Людзі і справы

Горват расказаў гродзенцам, чаму «Радзіва не цілівізар». А яшчэ пра казу і ката

Прыязджаў Горват. Расказаў пра «Радзіва». Ну як, расказаў. Тое-сёе, адно што не абцугамі выцягваць прыйшлося. Паляшук, адно слова.

Радзіва, кажа, справа сур’ёзная. Гэта вам не «цілівізар», не шоў «за шклом». І, кажа, не чакайце надта разумных адказаў. Я так адразу не магу, каб разумна. От буду ў маршрутцы дахаты ехаць, тады я ўжо о-го-го якія прыгожыя адказы на вашы пытанні прыдумаю! І у фэйсбуку напішу. А пакуль прымайце, які ёсць.

То прымалі. Ахвотных пагаварыць з аўтарам у нядзелю 3 лютага набралася поўная зала. «Радзівафікацыя» Гродна ўдалася.

«Перадайце ў цэнтр — урбанізацыя адмяняецца»

Хто не ведае Андрусіка-Іванавіча-ой-як-схуднеў-Горвата, хай лепш не кажа пра тое ўголас. Ну як жа не ведаць? Хто двор ля Купалаўскага мёў? А хто прэмію «Дэбют» сёлета атрымаў? А ў каго каза Цёця і цёця яшчэ тая каза? Ну то от.

А пачыналася ўсё вельмі проста. Вярнуўся хлопец з Мінску, «дзе ўсе людзі памытыя», на вёску, у дзедаву хату. Думаў, будзе ў школе настаўнічаць і на «першабытна-абшчынны лад» гаспадарыць. Завёў сабе казу і ката. З выгодаў меў калодзеж на падворку і прыбіральню ў канцы гарода.

«Унутранаму этногафу было цікава перажыць такі лад жыцця. Адчуць, як пранікам мылі бялізну і тым вядром вады абыходзіліся. Я гэта перажыў, маю такі вопыт. Але цяпер банальна патрэбны бытавыя ўмовы. Калі іх няма, гэта не значыць, што месца мне не падыходзіць. Проста трэба гэта для сябе зрабіць».

І ванны пакой, і «нармальная прыбіральня», паводле Андруся, да вясковай хаты нармальна дапасуюцца. «Гэта будзе парыў шаблонаў. Я люблю спалучаць такія рэчы. Інтэр'ер таксама спачатку быў вясковы. Цяпер я напаўняю яго сваім, новым. Пасля падарожжа ў Еўропу чымсці еўпарейскім. Атрымліваецца вельмі цікавы мікс. Простыя бярвёны і душавая кабінка — мне здаецца, вельмі цікава. Гэта і павага да таго, што было, і маё існаванне. У мяне таксама ёсць свой голас. Мы з дзедам у пастаянным дыялогу. Спачатку я называў гэта месца дзедавай хатай, бо ён яе пабудаваў. Зараз кажу — мая і дзедава. Нібы сеў побач».

Не-пісьменнік без казы

Андрусь адмаўляецца называцца «пісьменнікам». Хіба толькі «каб доўга не тлумачыць і надаць сабе важнасці». Яго меркаваннем, наконт пісьменніцтва мае вырашыць «аўдыторыя, крытыка, час». Пакуль што ён азначае сябе проста — аўтар кнігі. Ці былы дворнік Купалаўскага. Залежыць ад сітуацыі.

Кніжка, апроч задавальнення аўтарства, прынесла і матэрыяльны плён. Пакатацца па Еўропе ўдалося за кошт «Радзіва». Але ператвараць яе ў бізнес Андрусь не збіраецца.

«Былі прапановы зрабіць серыю магніцікаў і паштовак. Ці арганізаваць ток-шоў. Я адмовіўся».

Тым не менш, «Радзіва» ўсё роўна вырвалася з-пад кніжных вокладак. Купалаўцы зараз рыхтуюць пастаноўку паводле горватаўскай кніжкі. «Што будзе — сам нічога не ведаю. Адбываюцца рэпетыцыі, не хачу перашкаджаць. Пастаноўку робіць Раман Падаляка. Яму я давяраю, ён мае добры густ і адчуванне тэксту».

youtu.be/TNJkA-2JtU0

А вось з казой Андрусю прыйшлося растацца. «Я магу ў шэсць раніцы прачнуцца і ў шэсць раніцы легчы спаць. Таму казу аддаў у добрыя рукі, каб не мучыць моцна сваім ладам жыцця». Зараз гаспадарка ў Андруся — куры і пчолы. А новая муза — кот Батон.

«Ён вясной прыбіўся. Доўга не хацеў яго пускаць і рабіць сваім катом, проста карміў. Але ён такі клёвы, я яму літаральна пару тыдняў таму даў імя — Батон. Таму што ён такі вялікі і аранжавы. Але гэта не літаратурны персанаж, а мой кот».

«За кароўнікам Мінск, за лесам Украіна». І Еўропа таксама

«Раней адчуваў сваёй вось гэту прастору — Палессе, Беларусь. Цяпер свет для мяне пашырыўся. Зараз Гомель ці Берлін — розніцы няма, у прынцыпе. І там, і там жывуць такія самыя клёвыя цікавыя людзі, каторыя могуць даваць натхненне». Што да права «прысябечыць» да сваёй прасторы аж 11 наведаных краін, то яго, на думку Горвата, дае любоў.

«Любіць — гэта значыць ставіцца акуратна, неяк ахоўваць, зберагаць. Калі я люблю нешта, гэта дае мне права лічыць яго сваім. Значыць, у мяне ёсць жаданне каб там было добра».

Найбольш дзіўным адкрыццём Еўропы стала хіба яе свойскасць.

«Людзі паўсюль вельмі правінцыйныя, вельмі простыя. Есць сталіцы, мульцікультурныя цэнтры. Астатнія, нават буйныя гарады — гэта правінцыя. Людзі жывуць у сваіх дамах, у горад прыязджаюць толькі працаваць. Не ведаю, чаму ў нас прынята лічыць вясковасць чымсьці нізкім».

«У Польшчы ёсць усё, акрамя дзедавай хаты»

Драўляныя хаткі, меркаваннем Андруся, «расказваюць, хто мы і адкуль прыйшлі». «У заходнееўрапейскіх краінах няма драўлянай архітэктуры зусім. Калі з дзясятак краінаў аб’ехаў, то вочы прасілі ўжо гэтых драўляных хатак». Хаця б праз тое яны вартыя захавання, мяркуе былы гаражанін. «Нават калі пабудаваны адносна нядаўна, пасля вайны, яны з непарыўнай традыцыі ідуць. Перарваць гэта — вельмі небяспечная штука».

Праўда, многія з аднавяскоўцаў Горвата не разумеюць: як можна было з горада перабрацца ў вёску. Большая частка з тых, што засталіся ў Прудку, хацелі б з’ехаць, але проста не могуць сабе такога дазволіць. «Людзі застаюцца і імкнуцца ператварыць вясковыя хаты ў „кшталту гарадскія“ кватэры. Заходзіш унутр — і не адрозніваецца. За гэта балюча заўсёды, што сваю ўнікальную прастору людзі разбураюць. Такая ж паганая тэндэнцыя, як плот з металапрофілю ставіць, ці сцены сайдынгам зашываць. Проста ёсць рэчы рэальна патрэбныя, а есць і тое, што не трэба чапаць, ашчадна ставіцца і зберагаць».

Культура прыйдзе ў Прудок

Што да «Радзіва», то гэта — пройдзены этап. «Ёсць слова «канец» і вокладка ззаду. А зараз? Андрусь піша кнігу, пра каторую пакуль не хоча асабліва расказваць. Кажа толькі, што яна будзе адрознівацца ад «Радзіва». «Яшчэ ў Мазыры ладзім культурніцкую прастору. Магчыма, хутка ў Нароўлі палацам зоймемся. Такія рэгіянальныя справы».

А побач з дзедавай сядзібай, у выкупленай Дэдалевай хаце, Андрусь збіраецца зладзіць «нешта кшталту артпляцоўкі вясковага масштабу». «Туды можна будзе прыязджаць. Музыкі канцэрты будуць ладзіць. Купалаўцы летам прыедуць, пакажуць спектакль па кнізе. Без білетаў, бясплатна. Чыста з мэтай далучэння прудкаўцоў да культурніцкіх падзей нашай краіны».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024