Спадчына

Самы прыгожы мадэрновы будынак старога Гродна: гісторыя адной «Надзеі»

У 1912 — 1913 гг. у нашым горадзе з’явіўся гатэль з прыгожай назвай «Надзея», які стаў самым канцэптуальным мадэрновым будынкам старога Гродна. Такіх не будавалі ні да, ні пасля яго.

Дзясятак гадоў таму калекцыянер гродзенскіх паштовак з Гамбурга Фелікс Варашыльскі набыў фотаздымак, быццам зроблены ў Гродне ў гады Першай сусветнай вайны. Але подпіс «Гродна» не вельмі абнадзейвае прафесійных калекцыянераў - яны добра ведаюць, што ўласнік мог наблытаць, а мог свядома няправільна падпісаць невядома дзе зроблены здымак, каб павысіць ягоны кошт.

Так было і з гэтым фота. Нямецкія афіцэры стаялі на фоне двухпавярховага дома ў стылі мадэрн — сапраўды ўнікальнага, суцэльна выкананага ў адным стылі, з аднастайнымі каванымі дэталямі, аздабленнем сцен і іншымі архітэктурнымі момантамі.

Гісторыкі пачалі шукаць, дзе мог стаяць такі будынак, і на нейкі час нават сцвердзілі, што стаяў ён не ў Гродне. Аднак пасля ўдалося прачытаць надпіс над уваходам — ОТЕЛЬ «НАДЕЖДА» і… пошук у «Памятных кніжках Гродзенскай губерні» даў вынік. Такі гатэль з’явіўся недзе ў 1912−1913 гг. і стаяў на скрыжаванні вуліц Новашасейнай (пасля Ліпавай, цяпер Гарнавых) і Ласасянскай (цяпер Савецкіх Пагранічнікаў).

Так выглядала вуліца Ліпавая (Гарнавых) з вакна тытунёвай фабрыкі 70 гадоў таму
У пачатку ХХ ст. Занёманскі Фарштат Гродна развіваўся імкліва. Тут паўставалі новыя прадпрыемствы, прыстані, школы і натуральна — новыя вуліцы. І калі ў 1907 г. з’явіўся новы гужавы мост праз Нёман, то менавіта скрыжаванне ішоўшай ад яго Новашасейнай вуліцы і старой Ласасянскай (вяла ад плошчы каля басейна «Лазурны», дзе быў цэнтар занямоння ў ХІХ ст.) стала самым прэстыжным месцам у гэтай частцы горада. Гэтым і скарысталіся прадпрымальныя гродзенскія яўрэі Любічы, збудаваўшы тут свой цікавы гатэль са сціплай, але прыгожай назвай.

Любічы былі яўна заможнымі жыхарамі Гродна, бо паводле спіса 1907 г. у горадзе ім належала больш за 15 будынкаў, большасць з якіх акурат была на фарштаце. І новы гатэль стаў сапраўднай надзеяй на светлую будучыню і саміх Любічаў, і ўсяго Гродна. Мы не ведаем ні архітэктара, ні праекціроўшчыкаў гэтага дома, але смела можам сказаць — гатэль «Надзея» быў самым прыгожым і канцэптуальным мадэрновым будынкам старога Гродна. Такіх не будавалі ні да, ні пасля яго.

Але надзеі не спраўдзіліся. Большасць выяваў гэтага дома паходзіць з трагічных гадоў Другой сусветнай вайны, калі яўрэйская супольнасць горада была знішчана нацыстамі. Ясна, што будынак з зоркай Давіда на цокалі (прыгледзіцеся на першым здымку) выклікаў нянавіць юдафобаў, аб чым сведчаць выбітыя вокны пад час яўрэйскага пагрому 1935 г.

Будынак пацярпеў падчас яўрэйскага пагрома 1935 года

Від на былы гатэль і на скрыжаванне Гарнавых — Савецкіх Пагранічнікаў. Фота 1941 г. Людзі стаяць у чарзе за ежай

Вядомае фота — па Ліпавай вуліцы фашысты гоняць вязняў гета ў лагер у Калбасіне. Над выявай электрападстанцыі (справа) бачны будынак былога гатэля
У савецкі час будынак быў аздабленнем так званага П’янага кута (на скрыжаванні Гарнавых і Пагранічнікаў былі аж чатыры піўнушкі). Так і бачыцца на фоне гэта дома сюжэт верша Сяргея Панізніка:

Дзень над Нёманам праз імглу
пачынаўся
— вільготны, цёплы.
Самым ранкам на «П'яным вуглу»
сырадой прадавалі цёткі.

План Гродна 1950-х гг. Лічба 115 — скрыжаванне Гарнавых і Савецкіх Пагранічнікаў. Будынак 2К ніжэй — былы гатэль, 2К вышэй — захаваная кніжная крама на Гарнавых

Адзін з апошніх здымкаў гатэля. 1960-я гг. Па-ранейшаму прыгожы, але ўжо без эркера над уваходам і са страчаным аздабленнем
Так і не стаў гэты дом, які столькі пабачыў, аздабленнем Занёманскага фарштата. Яго пакрысе нявечылі і ў адпаведнасці з планамі савецкіх будаўнікоў каля 1970 г. зусім зруйнавалі. Патрэбна была новая транспартная магістраль, а не нейкае старое, хаця і каларытнае, збудаванне. Абшар аздобіўся Домам Хімікаў, эпапея з рамонтамі якога (ужо як гарадской філармоніі) будзе цягнуцца яшчэ шмат гадоў.
Вуліца Гарнавых у самым пачатку 1970-х гг. Былога гатэля ўжо няма. Стаяў прыкладна там, дзе бачны грузавік. Фота Наталлі Дораш
А можа падумаць ды і адбудаваць гэты гатэльчык недзе недалёка, усё ж такі вельмі прыгожая імя — «Надзея».

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024