Спадчына

Хто такі Аляксей Карпюк і чаму пра яго памятаюць гродзенцы

Аляксей Карпюк — беларускі пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якому 14 красавіка 2020 споўнілася б 100 гадоў. Год таму ў Гродне ў яго гонар павесілі шыльду. Яе ўсталявалі па ініцыятыве сваякоў пісьменніка, зрабіў яе вядомы скульптар Уладзімір Панцялееў.

Кім быў Карпюк і чаму да сёння пра яго памятаюць у Гродне?

Аляксей Карпюк — адзін з самых знакамітых беларускіх пісьменнікаў, якія жылі ў нашым горадзе. Нарадзіўся ён 14 красавіка 1920 г. у беларускай сялянскай сям'і ў вёсцы Страшава недалёка ад Гарадка на Беласточчыне (цяпер Польшча).

Родны дом Карпюкоў, вёска Страшава, якая цяпер знаходзіцца ў Польшчы каля Беластока
Бацька будучага пісьменніка Нічыпар Карпюк быў членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, неаднаразова арыштоўваўся. Аляксей Карпюк скончыў пачатковую школу ў Гарадку, адзін год у 1938 — 1939 гг. навучаўся ў Вільні. Па слядах бацькі Аляксей уступіў у падпольны Камсамол Заходняй Беларусі.
Юны Аляксей Карпюк разам з бацькамі, 1930-я гады

Аляксей (другі злева) сярод сваіх сяброў камсамольцаў Заходняй Беларусі
Вучні педвучылішча ў Навагрудку за некалькі дзён да вайны. Такія хлопцы стваралі партызанцкія атрады

Спланаваў і здзейсніў уцёкі з канцлагера

У 1940 — 1941 гг. Аляксей Карпюк навучаўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У пачатку вайны браў удзел у барацьбе з фашысцкімі дыверсантамі ў ваколіцах Навагрудка, далей вырушыў на ўсход, аднак аказаўся ў так званым Навагрудскім катле і вымушаны быў прабірацца ў родную вёску Страшава. У Страшаве ўся сям’я Карпюкоў (Аляксей Карпюк, яго маці, бацька і брат) дапамагалі акружэнцам, прынялі ўдзел у стварэнні першых савецкіх падпольных структур і партызанскіх груп на Беласточчыне. У канцы 1942 г. па падазрэнні ў супрацы з падполлем Аляксей Карпюк і яго брат былі арыштаваны і скіраваны ў канцлагер Штутгоф недалёка ад Гданьска.

Знаходзячыся ў нечалавечых умовах фашысцкага лагера, Аляксей Карпюк самастойна спланаваў уцёкі і восенню 1943 г. збег з лагера. Недалёка ад лагера ён сустрэў ваеннапалоннага англічаніна і палякаў-парабкаў, якія перапранулі яго ў грамадзянскую вопратку і забяспечылі грашыма, каб дабрацца да Беласточчыны.

Пасля ўцёкаў са Штутгофа Аляксей Карпюк знаходзіцца ў партызанцкіх атрадах у ваколіцах Гута-Міхаліны каля Ружан. Пасля ён сустракаецца з байцамі прысланай з неакупаванай тэрыторыі спецыяльнай групы пад камандаваннем Вайцяхоўскага. Група ў хуткім часе была пераўтворана ў партызанскую брыгаду імя Кастуся Каліноўскага, а Аляксей Карпюк быў прызначаны камандзірам партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага ў складзе аднаіменнай брыгады.

Праўнукі касінераў Кастуся Каліноўскага, Аляксей Карпюк другі справа
Функцыі камандзіра атрада Аляксей Карпюк выконваў да вызвалення летам 1944 года. У атрад уваходзіла каля 60 байцоў. За гэты час атрад пусціў пад адхон тры фашысцкія цягнікі з тэхнікай і жывой сілай, здзейсніў атакі на некалькі нямецкіх гарнізонаў. У ліпені 1944 г. атрад імя Кастуся Каліноўскага ўзяў у палон некалькі дзясяткаў гітлераўцаў, шмат стралковай зброі і вайсковага рыштунку.

Дабраахвотна пайшоў на фронт, атрымаў узнагароды ад СССР і Польшчы

Пасля вызвалення Беларусі Аляксей Карпюк атрымаў бронь ад вайсковай службы і накіраванне ў Гродзенскае РАНА на працу. Аднак восенню 1944 г. адмовіўся ад вайсковай броні і добраахвотна пайшоў на службу ў Савецкую Армію. З 1 лістапада 1944 г. браў удзел у баях супраць фашыстаў у складзе 756 стралковага палка 150 стралковай Бярлiнска-Iдрыцкай дывізіі 79 стралковага корпуса. Быў наводчыкам 76-міліметровай гарматы. Вызначыўся пад час Вісла-Одэрскай аперацыі, калі агнём сваёй гарматы знішчыў дзясяткі фашысцкіх салдат і некалькі самаходных гармат праціўніка.

Аляксей Карпюк з сябрам у Берліне
Удзельнік штурма Берліна. Быў двойчы паранены. 30 красавіка 1945 г. пад час узяцця Рэйхстага атрымаў вельмі цяжкае асколачнае раненне лёгкага, да канца лета 1945 г. знаходзіўся на лячэнні ў вайсковым шпіталі ў Познані. Страціў частку лёгкага, некаторыя асколкі былі дастаныя з яго лёгкага толькі ў канцы 1940-х гг., калі па рэкамендацыі старшыні гродзенскага абкама партыі Сяргея Прытыцкага Карпюка паклалі ў шпіталь у Маскве ў iнстытуце iмя Склiфасоўскага і правялі аперацыю.
Артылерыст Карпюк (справа) у дзень свайго ранення. Берлін, красавік 1945 года
За ўдзел у баях Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Карпюк атрымаў шматлікія дзяжаўныя ўзнагароды: Ордэны Чырвонага Сцяга, Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, медалі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» І ступені, «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй». Як адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Беласточчыне, Карпюк быў узнагароджаны вышэйшай вайсковай узнагародай Польскай Народнай Рэспублікі - крыжам «Віртуці Мілітары».
З баявымі сябрамі, шпіталь у Познані, лета 1945 года
Пасля вайны Аляксей Карпюк вучыўся ў Гродзенскім педагагічным інстытуце. Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага РАНА, дырэктарам школы ў Біскупцах на Ваўкавышчыне. З канца 1940-х гг. актыўна друкаваўся. Першая аповесць — «У адным інстытуце» прысвечана аднаўленню пасляваеннага Гродна студэнтамі педагагічнага інстытута. У 1960 г. апублікаваў раман «Данута», які лічыцца адным з класічных твораў рэалістычнай прозы, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Іншыя яго творы «Пушчанская адысея», «Чаго мы вартыя», «Карані», «Сучасны канфлікт», «Белая Дама» — цалкам або часткова прысвечаныя нашаму гораду.

Узначальваў аддзяленне саюза пісьменнікаў і музей рэлігіі

У 1960-х — 1980-х гг. узначальваў гродзенскае аддзяленне саюза беларускіх пісьменнікаў. Той час быў найлепшым для пісьменніцкай арганізацыі нашага горада. Тады ў яе ўваходзілі Данута Бічэль-Загнетава, Васіль Быкаў, Аляксей Пяткевіч, Юрка Голуб і многія іншыя. Быў адным са стваральнікаў і першым дырэктарам гродзенскага музея гісторыі рэлігіі. На гэтай пасадзе сустракаўся з мітрапалітам Філарэтам, спрыяў перадачы Каложскага храма праваслаўнай царкве ў канцы 1980-х гг. Планаваў стварыць музей Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, да якой належаў яго бацька. Аляксей Карпюк карыстаўся вялікім аўтарытэтам гродзенцаў, выступаў у рабочых калектывах, сярод школьнікаў, вайскоўцаў.

Быў асабіста знаёмы з першым сакратаром ЦК КП (б)Б Пятром Машэравым. У 1980 г. атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР. Лаўрэат Лiтэратурнай прэміі Саюза пiсьменнiкаў БССР iмя I.Мележа 1986 г. за кнiгу «Каранi».

Памёр Аляксей Карпюк 14 ліпеня 1992 г. Пахаваны ў Гродне на могілках па праспекце Касманаўтаў.

Адна з вуліц Гродна носіць імя Карпюка.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024