
Сядзіба Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску магла б застацца адной з руін, якіх шмат у Беларусі. Некалі тут была музычная школа і ўпраўленне калгаса, а потым яе беспаспяхова прадавалі з аўкцыёну. У 2013 годзе яе выкупіў расійскі бізнесмен беларускага паходжання Павел Падкарытаў. Турыстычны комплекс, адкрыццё якога ўсё бліжэй, можа прыцягнуць у мястэчка новых жыхароў і выратаваць яго ад вымірання. Сядзіба на беразе сажалкі бярэ гісторыю з пачатку 16 стагоддзя. Цягам вякоў тут змяняліся гаспадары: Клочкі, Дольскія, аж у канцы 19 стагоддзя сядзіба перайшла да фаміліі Бохвіцаў – выхадцаў з Польшчы. Яны тут жылі да 1939 года, пакуль Чырвоная Армія не арыштавала апошняга гаспадара маёнтка – Отана Бохвіца. Дзе ён загінуў – невядома. Магчыма, у Гродне, Ваўкавыску, або ў мінскіх Курапатах. Пасля вайны тут была музычная школа. У 70-х – упраўленне калгаса. У канцы 80-х сядзіба ўжо стаяла пустой, яе разрабавалі. Толькі ў 2010-х пачаліся спробы продажу. Новы гаспадар з’явіўся ў 2013 годзе.
Павел узгадвае, як даведаўся пра сядзібу: прачытаў артыкул у яшчэ папяровай “Нашай Ніве”. Сядзіба яму адразу спадабалася. Ён прыехаў, паглядзець і на наступным аукцыёне купіў. Аднаўленне ідзе шосты год. Працы ішлі марудна, бо не было дакументаў, інжынерных схемаў, планаў. Два гады сышлі на распрацоўку тэхдакументацыі і ўзгаднення праекта ў Мінкульце.
Дырэктар праекта Андрэй Колас працуе на месцы. Кажа, што яго праца творчая: прыдумваеш адзін дзень, а робіш два месяцы. Але гэты адзін дзень дае сілы. Зараз ён кантралюе будаўніцтва і займаецца распрацоўкай кампазіцыі. Працы ідуць трошкі павольна з-за недахопу досведу ў каманды і камунікацыі з дзяржавай. Андрэй кажа, лепш зрабіць не так хутка, але якасна.
Руіны стайні закансервавалі, зрабілі над імі навес, а ўнутры зрабілі павільёны, дзе будзе крама і кавярня. Атрымаўся такі “домік у доміку”. Падрыхтоўка ідзе: закуплена барная стойка і патрэбнае абсталяванне. А пад навесам плануюць зрабіць летнюю тэрасу. Зараз шукаюць спецыяліста, які б зрабіў вонкавы і ўнутраны дызайн.
Да адкрыцця адрэстаўруюць галоўную браму цэглай 19 стагоддзя. Цэглу возьмуць з агароджы і разабранай альтанкі. Увогуле, у маёнтак было пяць заездаў. Галоўным карыстаўся толькі гаспадар і ганаровыя госці.
– Гэты праект як ланцужок – усё чапляецца адно за адно, – расказваюць гаспадары. – Мы купілі маёнтак, сталі працаваць. Але ж людзі прыязджаюць – трэба прымаць. Зрабілі аграсядзібу. Сталі прыходзіць улады мясцовыя: “Ну вось сінагога ў нас там ёсць… Райспажыўсаюза. Купіце незадорага”. Купілі. Сінагога сапраўды каштоўная – канца 18 стагоддзя. Знаходзіцца ў суседняй вёсцы Ізабелін. Падчас падрыхтоўкі Дажынак яе маглі зруйнаваць. Цяпер уладальнікі шукаюць для стварэння праекта партнёраў, якім цікава яўрэйская спадчына. Таксама ў іх з’явіўся бровар каля Нізянаў – адна з 14 манафактур, якія тут былі ў 19 стагоддзі. Яго закансервавалі і чакаюць ідэй і партнёраў.
Увогуле, кажа Андрэй Колас, дзяржава не такая страшная, як яе малююць. За пяць гадоў сітуацыя марудна, але змянілася да лепшага: перасталі шмат штрафаваць, зменшылася колькасць праверак. Лягчэй стала, калі ўбачылі, што праца ў маёнтку ідзе. Сам маёнтак купілі на аукцыёне з паніжэннем цаны. Зараз на міні-аўкцыёне плануюць прыкупіць будынак былой пажарнай часткі. Ён адносіцца да комплекса будынкаў, проста яго не ўключылі тады ў гісторыка-культурную каштоўнасць. У далёкіх планах – узяць у арэнду сажалку, калі ўвесь комплекс будзе гатовы. І ўпарадкаваць яе. – Мы разумеем, што калі тут будзе шмат цікавых аб’ектаў, то і да нас больш людзей прыедзе. У Еўропе прынята развіваць не турыстычныя пункты, а дэстынацыі – рэгіёны. Спадзяюся, што і ў нас да гэтага прыйдзе і мы будзем перадаваць турыстаў адно аднаму, – кажа Павел. Таму ж ён падтрымліваў летам праект “Лютэранская спадчына”, які мае на мэце аднаўленне старых лютэранскіх і іудзейскіх могілак у Ізабеліне.
У камандзе пакуль пяць чалавек. У верасні іх стане 15. А калі ўсё запрацуе напоўніцу, будзе працаваць 60. Уладальнікі супраць аддаленай працы і кажуць, што ім патрэбны спецыялісты на месцы. Праца знойдзецца, кажуць яны. – Мясцовыя прыходзяць ледзь не кожны тыдзень. Усе хочуць вартаваць. Я кажу: “Вартаўнікі не патрэбныя” – “То тады прыбіральшчыкам”. Ніхто не хоча быць турагентам, экскурсаводам, прадаваць гамбургеры, – кажа Андрэй. Ён разумее, што спецыяліста цяжка прыцягнуць у вёску. “Трэба плаціць зарплату большую, чым у горадзе, разы ў паўтары. Ці забяспечваць транспартам, бо Падароск – мяжа двух абласцей, Гродна і Брэст роўнааддалены. Ніхто не паедзе працаваць за 400 рублёў”. Гаспадары супрацоўнічаюць са школай і далучаюць навучэнцаў да праекта. Андрэй яшчэ выкладае ў Ваўкавыскім каледжы маркетынг, менеджмент і эканоміку для студэнтаў. Там ён таксама прыгледжвае кадры. Студэнты будуць турагентамі, прадаўцамі, афіцыянтамі, бармэнамі. Пры тым Андрэй хоча іх зацікавіць, каб пасля адпрацоўкі яны не ўцяклі ў горад. Яму самаму падабаецца вясковае жыццё.
Павел Падкарытаў нарадзіўся на Урале у Екацерынбургу. Але бабуля яго з Віцебскай вобласці. Яна вышла замуж і пераехала на Урал. У Беларусь ён прыехаў толькі ў 2010 годзе. Вывучыў беларускую мову – кажа, нескладана. Фінансаваў культурніцкія і не толькі праекты. Сядзіба – адзін такі праект, яшчэ нейкую пацягнуць нерэальна. – Тут адчуваецца геній месца. Тут вельмі ўдала ўсё спалучылася. Шмат сядзібаў, якія ёсць у Беларусі, у горшым стане. Тут захаваўся і сам палац у тым выглядзе, у якім быў. Парк не знішчылі, агароджа засталася гістарычная. Тэрыторыя сядзібы захавалася такой, як была. Можна аўтэнтычна паказаць гэтае месца, – тлумачыць Павел, чаму выбраў менавіта Падароск.
– У кожнага свой пункцік. Хтосьці набывае яхты маторныя. А мне хочацца, каб тут было такое месца. Я шмат паездзіў і бачыў, як да гэтага ставяцца ў іншых краінах – нават у суседніх Літве, Польшчы, Эстоніі. Мне проста крыўдна, што ў Беларусі такога няма. Што доўгі час пазіцыянавалася, што ў краіне з такім багатым культурным і гістарычным патэнцыялам нічога цікавага няма. Пакуль можна яшчэ адрадзіць, думаю, што гэта будзе цікава і карысна тым, хто жыве ў Беларусі. Тут я проста ўбачыў магчымасць зрабіць унёсак, каб гэта засталася надоўга і не знікла, як знікаюць маёнткі – груда цэглы застаецца, – расказвае Павел. Запуск праекта плануецца ў лістападзе, афіцыйнае адкрыццё – у сакавіку. А ў гаспадароў ужо новыя мары. Яны ўжо плануюць, як будуць ладзіць фэсты і мерапрыемствы. Ці завядуць коней, цяцерачак і перапёлак.
Напрыканцы года рэдакцыя Hrodna.life традыцыйна падводзіць вынікі падзей у Гродне і рэгіёне. У 2025 годзе…
Аднойчы беларус атрымаў 1500 долараў толькі за тое, што ведаў пра паліндром. Гэта такія словы…
У канцы года Hrodna.life традыцыйна ўспамінае тых, для каго 2025-ы стаў апошнім. Сярод іх -…
“Эстонцы працягваюць раскопваць магілы”, — паведамляе праўладная “Гродзенская праўда”. Чаму дзяржаўнае выданне крытыкуе раскопкі за…
Гродна крыху прыпарушыла снегам. Сіноптыкі абяцаюць, што ў пераднавагоднія дні чакаюцца снег, галалёдзіца і тэмпература…
Дзверы, за якімі пачынаўся заапарк і дзверы, за якімі нарадзіліся многія гродзенцы. Дзверы, як у…