Спадчына

«Гэта не можа быць фатаграфіяй». Чым фотамастацтва адрозніваецца ад маскульта фатаграфіі

«Цяжка зараз вызначыць, хто такі фатограф. Ці кожны раз, калі вы здымаеце, вы фатограф? На маю думку, не» — казаў Андрэй Лянкевіч на адкрыцці фотавыставы ў Гродне ў межах Месяца фатаграфіі. Імпрэза адбылася 18 верасня. Паводле фатографа, здымкі з сацсетак гэта «хутчэй сучасны штодзённік, чым фота», а «красівасці» на фотаздымках — частка масавай культуры, а не мастацтва.

Фатаграфія сёння

«Фатаграфія сёння — гэта тое, што адрозніваецца і вельмі моцна вас здзіўляе, — мяркуе Лянкевіч. — Гэта не ўмоўная Мона Ліза, дзе можна паглядзець і сказаць — «красіва».

Апошнім часам фатаграфія моцна змянілася і пайшла ў бок уласнага развіцця.

«Калі глядзець рэалістычныя фота, бачна адкуль выйшла фатаграфія — з жывапісу, графікі і кіно. Гадоў 10−15 таму яна аддзялілася ад усіх „мам“ і „тат“ і стала абсалютна паўнавартасным мастацтвам з уласнай візуальнай мовай. Такога раней не было».

Фатограф без фотакамеры

Сучасныя фатографы маюць магчымасць увогуле не карыстацца фотаапаратам. На выставе прадстаўлены шэраг прац, зробленых на аснове адсканаваных негатываў, знойдзеных на сметніку. Такія здымкі масава рабілі для дзяцей у дзіцячых садках. Ацаніць праект можна толькі ў прывязцы да часу. Без кантэксту немагчыма зразумець, наколькі гэта важна.

Таксама вялікая частка экспанатаў выставы — фота з архіваў у аўтарскай апрацоўцы. «Ёсць ужо цэлы шэраг фатографаў, што зрабілі сабе імя на фота з Google Maps. Яны проста праглядаюць патокавыя відэа, што робіць робат, і здымаюць скрыны. На гэтым робяцца кар’еры, публікуюцца дзясяткі кніг і ствараюцца сотні выставаў».

Пры гэтым Андрэй кажа, што нават пры выкарыстанні чужых здымкаў сучасная фотаграфія вельмі аўтарская. Адзін з самых жывапісных праектаў выставы належыць Максіму Сарычаву. Ён пабудаваны на здымках, што выкладаюць паляўнічыя на сваіх форумах.

«Максім не есць мяса і яму складана зразумець эстэтыку палявання. Гэта адзін з самых, можа, агрэсіўных праектаў. Вельмі важна, што тут бачна, як фатограф бачыць свет. Гэта вельмі суб’ектыўная фатаграфія, каторая наўпрост дэманструе ўласнае стаўленне, з якой лёгка счытваецца эмоцыя».

«Забудзьце, што фотаграфія расказвае пра рэальнасць»

Такой рэальнасці, як паказваюць фотаздымкі, насамрэч не існуе, мяркуе Андрэй Лянкевіч.

Свет не квадратны і не чорна-белы. І нават прыехаўшы ў тыя месцы, дзе былі зроблены здымкі, наўрад ці ўдасца пабачыць тое, што на выявах.

«У 60−70-я людзі верылі што, фатаграфія — аб’ектыўны сродак расповеду пра рэальнасць. Сёння гэта вялікае расчараванне. Нават відэа — гэта падман. Насамрэч, мы самі ствараем рэальнасць», — зазначыў Андрэй, прадстаўляючы ўласны праект «Паганства».

Фотабрак як мастацтва

Мастацва сучаснай фатаграфіі - гэта часам тое, што раней сыходзіла ў брак. Як прыклад — здымкі праекта «Мелодыя брака». Яны пайшлі ў кош пры адборы «прыўкрасных» фатаграфій Вадзіма Качана, а пасля аўтар аформіў іх у асобную серыю. «У гэтых здымках — сапраўды цікавыя рэчы — яны нечым пераклікаюцца з фотакалажамі».

Новай фатаграфіі - новыя выставы

Адной з самых удалых выставаў апошніх часоў Андрэй назваў выставу прац Сяргея і Дзмітрыя Брушко, зладжаную ў… трамваі. «Гэта было крута. Самае важнае — немагчыма было адмыслова патрапіць на гэту выставу. Ніхто ніколі не ведаў - дзе трамвай. Ён проста ездзіў і ездзіў. А которы трамвай з выставай — было загадкай. Раскладу ні ў кога не было. Гэта была спроба выйсці з нашага культурніцкага гета і пайсці ў людзі. Думаю, што гэта была самая папулярная выстава ў Мінску».

Каму глядзець абавязкова

На думку гродзенскага фатографа Аляксандра Саенкі важнасць выставы для Гродна, дзе шмат людзей называюць сябе фатографамі, пераацаніць цяжка. «Тут можна пабачыць розныя плыні беларускай фатаграфіі - ад старых майстроў да фатографаў новай школы — здымкі са стужкі і лічбы, розны друк, работы з налажэннем выяваў. Варта прыйсці сюды і пачаткоўцам, каб пабачыць спектр сучасных стыляў і накірункаў фатаграфіі, і сталым майстрам — каб пабачыць, як развіваецца фатаграфія сёння».

Андрэй Лянкевіч мяркуе, што выстава — гэта шанец пабачыць, куды ідуць людзі, якіх у блізкай будучыні будуць называць фатографамі: «Прыгожыя фатаграфіі, пейзажы-закаты — зараз могуць рабіць усе. Нават смартфоны даюць для таго фантастычныя магчымасці. Гаворка пра тое, дзе ляжыць мяжа [паміж мастацтвам і масавай культурай]. Каб увайсці ў супольнасць фатографаў, патрэбна знайсці ўласную візуальную мову. Дзеля гэтага і трэба наведваць выставы і фестывалі сучаснай фатаграфіі. Яны з’яўляюцца такім компасам, што паказвае, куды рухаецца фатаграфія і з якімі формамі яна працуе».

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024