Спадчына

Што насілі беларускія модніцы 50 гадоў таму

«Простасць, утылітарнасць, стрыманая элегантнасць», — так апісвалі каталогі стыль жанчын 1970-х. І хоць модныя тэндэнцыі зацвярджалі на пасяджэннях і кангрэсах (уявіце, як чыноўнікі з сур’ёзным тварам абмярковаўлі, што лепш: рукавы-ліхтарыкі ці крылцы), тагачасныя калекцыі адзення зусім не былі сумнымі. «Наша Н**а» пагартала архіўныя модныя часопісы і ўспомніла, што было ў гардэробе савецкіх дам.

Галоўнымі рысамі моды 1970-х можна назваць індывідуальнасць, практычнасць і ўнісэкс. Папулярны тады рух хіпі знайшоў адлюстраванне і ў вобразах савецкіх жанчын. Дзякуючы яму сталі насіць штаны-клёш, палюбілі свабодныя сілуэты, яркія колеры і натуральныя тканіны.

ПАНЯЦЦЕ ЎНІСЭКС АДНОЛЬКАВА ПРАЦАВАЛА ЯК У БОК ЖАНОЧАЙ, ТАК І Ў БОК МУЖЧЫНСКАЙ МОДЫ.
З іншага боку, сур’ёзную канкурэнцыю бавоўне і лёну складала сінтэтыка, якая з развіццём тэкстыльнай прамысловасці стала даступная масам. Народнай любоўю карыстаўся крымплен — няхай у ім і было горача, затое ён не мяўся і лёгка адмываўся. Знаходка для жанчын, якія шмат працуюць.

У тыя гады здарыўся бум на трыкатаж. Новыя вязальныя машыны дазволілі фабрыкам эксперыментаваць з кроем і ўзорамі, таму з трыкатажу пачалі рабіць усё: сукенкі, спадніцы, джэмперы, штаны.

Той факт, што савецкія дамы шмат часу аддавалі працы, уплываў на іх стыль. Незаменнай рэччу лічыўся касцюм са штанамі. Наогул, касцюмы былі папулярныя: модніцы выбіралі камплекты з падоўжаным ці кароткім жакетам да таліі і спадніцай клёш.

Модныя прынты з года ў год мяняліся. Спачатку ў пашане быў раслінны арнамент з фантастычнымі кветкамі і матылькамі, потым — геаметрычныя ўзоры і народныя матывы.

Да этнічнай тэматыкі мадэльеры звярталіся ўжо тады. У 1975 годзе, напрыклад, аддзел лёгкай прамысловасці інстытута «Белместпрампраект» распрацаваў калекцыю з 30 рэчаў па матывах беларускага народнага адзення. Сукенкі і касцюмы зрабілі з лёну, упрыгожылі вышыўкай і карункамі. На фота злева — акурат беларускія матывы з калекцыі 1975 года.

Модная сёння шматслойнасць была актуальная і ў 1970-я. Асновай камплектаў рабілася сукенка, якую спалучалі з блэйзерам, блузонам ці лёгкім паліто. Не сыходзіў з подыумаў і спартыўна-элегантны стыль (на турзлётах таксама хацелася выглядаць сучасна). Жанчыны часта насілі анаракі, курткі-штармоўкі, сукенкі з манжэтамі.

Што да вопраткі, то попытам карысталіся аднабортныя паліто з вялікімі накладнымі кішэнямі, буйнымі гузікамі і паясамі. Сапраўдных модніц вылучалі каўняры-стойкі і манжэты, якія нагадвалі муфту. Папулярнымі сталі капюшоны. А яшчэ жанчыны любілі кароткія камізэлькі, аздобленыя пышным футрам.

Савецкія дамы аддавалі перавагу прамавугольным сумкам з мноствам кішэняў. Запатрабаванымі ў тыя гады былі змястоўныя мадэлі «акардэон» і «клункі» з мяккай скуры ці яе аналага.

Абутак абіралі практычны. На кожны дзень — на тоўстай платформе ці ўстойлівым абцасе. Для вечаровага выхаду — з элегантным авальным мыском і высокім абцасам-слупком.

Вобраз часта дапаўнялі галаўнымі ўборамі. У модзе былі маленькія шапачкі, чалмы з фетру і велюру, капелюшы з шырокімі палямі.

Многія насілі парыкі. Жаночыя часопісы папярэджвалі: хадзіць так кожны дзень не варта, бо скура пад штучнымі валасамі не дыхае, а гумка, якая трымае іх, можа сціскаць галаву, парушаць кровазварот і выклікаць боль. Таму надзяваць парык раілі не даўжэй, чым на дзве-тры гадзіны.

У трэндзе была яркая памада. Замест бляклых адценняў папулярнымі сталі аранжавыя, чырвоныя, ліловыя, вішнёвыя колеры.

БРОВЫ ПАДВОДЗІЛІ ШЭРЫМ АЛЬБО КАРЫЧНЕВЫМ АЛОЎКАМ ЦІ ПРЫЦЯМНЯЛІ ХНОЙ (БАСМА ВЫЙШЛА З МОДЫ). ВАЛАСКІ ВЫШЧЫПВАЛІ Ў ТОНКУЮ ЛІНІЮ — ЛІЧЫЛАСЯ, ШТО ТАКАЯ ФОРМА РОБІЦЬ ТВАР ВЫТАНЧАНЫМ.
Многія жанчыны бралі прыклад з брытанскай супермадэлі Твігі — рабілі кароткую стрыжку з бакавым праборам і густа фарбавалі вейкі. Але і савецкі начос моцна трымаў свае пазіцыі.

Цікава, што ў тыя гады ў пашане была зграбная фігура. У каталогах не раз падкрэслівалі: навамодныя фасоны — для худзенькіх. Дамам з пышнымі формамі прапаноўвалі класіку і спакойнае спалучэнне колераў. А таксама давалі рэцэпты, як прывесці сябе ў форму. Напрыклад, жанчынам з вялікімі лыткамі раілі хадзіць на дыбачках і скакаць цераз скакалку, а на ноч — рабіць кампрэсы з падсоленай вадой.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024