Людзі і справы

Гродзенец шые гістарычныя сукенкі і вучыць танцаваць, як 100 гадоў таму

Мікіта Іваноўскі - будучы мастак. Ён вучыцца ў Гродзенскім каледжы мастацтваў. Вольны час юнак прысвячае гістарычным танцам ХІХ стагоддзя. Каб браць удзел у балях, ён вывучае гісторыю касцюма і этыкет эпохі, а таксама ўласнаручна шые сукенкі для сваёй партнёркі. Сёлета Мікіта асвоіць і ролю выкладчыка: будзе весці клуб гістарычных танцаў ва Універсітэце Залатога Веку.

«Год таму з сябрамі-студэнтамі мы ездзілі на адкрыццё музея Агінскага ў Залессе. Мы збіраліся маляваць і быць гасцямі імпрэзы», — узгадвае Мікіта. Каб больш ярка прадставіць там студэнтскую суполку, ён вырашыў пашыць сукенку для сваёй сяброўкі. Да гэтай пары хлопец ніколі не шыў і нават не ўяўляў сабе як гэта робіцца. Выкрайкі знайшоў у інтэрнэце, швейную машынку пазычыў у прыяцельніцы і ўзяўся за справу. Хутка сукенка паводле моды двухсотгадовай даўніцы была гатова.

Немагчыма абуцца, паправіць сукенку ці проста прысесці

«Выглядае строй вельмі прыгожа і жаноцка. Увесь дэкор ліфа гэта ручная работа. Без упрыгожванняў сукенка не была б такой адметнай, — кажа Мікіта. — Дзяўчына ў такой сукенцы адчувае сябе зусім не так, як у сучасным строі. Найперш таму, што сукенка мае карсет».

Віалета Халенжанкова, што вучыцца ў каледжы на аддзяленні харэаграфіі, кажа, што танцаваць у гістарычнай сукенцы таксама няпроста — карсет стрымлівае дыханне. Не дзіва, што дама магла страціць прытомнасць наўпрост «сярод шумнага балю».

«У такім строі немагчыма абуцца, паправіць сукенку ці нават проста прысесці на стул без старонняй дапамогі. «Даме ўвесь час дапамагаў кавалер», — тлумачыць Мікіта. Апроч таго, кавалер мусіў сачыць, каб сукенка не загарэлася ад свечак — пышныя сукенкі былі вельмі пажаранебяспечнымі.

Строі і этыкет сталі часткай жыцця

Агульная ўвага да строя натхніла хлопца займацца гісторыяй касцюма глыбей. А калі даведаўся пра касцюмаваныя балі, што праводзяцца ў Мінску і Барысаве, пачаў яшчэ і вучыцца танцаваць. Зараз гісторыя эпохі - строі і этыкет ХІХ стагоддзя — сталі часткай паўсядзённага жыцця Мікіты.

«Калі пачаў танцаваць, то найперш прышлося сачыць за асанкай. Раней сядзеў сабе ссутуліўшыся і маляваў, нікога не чапаўшы. А на балі так нельга. Трэба трымацца годна. З выпрастанай спіной мімаволі адчуваеш сябе інакш».

Горад гістарычны, ён натхняе

Досведам і ведамі звязанымі са сваім хобі Мікіта вырашыў падзяліцца са студэнтамі Універсітэта Залатога Веку. Штотыдзень тут будуць праходзіць заняткі па гістарычных танцах і этыкеце. На думку Мікіты, да вясны яго навучэнцы асвояць танцы і пашыюць строі. «У нас такі горад гістарычны, ён натхняе. Нават дзіўна, што да гэтай пары такога не было».

Ён марыць, каб на выпускным станцаваць са сваімі навучэнцамі ў Новым замку. Пакуль жа будуць балі у Мінску і Барысаве, дзе ў навічкоў будзе магчымасць прадставіць свае першыя поспехі дасведчанай публіцы.


Праект «Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз адукацыю, актывізацыю і валанцёрскую дапамогу» рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем «Цэнтр «Трэці сектар» і прафінансаваны Фондам «Памяць, адказнасць і будучыня» (EVZ) у межах праграмы «Месца сустрэчы: дыялог». Арганізатар праграмы ў Беларусі - міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемапаразуменне».

Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024