, як ён нас запэўнівае, адзінага меркавання сярод ягоных калегаў няма.

«Ёсць тыя, хто працуюць абсалютна легальна, хтосьці працуе „ў шэрую“, хтосьці „ў чорную“. На вакзалах і ў іншых лакамых месцах наогул могуць працаваць толькі „свае“. Агульнага меркавання няма, хтосьці за ліцэнзіі і нават квоты па колькасці аўто, хтосьці супраць. Малалеткі, якія не маюць нават двухгадовага стажу, адназначна не падтрымаюць гэтую ідэю», — лічыць дасведчаны таксіст.

Працаваць без стажа? Можна!

Самы «дасведчаны» кіроўца, якога сустракаў наш суразмоўца, пайшоў працаваць у таксі ўсяго чатыры месяцы пасля атрымання правоў.

Такую магчымасць мы праверылі ў аднаго з агрэгатараў, які таксі сябе не называе і не з’яўляецца таксі па законе, але выконвае перавозкі пасажыраў. Паводле нашай легенды у нас быў свой аўтамабіль і стаж ваджэння каля паўтара года. Нам там упэўнена заявілі, што на ўласным аўто працаваць можна і без мінімальнага стажу, прадугледжанага ў класічных таксі.

Пра справядлівыя тарыфы

Пра праблемы таксістаў нядаўна загаварылі зноў, калі некаторыя кіроўцы «Яндэкса» пачалі пратэставаць. Яны незадаволеныя, што «Яндэкс» адмяніў даплаты да мінімальнай сумы: раней, нават калі паездка абыходзілася кліенту танней, кіроўца ўсё роўна атрымліваў 3,5 рубля.

Наш суразмоўца-таксіст упэўнены, што такая «замануха» рана ці позна павінна была скончыцца, а «Яндэкс» выкарыстаў гэта толькі для захопу рынку.

«Такая сістэма кампенсацыі лішні раз даказвае, што цяперашнія тарыфы практычна нерэнтабельныя. Вазіць людзей па 4 км за 2,5 рубля — гэта смешна!»


«В Гродно сформировался свой рынок тарифов»? Почему таксисты мало зарабатывают (и бастуют)


Кірыл прапанаваў два варыянты справядлівых тарыфаў:

— 3 рублі пасадка без уключаных кіламетраў і 70 капеек за кіламетр

— 2 рублі пасадка і 1 рубель за кіламетр

У такім выпадку паездка па горадзе на 4 км абыйдзецца ў 5.80−6 рублёў.

Такія тарыфы, на думку суразмоўцы, дазволяць таксістам больш годна зарабляць, абнаўляць аўтапарк, падтрымліваць аўто ў выдатным стане і г. д.


Колькі можна было праехаць за адну зарплату ў 2012 і колькі сёння. Мераем узровень жыцця беларусаў у паездках на таксі


«З сённяшнімі тарыфамі працаваць практычна бессэнсоўна. Заказаў шмат, але яны капеечныя. Кіроўцам даводзіцца перапрацоўваць, праводзячы за рулём па 10−16 гадзін. Парушаць хуткасны рэжым, каб паспець хутчэй скончыць заказ і ўзяць новы. Ад гэтага пакутуе бяспека, але пра гэта кліенты задумваюцца толькі калі трапяць у ДТЗ. А там аказваецца, што вы выклікалі не зусім таксі, што пасажыр не застрахаваны і што за рулём кіроўца са стажам у 4−5 месяцаў».

Заказаў з такімі тарыфамі стане менш, але даходы таксістаў могуць вырасці, хай і не моцна. «Адсеецца тая частка кліентаў, якім таксі на самай справе і не трэба. Тыя, якім лянота ісці пешшу ў краму за дадатковым алкаголем: прасцей выклікаць таксі за 2,5 рубля, сесці ў машыну ў тапачках і праехаць 500 метраў. Паверце, з падзеннем тарыфаў асацыяльных элементаў сярод пасажыраў таксі стала значна больш».


Разборки таксистов в Гродно: туристка из Польши стала заложницей ситуации

«Заработок по 1000 баксов? Такого давно нет». Вспоминаем новейшую историю гродненских такси

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024