Як адзначыць Каляды сям’я літоўскага консула ў Гродне, ці навошта на стале пакідаюць шклянку малака

За некалькі дзён да Калядаў у Вільні пахне яблычнай гарбатай, мандарынамі і карыцай, а з вокнаў дамоў вызіраюць анёлы. Генеральны консул Літвы ў Гродне Генадзіюс Мацкеліс і яго жонка Нерынга Мацкелене збіраюцца сустрэць Каляды дома, у Вільнюсе. Аб літоўскіх традыцыях свята і аб тым, што пададуць да сямейнага стала на Куццю, яны распавялі Hrodna.life.

Цуды павінны здарыцца з кожным

«Для літоўцаў Каляды — асабістае, сямейнае свята. Сустракаем яго з самымі блізкімі, з кім разам ідзеш па жыцці, — кажа Генадзіюс. — Раней ездзілі да бацькоў. Цяпер шмат гадоў яны прыязджаюць да нас. У Кіеў, Варшаву — дзе б мы не працавалі. Дарога з Гродна кароткая, таму зараз звычайна збіраемся дома».

«У класе, дзе вучыцца малодшы сын, пякуць пірожныя, печыва. Сёлета — спецыяльна для адной непальская дзяўчынкі, каб яна магла вучыцца. Напяклі ўжо на 400 еўра, — распавядае Нерынга. — Дзеці на ўроках робяць цацкі з воўны, мастацкія паштоўкі. Яшчэ яны ўвесь час наведваюць дом састарэлых, дом дзіцяці. Даюць там канцэрты. Так з’яўляецца разуменне: трэба нешта рабіць, а не толькі атрымліваць».

З Еўрасаюза прыйшла зімовая дабрачынная кампанія — вядомыя людзі раздаюць суп тым, хто ў нястачы.

Генадзіюс: «Сёлета ў Брусэлі 5 шэф-кухароў з рэстаранаў з мішленаўскімі зоркамі гатавалі для бедных. У Літве з апалонікамі стаяць, разліваючы суп, знакамітыя людзі - палітыкі і нават прэзідэнт».

Аўсяны кісель, селядзец з цыбуляй і імбірнае печыва

У Генадзіюса і Нерынгі трое дзяцей. Сям’я вялікая, таму плануюць свята, размяркоўваюць абавязкі загадзя. Пакуль мы размаўлялі ў Гродне, дома ў Вільні дачка з братам упрыгожвалі ёлку.

«У дзяцінстве я не любіла Куццю (ноч напярэдадні Калядаў 24 снежня). Посная ежа здавалася нясмачнай. Скажыце, хто з дзяцей любіць селядзец з цыбуляй ці аўсяны кісель? Цяпер імкнуся нешта перарабіць, але галоўная кулінарная традыцыя застаецца: на калядным стале павінна быць 12 посных страваў», — распавядае Нерынга.

Сярод абавязковых — густы аўсяны кісель (Нерынга трансфармавала яго ў кісла-салодкі журавінавы), вінегрэт з фасоллю і чырвоным бураком, квашаная капуста з ільняным алеем, макавае малако. Рэцэпт макавага малака просты, але з гісторыяй: мак заліваецца цёплым малаком, пасля пераціраецца з цукрам. Затым дадаецца вада і кучукай (кубікі з дражджавога цеста).

«Кучукай наразаецца батончыкамі. Звычай яшчэ ад паганства. Раней было шмат багоў, усім патрэбныя ахвяры. Але ўсім каравай не пакладзеш, таму і дзялілі на маленькія буханачкі, каб кожнаму богу хапіла. Зараз кучукай у макавым малацэ — гэта калядны дэсерт», — усміхаецца Нерынга.

Традыцыйна гатуюць тонкія піражкі з грыбамі і макам. Яны падаюцца цёплымі.

Нерынга: «У апошні момант усё адбываецца: я раблю піражкі, а старэйшы сын іх абсмажвае у алеі. Але і гэтую традыцыю мадэрнізавалі, цяпер пяку піражкі са слаёнага цэста ў духоўцы. Замест карпа гэтым разам будзе шведскі пірог з ласосем, замест селядца — рольмопсы».

Напярэдадні свята Божага Нараджэння прыходзіць час імбірнага печыва. Працэс прыгатавання — сямейны, у кожнага свае абавязкі: «Мёд з маслам расмешваюцца, дадаецца гваздзіка, карыца, сушаны імбір, мука, абавязкова перац чорны, цукар. Робім ёлачкі - іх потым на ёлку вешаем, анёлаў, зоркі, падарункі. Калі цеста добрае — атрымліваюцца алені, калі не вельмі, кудысьці знікаюць рогі, тады мы пераходзім на снегавікоў».

Лісты Дзеду Марозу

На Куццю сям’я збіраецца за святочным сталом. Пачынаецца святочная вячэра з традыцыйнага дзялення аплаткам — каляднай вафляй.

Нерынга: «Першым абавязкова дзеліцца самы старэйшы член сям'і, у нас гэта бабуля, і кажа пажаданні. Потым усе астатнія, кожны адломлівае па кавалачку».

Генадзіюс: «Падарункі адкрываем толькі 25 чысла. Звычайна гэта кнігі, падпіскі на часопісы, канструктары. Мамы адорваюць нас шкарпэткамі і пальчаткамі хэндмэйд. У мінулым годзе я атрымаў верш ад Санты. Напісаны добра, і почырк знаёмы».

Нерынга: «Яшчэ нядаўна малодшы сын верыў, што казка існуе. Кожны год ён ведаў, што не засне і абавязкова ўбачыць Санту, бо раніцай пад елкай аказваліся падарункі з адпраўленага яму ліста, а шклянка малака, якую мы пакідалі для пачастунка на стале, была заўсёды пустая і ад печыва заставаліся толькі крошкі».

Генадзіюс: «Сын піша лісты Дзеду Марозу дагэтуль і атрымлівае адказы нешаблонныя. Але з Сантам ён усё ж такі пазнаёміўся, усіх дзяцей удалося нам звазіць у Лапландыю, нават на Каляды там неяк былі».

Сямейныя, душэўныя вечары

Нерынга: «Калі працягваць казаць пра кухню, то 25 снежня, на Каляды, маем позні сямейны святочны абед, які за размовамі можа працягвацца да раніцы. Стравы на стале ўжо не посныя. У гэтым годзе замест традыцыйнага гусака будзе ягня. Мяса ўжо марынуецца ў гранатавым соку з цыбуляй, часныком, мятай і размарынам. Да ягня — кракеты з бульбы, гарачая салата з брусэльскай капусты з вінаградам і міндалем».

Генадзіюс: «Сямейныя, душэўныя вечары, доўгія размовы, якіх хапае на цэлы год».

Апошнія запісы

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024