Спадчына

«Ёсць сэнс працягваць барацьбу за стары Гродна». Блогеры-краязнаўцы пра апошнія разбурэнні ў цэнтры горада

13 лістапада ў Гродна знеслі чарговыя драўляныя пабудовы міжваеннага перыяду. І калі пра разбурэнне дома на Свярдлова напісалі многія, то знос дома на 17 Верасня прайшоў амаль незаўважна.

За паўмесяца гарадскія службы знеслі чатыры старыя дамы. На думку чыноўнікаў пад знос ідуць менавіта старыя будынкі, якія непрыдатныя для пражывання. Пра тое яшчэ ў пачатку жніўня казаў першы намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Жук.

Нягледзячы на ​​выказванні чыноўнікаў, гродзенцы асцерагаюцца, што такімі тэмпамі будаўнічая тэхніка дабярэцца да сэрца Новага Свету, большая частка якога пабудавана з дрэва. Заклапочанасць выклікаюць у першую чаргу дамы на вуліцах 17 Верасня, Міцкевіча і Горкага.

Свярдлова, 7а. Знеслі 13 лістапада 2018 года
17 верасня, 2. Знеслі 13 лістапада 2018 года

Актыўныя гродзенскія блогеры, якія цікавяцца гісторыяй, выказалі сваё меркаванне з нагоды апошніх разбурэнняў ў гістарычным цэнтры Гродна.

Мечыслаў Супрон

«Дамы, якія пайшлі пад знос, апынуліся нікому не патрэбнымі, на жаль. Нормы права ў нашай краіне робяць усё, каб драўляныя будынкі з цэнтраў гарадоў проста зніклі. Па-першае, вельмі складана прыстасаваць драўляны дом пад офіс або якую-небудзь установу: гэта складана зрабіць па супрацьпажарных нарматывах. Па-другое, большасць драўляных дамоў царскага або міжваеннага перыяду знаходзіцца на балансе мясцовага ЖЭСа: калі ўзнікае пытанне капітальнага рамонту падобнага жылля, то ўладам прасцей яго знесці. Па-трэцяе, псіхалогія людзей. Насельніцтва горада — у асноўным выхадцы з вёскі ў другім-трэцім пакаленні, і ў свядомасці такіх людзей драўляная архітэктура асацыюецца з вёскай, якой яны цураюцца і ад якой на падсвядомым узроўні імкнуцца адмежавацца».

Яўген Аснарэўскі

«Два апошнія дамы безумоўна мелі мастацкую выразнасць і ўяўлялі пэўную гістарычную каштоўнасць. Пабудовы мелі высокія каменныя цокалі, характэрныя для міжваенных дамоў, і іншыя цікавыя элементы. Ну і вядома — досыць салідны для такіх дамоў узрост. Аднак гэта не спыніла чыноўнікаў.

Думаю, асноўнай прычынай была перакананасць у тым, што гэтыя пабудовы нікому не патрэбныя і не змогуць быць запатрабаваныя на аўкцыёне. Вельмі падобных пабудоў шмат, да прыкладу, у Таліне, які ў архітэктурным плане развіваецца вельмі дынамічна, аднак і цэлыя прадмесці старадаўніх драўляных дамоў працягваюць існаваць. Але дзе гродзенскія чыноўнікі і дзе Талін.

Тым не менш, на мой погляд, шматгадовая актыўнасць гісторыкаў усё ж аказвае сваё дзеянне. Калі б не яна, чыноўнікі ўжо даўно знішчылі б значную частку Новага Свету, у тым ліку і найбольш каштоўныя ўзоры драўлянага дойлідства горада. Ды і, акрамя таго, важны сам факт пратэсту супраць знішчэння спадчыны, бо ён застанецца ў гісторыі. Так што гісторыкам і проста неабыякавым мае сэнс працягваць змагацца за стары Гродна».

У Гродне не толькі зносяць драўляныя пабудовы, але і даюць ім другое жыццё. Добры прыклад можна ўбачыць на вуліцы Чкалава, 13. Там 30-гадовы гродзенец Андрэй узяўся за рэстаўрацыю старога драўлянага дома, які дастаўся яму ў спадчыну.

Абяцаюць аднаўляць

Нядаўна мы распавядалі, як у Гродне на вуліцы Чкалава жыхар пачаў рамантаваць драўляны дом міжваеннага перыяду, які перажыў пажар і разбурэнні. Але гэты прыклад чыноўнікам падаўся непераканаўчым і знос старых пабудоў у Гродне прадоўжыўся. Адзінае, што сказаў Андрэй Жук на апошнім абмеркаванні экалагічнага дакладу па генплане Гродна: усе знесеныя пабудовы будуць адноўлены, толькі з сучасных матэрыялаў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024