«Руіны не ўспрымаюць пазітыўна». Стары замак і Каложа атрымалі дыпломы на міжнародным архітэктурным конкурсе

Рэстаўрацыя Старога замка ў Гроднt атрымала дыплом на конкурсе Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў (МАСА) у Тбілісі. Таксама дыпломам адзначылі капітальны рамонт Каложскай царквы, завершаны ў 2018 годзе. Абодва аб’екты прадстаўлены ў намінацыі «Архітэктурнае спадчына» ў раздзеле рэалізаваных праектаў.

Усяго на 28-м Міжнародным аглядзе-конкурсе МАСА на лепшую праектную і рэалізаваную працу беларусы атрымалі аж девять узнагародаў. Яшчэ адзін дыплом першай ступені, але ўжо ў раздзеле «Праект», дастаўся памятнаму знаку ў Слуцку. Ён будзе прысвечаны знішчанай габрэйскай супольнасці.

Конкурс МАСА праводзіцца штогод сярод прафесійных саюзаў архітэктараў краін СНД, Грузіі і Сербіі. МАСА — член Міжнароднага саюза архітэктараў. Асацыяцыя заснавана ў 1992 годзе, цяпер яна аб’ядноўвае 16 саюзаў архітэктараў, у тым ліку і беларускі. Агляд-конкурс найлепшых праектаў (пабудоў) года з’яўляецца галоўным мерапрыемствам асацыяцыі. У ім удзельнічаюць архітэктурныя праекты, якія ўжо заваявалі ўзнагароды на мясцовых конкурсах.

Выканаўца абодвух праектаў з Гродна, адзначаных на конкурсе, — інстытут «Гроднаграмадзянпраект».

«Тое, што рэалізацыя праекта атрымала такую ўзнагароду, азначае прызнанне — не толькі ў Беларусі, але і за мяжой», — патлумачыла Hrodna.life навуковая кіраўнічка і галоўная архітэктарка праекта абнаўлення Каложскай царквы, супрацоўніца «Гроднаграмадзянпраекта» Алена Шчасная.

Чытайце таксама: Алена Шчасная: «Я — архітэктар па жыцці»

«Гэта значыць, што мы рухаемся ў нармальным сусветным рэчышчы, ўжываем міжнародныя прынцыпы. Пры Савецкім саюзе было адставанне ў плане архітэктуры — не было ўзаемасувязі з іншымі краінамі, людзі мала выязджалі, мала бачылі. Цяпер мы больш інтэграваныя, бачым, што робяць у Польшчы, у Францыі. Рашэнні, якія мы закладваем, — у рэчышчы сучаснага рэстаўрацыйнага падыходу», — распавяла яна.

Алена Шчасная — адна з гераінь кнігі «Гарадзенкі» пра сучасных і гістарычных жанчын, якія змяняюць горад і свет вакол сябе. Выданне падрыхтавана Hrodna.life.

Капітальны рамонт Каложскай царквы выклікаў шмат спрэчак на этапе абмеркавання. У тым ліку былі планы выкарыстоўваць для абнаўлення драўлянай часткі будынка газасілікатныя блокі. У выніку драўляныя элементы царквы ўсё ж выканалі з дуба.

Рамонт Каложы — ювелірная праца без вау-эфекта

Каложская (Барысаглебская) царква, капітальны рамонт якой скончылі да 2019 годзе пад кіраўніцтвам Шчаснай, — намінант на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА. Гэта накладвае абавязацельствы пры рэстаўрацыі выконваць міжнародныя правілы. Такіх аб’ектаў цяпер у Беларусі ўсяго тры: Аўгустоўскі канал, Барысаглебская царква і Спаса-Праабражэнская царква ХІІ стагоддзя ў Полацку. Спіс пераглядаюць кожныя 10 гадоў.

Абноўленыя драўляныя элементы

«Самае галоўнае было звычайным капітальным рамонтам не сапсаваць унікальнасць аб’екта. Напрыклад, калі б мы ўжылі газасілікат, які прапаноўвалі, не было б сэнсу наогул далей нешта рабіць».

У 2019 годзе праект капітальнага рамонту Барысаглебскай царквы заваяваў дыплом першай ступені на Нацыянальным архітэктурным фестывалі.

Чытайце таксама:

Узнагарода 2020 года ад МАСА стала для Алены трохі нечаканай. Архітэктарка патлумачыла, што рамонт Каложы быў хутчэй ювелірнай працай, якая не магла быць ацэненая занадта высока: знешнія змены не былі такімі рэзкімі, як, напрыклад, у замка. «Калі падаеш такое мінімальнае апісанне, і няма бачнага ваў-эфекту, — такія аб’екты не заўсёды могуць заваяваць нейкія ўзнагароды. На конкурс часцей падаюцца больш эфектныя аб’екты. У нас былі сціслыя тэрміны, абмежаванае фінансаванне».

«З замкам іншая сітуацыя»

На конкурсе МАСА ў раздзеле «Пабудова» (рэалізаваныя праекты) у намінацыі «Архітэктурная спадчына» ўлічваюць кароткае апісанне аб’екта, якія работы былі праведзены, у які перыяд, фота стану да і пасля работ. Стары замак атрымаў высокую ацэнку на міжнародным конкурсе, хоць ужо шмат гадоў выклікае дыскусіі архітэктараў і гісторыкаў у Беларусі і Польшчы.

Дыплом першай ступені атрымалі гродзенскія архітэктары за рэалізацыю першай чаргі рэканструкцыі Старога замка

«З замкам крыху іншая сітуацыя. Знутры мы ведаем больш. Руіны, іх кансервацыя, як у Крэўскім замку, наогул успрымаюцца не заўсёды пазітыўна. Гэта такі аб’ект, які, здаецца, ёсць, і быццам яго няма. Звычайнаму наведвальніку, не археолагу, яго цяжка ўспрымаць. Недакладнасці пры аднаўленні ж ёсць на любым аб’екце. У выпадку аднаўлення журы конкурсу бачыць, што было і што стала», — патлумачыла архітэктарка.

Чаму выбралі спрэчны Стары замак

Для замка ў конкурсе вялікім плюсам стала тое, што аб’ект будзе выкарыстоўвацца, у ім размесцяць музейную экспазіцыю. Паводле статыстыкі, большая частка музейных калекцый у свеце размяшчаецца ў запасніках, людзі ж бачаць толькі 10%.

Чытайце таксама:

«Любое павелічэнне выставачных плошчаў заўсёды плюс — і для музея, і для гараджан, і для турыстаў. Афармленне экспазіцыі было ўжо, мякка кажучы, састарэлае. Улічваючы тое, што культура — не толькі ў нас — фінансуецца па рэшткавым прынцыпе, да гэтага б дайшлі рукі няхутка. Для музея жыць у пастаянным чаканні і не атрымліваць грошай нават на бягучы рамонт, бо плануецца буйны — цяжка».

На працы ў замку Алена глядзіць з аптымізмам. «Нельга разглядаць толькі мінусы. Рэстаўрацыйныя нюансы зразумелыя спецыялістам. Я бачу, што многае зрушылася. Напрыклад, была крытыка сграфіто — і іх мянялі. Хоць гэта няпроста, тэхналогія патрабуе збіць ўсе пласты тынкоўкі і рабіць нанова. Але калі на гэта пайшлі, пачулі - можна казаць аб падабенстве дыялогу, зменах у станоўчы бок».

Працы на Старым замку пачаліся з 2017 года. Зараз рэканструкцыя выканана на 18%, паведамлялі на «Гродно Плюс». Асноўны ўпор робіцца на аздабленне. Амаль скончаныя працы па кладцы падлог, тынкоўцы і правядзенні лініі ўнутранай сувязі. Да другой чаргі рэканструкцыі плануюць прыступіць з новага года.

Чытайце таксама: У Гродне прыбралі пасаду галоўнага архітэктара. Як гэта паўплывае на горад

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024