Спадчына

Ш — Шарашэўскі. 5 фактаў пра заснавальніка тытунёвай фабрыкі ў Гродне

Купец Лейба Шарашэўскі прыехаў у Гродна з Санкт-Пецярбурга ў 1861 годзе. Ён заснавальнік Гродзенскай тытунёвай фабрыкі, якая сёння носіць назву «Нёман». Ці сапраўды Шарашэўскі адкрыў фабрыку, дзе закупалі сыравіну і як коні пераціралі тытунь на фабрыцы, чытайце ў новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі».

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Тытунёвую фабрыку адкрыў не Шарашэўскі

Афіцыйнай датай заснавання гродзенскай тытунёвай фабрыкі лічаць 17 ліпеня 1861 года. Згодна з архіўнымі матэрыяламі, менавіта ў гэты дзень Гродзенскае Губернскае праўленне разгледзела прашэнне купцоў Абрама Гардона і Лейбы Шарашэўскага аб дазволе на адкрыццё ў Гродне тытунёвай фабрыкі. Але з-за адсутнасці ў Шарашэўскага купецкіх гандлёвых правоў, дазвол на адкрыццё фабрыкі далі Абраму Гардону, які такія правы меў.

Спачатку фабрыка была не на Маставой

На момант адкрыцця фабрыка размяшчалася ў памяшканні фабрычнага таварыства на вуліцы Купецкай (суч. Карла Маркса). Там Лейба Шарашэўскі і яго сын Ёсель разам з працаўнікамі займаліся вытворчасцю цыгарэт. У статыстычных дадзеных па Гродзенскай губерні за 1861 год пазначана, што на фабрыцы працаваў адзін майстар і тры працоўных.

У пачатку 1870-х гадоў вытворчасць перавезлі ў казённы дом Беркі Ранэса на вуліцы Саборнай (суч. Савецкая). І толькі ў 1878 годзе фабрыка пачала працаваць у галоўным складзе на вуліцы Маставой (сёння Маставая, 31, будынак былой пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт»).

Фабрыку абсталявалі сучаснымі тэхналогіямі

За першыя 10 гадоў дзейнасці тытунёвай фабрыкі сума прададзеных тытунёвых вырабаў вырасла з 2 тыс. да 30 тыс. рублёў. Гэта дазволіла пашырыць вытворчасць, абсталяваць яе сучаснымі тэхналагічнымі машынамі і павялічыць колькасць працоўных.

У 1869 годзе на фабрыцы былі толькі тры станкі для рэзкі тытуню і адна машына для яго перацірання. Гэта была так званая конная машына, бо ў рух яе прыводзілі коні. Але ўжо праз 15 год на фабрыку завезлі паравыя машыны і сем паравых катлоў, тры прэсы і 14 станкоў для рэзкі паперы (сем паравых і сем ручных).

Шарашэўскія валодалі не толькі тытунёвай фабрыкай

Тытунёвая фабрыка была не адзінай вытворчасцю купцоў Шарашэўскіх. У 1880 годзе ў Гродне яны адкрылі папіросна-гільзавую фабрыку, а ў 1882 годзе гільзавы завод. Акрамя гэтага, сям’я валодала млыном, лесапільняй, таксама былі самымі буйнымі пастаўнікамі спірта і гарэлкі ў Паўночна-Заходнім краі.

З пашырэннем тытунёвай вытворчасці Шарашэўскіх, малыя тытунёвыя мануфактуры не вытрымлівалі канкурэнцыі як па колькасці, так і па якасці прадукцыі. З гэтай прычыны большасць з іх закрылі. Так адбылося з гродзенскімі вытворцамі тытуню: Рабінэрсонам, сямейнай тытунёвай дынастыяй Гарфінкеляў, Айзенштатам і Зільберблатам. Усе яны працавалі пад пазнакай фірмы І.Заблудоўскага.

Такім чынам, Шарашэўскія сталі амаль што манапалістамі на тытунёвым рынку ў Гродне.

Тытунь закупалі нават у Амерыцы

Тытунёвую сыравіну для далейшай апрацоўкі на фабрыцы закупалі ва Украіне і Расіі, а тытунь вышэйшага гатунку ў Амерыцы. Калі ў 1880 годзе сын Лейбы Шарашэўскага Ёсель стаў уладальнікам фабрыкі, то ў дадатак ён набыў сыравінныя склады ў Крыме.

Склады для гатовай прадукцыі гродзенскай фабрыкі пабудавалі ў Варшаве, Любліне, Лодзі, Вільні, Дзвінску, Плоцку і Сімферопалі. Гэта дазволіла яшчэ больш пашырыць асартымент прадукцыі.

Будынкі тытунёвых складоў захаваліся і ў Гродне: сёння гэта вядомы многім будынак на Будзёнага, 48А, дзе знаходзяцца офісы і польскае консульства.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024