Спадчына

Драўлянага Вітаўта павінны былі ўсталяваць у Лідзе, але паставілі ў Гродне. І чаму не з’явіліся помнікі Каліноўскаму і Багдановічу

Аказваецца, драўляную статую Вітаўта ў 1992 годзе павінны былі ўсталяваць у Лідзе, але па збегу абставін помнік апынуўся ў Гродне і быў усталяваны каля замкаў. Гісторыю ўстаноўкі скульптуры Вялікага князя распавёў Hrodna.life былы старшыня гродзенскай краязнаўчай асацыяцыі Андрэй Майсяёнак.

У канцы лістапада пасля аднаўленчых работ драўляную статую Вітаўта вярнулі да гродзенскіх замкаў. Ратаваў скульптуру разьбяр па дрэве Мікалай Скляр. Ён адзначыў, што помнік яшчэ 5 гадоў дакладна прастаіць. Да аднаўлення ён прастяў каля замкаў 25 гадоў, але часткова згніў.

«Падорым помнік, вы толькі пастаўце яго»

Вядома, што драўляны Вітаўт быў зроблены ў пачатку 1990-х гадоў і быў падораны Гродзенскаму рэгіёну літоўскім Фондам культуры. Усталяваць помнік павінны былі ў 1993 годзе ў былым маёнтку Востраў пад Лідай напярэдадні юбілейнай даты — 600-годдзя падпісання Востраўскага пагаднення.

«Набліжалася юбілейная дата. Для нашага рэгіёну гэта сапраўды была важная падзея, бо на тэрыторыі Гродзеншчыны акурат адбывалася падпісанне саюза паміж двума варагуючымі братамі Вітаўтам і Ягайлам. Я задумаў увекавечыць гэту падзею. Ад свайго імя напісаў у літоўскі Фонд культуры, каб яны нас падтрымалі ў задумцы з помнікам Вітаўту. Яны імгненнем адказалі: мы падорым вам помнік, вы толькі пастаўце яго. У іх, напэўна, ужо быў такі Вітаўт, бо не паспеў я азірнуцца, як драўляны помнік прывезлі ў Ліду».

Драўлянага Вітаўта рабіў вядомы літоўскі народны майстар Іпалітас Ушкурніс. Ён зрабіў падобнага Вітаўта і для Трокаў, дзе і дасюль стаіць. Ушкурніс памёр у 2006 годзе.

Статую Вітаўта вяртаюць да гродзенскіх замкаў пасля аднаўленчых работ
«Кніга Кастуся Тарасава была галоўным штуршком». 29 гадоў таму ў Гродне адкрылі знак «Пагоня на Грунвальд«


Вырашылі адмовіцца ад усталявання помніка ў Лідзе

На скульптуры быў зроблены надпіс аб юбілейнай даце і Вялікім князі Вітаўце на дзвюх мовах: беларускай і літоўскай. Заставалася ўзгадніць і ўсталяваць.

«Помнік быў гатовы і я пайшоў да тагачаснага старшыні Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыя Арцымені. Прапанаваў ставіць, бо рашэнне краязнаўчай асацыяцыі было і камісія абласнога савета народных дэпутатаў лічыла мэтазгоднай устаноўку помніка ў Лідзе ў сувязі з юбілейнай датай. Але чамусьці мясцовыя краязнаўцы сталі блытацца ў месцы для ўстаноўкі і ў выніку ўлады сталі ўстаўляць палкі ў колы — вырашылі адмовіцца ад помніка. Я стаў чакаць і верыў, што прыйдзе час Вітаўта. Прайшоў некаторы час і нечакана забіваюць Арцыменю. Новым старшынёй абралі Сямёна Домаша. Я зразумеў, што трэба дзейнічаць, і зноў пайшоў да старшыні з пытаннем аб усталёўцы помніка».

Каля Каложы небяспечна — могуць спаліць

Домаш зацікавіўся драўлянай скульптурай Вітаўта і прапанаваў гарвыканкаму разгледзець устаноўку ў Гродне. Помнік увесь гэты час знаходзіўся на аўтабазе ў Лідзе. Ён ляжаў на зямлі пад плотам.

«Справу перадалі ў гарвыканкам. У той час пасаду намесніка старшыні па культуры займаў Аляксандр Мілінкевіч. Разам з ім мы паехалі ў Ліду і прывезлі помнік у Гродна. Ён там проста валяўся і нікому не быў патрэбны. Гарадскі савет прыняў рашэнне ўстанавіць помнік у Гродне. Запыталіся ў мяне: дзе б ён лепш глядзеўся? Я прапанаваў месца каля Каложы, але сказалі, што там небяспечна — могуць падпаліць драўляную скульптуру. Тады выбралі месца каля замкаў.

Я быў вельмі задаволены, што гэтае пытанне здолелі вырашыць і Вітаўта ўсё ж такі ўсталявалі ў канцы 1993 года. У гэтым вялікая заслуга Мілінкевіча. Так, помнік прызначаўся для Ліды, але ўсталяваць там не атрымалася. У Гродне ён добра глядзіцца і заняў годнае месца. Вітаўт мае вялікае гістарычнае значэнне для Гродна. Літоўцы, калі прыязджалі ў 1990-х да нас у горад, то заўсёды захапляліся помнікам, казалі што падобны ў іх у Троках стаіць. Два помнікі гэта творы аднаго майстра".


Пра помнікі Багдановічу і Каліноўскаму: «Мы не паспелі, памянялася ўлада»

Андрэй Майсяёнак шкадуе, што не паспеў рэалізаваць планы ўстаноўкі помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Максіму Багдановічу. Да рэалізацыі гэтых праектаў было практычна ўсё падрыхтавана.

«Было прынята рашэнне абласнога савета аб усталяванні ў Гродне двух помнікаў: Кастусю Каліноўскаму замест Сакалоўскага з пераносам апошняга на вуліцу Перамогі і Максіму Багдановічу ў невялікім скверы на Тэльмана. Рашэнне было, але пытанне чамусьці падвісла ў часе. Яго ніхто не адмяняў, але помнікі не з’явіліся ў Гродне. Мы не паспелі, памянялася ўлада.

Да гэтага мы вялі вельмі актыўнае жыццё: праводзілі канферэнцыі, усталёўвалі памятныя дошкі, папулярызавалі нашу гісторыю па ўсіх напрамках. Да спадчыны былі зусім іншыя адносіны. Прайшло столькі гадоў і пасля працяглага прастою ў нас зноў ідзе адраджэнне беларускай культуры. Аднаўляюцца замкі і ўсталёўваюцца помнікі. Дзяржава зразумела, што турызм вельмі важны артыкул даходаў, а каб ён быў, трэба мець турыстычны прадукт. Хочацца верыць, што помнікі вядомым дзеячам, якія павінны былі быць усталяваны яшчэ 1990-х, усё ж з’явяцца ў цэнтры Гродна".

Падзяліцца

Апошнія запісы

Тыдзень уз’яднання і «народная справядлівасць». Што адбывалася ў верасні 1939-га, акрамя рэпрэсій ад саветаў

17 верасня 1939 года савецкае войска ўвайшло ў Заходнюю Беларусь. У Савецкім саюзе гэты дзень…

17 верасня 2025

«Сродкаў няма, а святы арганізуюць». У Ласосна гадамі затапляе дамы з-за дрэннай дарогі, але ўлады не вырашаюць праблему

У Ласосна з-за дрэнных дарог затапляе дамы. Жыхары змагаюцца з падтапленнямі самастойна, але без спецтэхнікі…

17 верасня 2025

«Адпавядае сусветным трэндам». Спыталі ўрбаніста пра праект набярэжнай у Гродне

У Гродне скончылі абмяркоўваць праект рэканструкцыі набярэжнай Нёмана. Грамадскія абмеркаванні не сабралі шмат людзей. Рэдакцыя…

16 верасня 2025

Экскурсія ў мінулае: глядзіце фота Гродна канца 1950-х

Малады сквер на Савецкай, вуліца Ажэшкі, набярэжная, разліў Нёмана і шмат іншага можна ўбачыць на…

14 верасня 2025

«З'язджаеш зоркай», а потым… Як мастачка з Гродна (не)будуе свой бізнес у эміграцыі

У Кацярыны Еўдакімавай творчая прафесія, якую яна ператварыла ў бізнес. Аўтарскія драўляныя цацкі атрымлівалася прадаваць…

13 верасня 2025

Смачна, танна і атмасферна: сабралі 10 сталовых Гродна, куды дакладна варта зайсці

Лета скончылася, адпачынкі - таксама. Прыйшоў час задумацца, дзе паесці падчас перапынку на працы. Hrodna.life…

12 верасня 2025