Людзі і справы

Пратэсты апазіцыі як турыстычны брэнд: адкуль з’явіўся самы вядомы турыстычны сімвал сучаснага Вроцлава

З-пад помніка Леніну вызірае бронзавая фігурка «дармаедзіка» з вялікай лыжкай ці пустой патэльняй. Мяркую, такі скульптурны герой нашага часу хутка стаў бы турыстычнай цікавосткай і абавязковым месцам наведвання ў Гродне. А заадно, назбіраў бы ў шапку патрэбныя для развіцця турыстычнай інфраструктуры грошы. Толькі ці згодзяцца ўлады Гродна ўслед за калегамі з Вроцлава зрабіць народныя пратэсты мясцовых жыхароў турыстычным брэндам горада? Палякам на пераасэнсаванне пратэстных графіці і мітынгаў у турыстычныя цікавосткі і брэндавыя сувеніры спатрэбілася 20 гадоў.

Скульптуркі-красналюдкі з’явіліся на вуліцах Вроцлава на пачатку 2000-х як напамін аб пратэстных акцыях «сацыялістычнага сюррэалізму» пад кіраўніцтвам Вальдэмара Фыдрыха
Зараз у Вроцлаве малыя гномы-красналюдкі цікуюць за людзьмі з-за кутоў, вылазяць на сонца з-пад дамоў, сядзяць на падваконнях, чакаюць каля ўваходаў у крамы і гатэлі. Яны такія мілахі, што мімаволі хочацца да іх дакрануцца, сфатаграфаваць і даведацца аб іх гісторыі. І вось тут непадрыхтаванага турыста чакае неспадзянка. Аказваецца, вроцлаўскія красналюдкі прышлі не з народных казак, а з народнага супраціву сацыялістычным уладам у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Красналюдкі, як і людзі, маюць розныя здольнасці. Але гэта не перашкаджае ўсім разам падарожнічаць па горадзе і знаёміцца
Падняў хвалю баламуцтва ў Вроцлаве мастак Вальдэмар Фыдрых. З яго лёгкай рукі выявы гномаў у аранжавых каўпаках пачалі з’яўляцца на сценах будынкаў у знак пратэсту супраць камуністычнай улады. Аранжавы колер, паводле мастака, меў стварыць альтэрнатыву чырвонаму, што запаланяў прастору праз савецкія сцягі і транспаранты.

Самай вядомай акцыяй «Аранжавай альтэрнатывы» была дэманстрацыя на Свідніцкай плошчы, куды арганізатары заклікалі прыйсці ў касцюмах гномаў - у каўпаках ды плашчах аранжавага колеру. Паблюзнерыць на галоўнай плошчы выйшла многа людзей. Яны танчылі, весяліліся і ўвогуле паводзілі сябе як і належыць нармальным гномам. Нават спявалі дзецям калыханкі і раздавалі цукеркі.

Казачныя красналюдкі любяць дзяцей больш за дарослых. Яны прыходзяць, калі ў дзіцячай спальні гасне святло і расказваюць казкі. Але ў Вроцлаве пабачыць самага сапраўднага красналюдка можна і днём
Канечне, міліцыя заклікала разысціся і спыніць несанкцыянаваны сход. Канечне, прыехалі аўтазакі і супрацоўнікі пачалі хапаць гномаў. Тут гномы і самі праявілі нарэшце грамадзянскую пазіцыю — пачалі хапаць за шыварат адзін аднаго і таксама цягнуць да міліцэйскіх фургонаў. А калі машыны запоўніліся, пачалі абурацца, што ім не хапіла месца. Поспех акцыі і вялікі публічны рэзананс забяспечыла яе поўная абсурднасць: «Нельга сур’ёзна ставіцца да паліцэйскага афіцэра, каторы падчас допыту пытаецца, чаму вы ўзялі ўдзел у незаконным мітынгу гномаў», — каментаваў пазней Вальдэмар Фыдрых.
Красналюдкі могуць пасяляцца ў самых розных месцах горада. На шпацыры варта глядзець не толькі па баках, але і пад ногі, каб не пакрыўдзіць якога з малых жыхароў горада.
Праз два дзесяцігоддзі, у 2001-м, на той самай Свідніцкай красналюдкі з’явіліся ўжо на законных падставах. Тут усталявалі помнік «Аранжавай альтэрнатыве» — скульптурку бацькі-гнома аўтарства Олафа Бжэскага. Можна сказаць, што на тым канфлікт красналюдкаў з уладамі быў вычарпаны, а пратэстная частка гісторыі горада і краіны паступова ператварылася ў турыстычную цікавостку.

Горад ад такой супрацы толькі выйграў, бо красналюдкі прыносяць мясцовым уладам добры прыбытак. Уладальнікі крамаў, атэляў і кавярняў усталёўваюць забаўныя скульптуркі каля сваіх будынкаў і прыдумваюць смешныя гісторыі сваіх красналюдкаў, каб прывабіць турыста прыйсці ў гэта месца. Улады зарабляюць як мінімум на ўзгадненні формы скульптуры і выдачы дазволу на яе ўстаноўку. Для турыстаў яны — несумненная падстава як мінімум для здымка ці ўсмешкі.

Сучасныя красналюдкі дапамагаюць гораду ва ўсім. Вось гэты, напрыклад, працуе на добраўпарадкаванні наберажнай Одры, дзе любяць шпацыраваць гараджане і турысты
Зараз у Вроцлаве «жыве» каля 300 красналюдкаў. Прыезджым яны могуць нават замяніць гіда і без дапамогі людзей пазнаёмяць турыстаў з горадам над Одрай. Праз сайт красналюдкаў у сеціве можна знайсці маршруты шпацыраў ад красналюдка да красналюдка, ці рознага кшталту квэсты і заданні па іх пошуку. Таксама красналюдкі распавядаюць на сайце свае гісторыі і гісторыю горада на свой лад. Ды і сярод сувеніраў з Вроцлава забаўкі-гномікі займаюць вялікую долю. Каму ж не захочацца забраць з сабою частачку вясёлай магіі вольнага горада.
Замкнуць сваю любоў на мосце праз Одру хочуць шматлікія закаханыя пары. Калі цяжар замкнёных пачуццяў робіцца задужым, то ўлады замкі здымаюць. Аб гэтым папярэджваюць у мясцовай прэсе, каб ахвотныя маглі прыйсці у прызначаны час і забраць свае замочкі
Такім чынам, красналюдкі з’ядналі ў сабе і гісторыю «сацыялістычнага сюррэалізму», і памяць аб героях супраціву, і патрэбы сучаснага турыстычнага горада. Мяркую, такое магчыма толькі праз павагу і любоў да людзей — блізкіх і далёкіх. Мабыць, таму назву гэтага горада часам хочацца напісаць як Вроц-LOVE, каб, забіраючы з сабой сувенірнага красналюдка, пакінуць сваё сэрца ў яго надзейных руках.
Напэўна. многія турысты пакінулі свае сэрцы ў гэтым прыгожым і гасцінным горадзе. Красналюдак захоўвае іх у надзейных руках і шле вітанкі: з Вроцлава, з любоўю

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024