Людзі і справы

На вуліцы грошы ніхто не збірае: як вызначыць махляра, які нажываецца на хворых дзецях

Чалавек з партрэтам дзіцяці стаіць на вуліцы і просіць грошы на лячэнне. Добразычлівыя грамадзяне не могуць прайсці міма і ахвяруюць невялікую суму. Вось толькі той, хто рэальна патрабуе дапамогі, атрымае ў лепшым выпадку капейчыну. Карэспандэнт Hrodna.life пагутарыў з адной з такіх махлярак, а таксама з міліцыяй і рэальнымі дабрачыннымі арганізацыямі, каб высветліць — як не трэба дапамагаць хворым.

Медычная ўстанова не існуе, па тэлефоне — звычайная кватэра

Жанчыну цыганскай знешнасці з фатаграфіяй дзіцяці мы сустрэлі каля сабора на вуліцы Ажэшкі. Там яна з’яўляецца некалькі разоў на тыдзень, кажа што прыязджае на цягніку. З яе слоў, яна бежанка з Украіны, прыехала ў Беларусь тры месяцы таму і з гэтага часу яе дзіця знаходзіцца на лячэнні ў Бараўлянах.

«Міленькія, я на лячэнне збіраю, у мяне нават дакумент ёсць. Калі б я людзей падманвала, я б так не стаяла. Бог усё бачыць», — пераконвае жанчына з фатаграфіяй.

У заламінаваным дакуменце аб хваробе дзіцяці, які паказвае жанчына, напісана неіснуючая медыцынская ўстанова з назвай на ўкраінска-рускай трасянцы. Пазваніўшы па пададзеным нумары тэлефона, мы патрапілі ў звычайную віцебскую кватэру, гаспадары якой ад навіны пра збор грошай для хворага дзіцяці былі ў шоку. Сама жанчына з абвесткай кажа, быццам не разумее зместу дакумента. Маўляў, неадукаваная, а паперу выдалі ў шпiталi.


Жанчына распавяла, што яе ўжо некалькі разоў правярала міліцыя і прэтэнзій да яе не мела.

Што кажуць у міліцыі?

Ва УУС гродзенскага аблвыканкама распавялі: калі грамадзяне звяртаюцца, міліцыя заўсёды праводзіць праверку. І калі ў ходзе праверкі высвятляецца, што чалавек займаецца махлярствам, то з ім пачынаюць разбіральніцтва. Але менавіта на гэтую жанчыну ніякіх заяваў не паступала.

На вуліцы ніхто не збірае грошы

Многія махляры стаяць з сапраўднымі фатаграфіямi дзяцей і рэальнымі гісторыямі. Аднак бацькі хворых дзяцей аб зборах сродкаў нічога не ведаюць і ніякіх дазволаў на зборы на вуліцы не даюць.

Дырэктар гродзенскай дабрачыннай арганізацыі Цэнтр ПОРА Ганна Ждановіч распавяла, што бацькі хворых дзяцей ніколі не iдуць на вулiцу, каб збiраць грошы.

«Мамы знаходзяцца побач з дзецьмі ў шпіталях або дома, а дапамогі шукаюць праз звароты ў арганізацыі, праз стварэнне груп у сацыяльных сетках, дзе выкладаюць пацвярджаючыя дакументы і кантакты, па якіх гэтыя дакументы можна праверыць. Таты адчайна працуюць, бабулі і дзядулі, цёткі і дзядзькі падымаюць усіх сваякоў. Ніхто, акрамя махляроў, не ходзіць па дамах, не cтаіць пад крамай з фатаграфіяй дзіцяці.

Цяпер, у наш інфармацыйны век, эфектыўнейшыя іншыя інструменты. Зборы на лячэнне вядуць праз дабрачынныя рахункі, адкрытыя на імя бацькоў хворага дзіцяці або праз дабрачынныя арганізацыі".

Махлярскія схемы дыскрэдытуюць ідэю дабрачыннасці

На думку валанцёраў дабрачынных арганізацый, людзі, якія раздрукоўваюць здымкі з рэальнымі дадзенымі хворых дзяцей і стаяць на вуліцы, паступаюць несумленна. Такія людзі звычайна маюць торбу ці пакет, куды даверлівыя мінакі кладуць грошы.

Часта махляры нават не парушаюць законаў, бо проста моўчкі стаяць з таблічкай, а людзі самі кідаюць ім грошы. Калі міліцыя пачынае праверку дзіцяці, на якога збіраюць сродкі, то можа сутыкнуцца з сапраўднай гісторыяй. Як правіла, мінімальную частку выручкі махляры сапраўды пераводзяць дзецям, а большасць сумы забіраюць сабе. Такія махлярскія схемы дыскрэдытуюць сапраўдныя ідэі дабрачыннай дапамогі дзецям у цяжкiм становiшчы.


Гродзенскія валанцёры і Hrodna.life рэкамендуюць не даваць грошы людзям з партрэтамі хворых дзяцей на вуліцы, у грамадскім транспарце або ў іншых месцах. Лепш за ўсё дапамагаць праз легальныя дабрачынныя фонды з добрай рэпутацыяй. Ідэальна ж — перадаваць грошы наўпрост бацькам хворых дзяцей.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024