Ад 12 да 17 снежня ў Гродне пройдуць паказы міжнароднага фестывалю праваабарончага дакументальнага кіно «Watch Docs». Цягам шасці вечароў гродзенцы змогуць паглядзець фільмы сусветнавядомых майстроў-дакументалістаў. Меркаваннем пра лёс беларускай дакументалістыкі і тое, чаму варта далучыцца да праглядаў, падзяліўся кіраўнік асацыяцыі «Белфільм», рэжысёр Алег Дашкевіч.
«Дакументальнае кіно — гэта тое, што рэальна адлюстроўвае свет, гэта сапраўдная, не маніпуляцыйная рэальнасць», — мяркуе рэжысёр. Ужо таму глядзець дакументальнае кіно варта. Да таго ж, беларускі глядач мае ў гэтым сэнсе добрае выхаванне. Яшчэ за савецкім часам беларуская школа дакументалістыкі была моцнай і цанілася на ўзроўні лепшых еўрапейскіх школ. Фільмы Віктара Аслюка, Галіны Адамовіч, Юрыя Хашчавацкага, Вольгі Дашук і яе бацькі Віктара Дашука ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнародных фестывалях і мелі добрыя ацэнкі гледачоў і адмыслоўцаў.
Развіваецца беларуская дакументалістыка і надалей, аднак зараз моцна змяніліся знешнія ўмовы. «Улада зараз не ведае, што з гэтым дакументальным кіно рабіць. З аднаго боку — яно мае быць, з іншага — не зразумела, як яго выкарыстоўваць». Бо нават самы просты шлях — зрабіць з дакументалістыкі прапаганду — аказалася не так проста рэалізаваць. Для таго, каб праўдзіва зняць кіно, творца павінен сам верыць у ідэю, якой бы шалёнай яна ні была. Толькі ва ўмовах асэнсаванасці і апантанасці, лічыць Алег Дашкевіч, могуць з’явіцца «новыя Эйзенштэйны».
Іншая цяжкасць — матэрыяльны бок пытання. Дакументальнае кіно «не прадаецца», а значыць, патрабуе датацый. У нас жа кожны год скарачаюцца бюджэты і нават існаванне «Летапісу» — студыі дакументальнага кіно ў складзе «Беларусьфільма» — перыядычна ставіцца пад пытанне. Аднак жа менавіта дзяржава, на думку рэжысёра, мае быць найбольш зацікаўлена ў развіцці дакументалістыкі.
«Яна ствараецца як сведчанне часу. Фільм фіксуе жыццё дзяржавы. Добрае ці не добрае — яно мусіць быць зафіксавана. Калі зараз праглядаеш стужкі, зробленыя за савецкім часам, нават простыя матэрыялы, адзнятыя для навін дня, хроніку — усе роўна адчуваеш дух эпохі. Гэта не фабулярнае кіно, дзе ўсе раскладзена па сцэнары. Дакументалістыка жыве абсалютна ў іншым свеце».
Між тым у Беларусі намінацыя дакументальнага кіно ёсць у праграмах толькі двух фестываляў - «Лістапад» і «Magnificat». Але гэтага, са словаў рэжысёра, страшна мала.
У такіх умовах адказам на выклік часу можа стаць аматарскае дакументальнае кіно, мяркуе Алег Дашкевіч. Бо магчымасці для здымкі зараз значна больш шырокія, чым былі калісці. Практычна кожны, хто мае смартфон і здымае відэа, ужо можа лічыць сябе дакументалістам. Адмоўным бокам такой «моды на дакументалістыку» Алег бачыць вялікую колькасць «графаманаў ад кіно» і знікненне «школы», але з іншага — гэта пацвярджае цікаўнасць аўдыторыі да жанру. Калі такія пачаткоўцы не абмяжуюцца толькі вывучэннем тэхналагічных магчымасцяў, што сёння дае інтэрнэт, а будуць вучыцца ў майстроў кіно глядзець «вачыма чалавека», то з гэтага можа быць плён.
Што да праглядаў замежных стужак, пра падзеі далёкія ад нашых рэалій, то гэта рабіць таксама варта. Бо сапраўднае кіно — гэта заўжды пра чалавека:
«Аб'ект дакументалістыкі, яе герой — гэта чалавек. Чалавек можа жыць дзе заўгодна, але праблемы яго — універсальныя. Калі фільм прайшоў на буйны фестываль, значыць праблема гэтай стужкі тычыцца кожнага. Перажыванні герояў будуць зразумелыя гледачам з усяго свету. Таму іх варта глядзець, гэта тычыцца і нас таксама».
Міжнародны фестываль дакументальнага кіно па правах чалавека WATCH DOCS праводзіцца ў Польшчы з 2001 г. і цяпер з’яўляецца адной з дзвюх найбуйнейшых сусветных фільмовых падзей, прысвечаных правам чалавека. Ужо другі год фестываль праводзіцца ў Мінску. У Гродне прагляд фільмаў фестываля праводзіцца ўпершыню.
Алег Дашкевіч, рэжысёр дакументаліст, адзін са стваральнікаў і старшыня асацыяцыі «Белфільм, што аб’ядноўвае беларускіх кінэматаграфістаў, тэлевізійных работнікаў і усіх творцаў, звязаных з відэапрадукцыяй. Аўтар дакументальных стужак «Журналісты» (2008), пра лёсы журналістаў у постсавецкі перыяд, «Варганы» аб жыцці беларускай правінцыі і яе людзей, «1050 дзён самоты» (2015), пра тое, як жонка Алеся Бяляцкага, Наталля Пінчук, чакала яго са зняволення.
Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…
Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…
Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…
Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…
У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…
Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…