Людзі і справы

«Вядоўца на вяселлі - мужчына? Гэта стэрэатып». Гродзенка стала найлепшай вядоўцай года

Гродзенка Анжаліка Хурс перамагла ў намінацыі «Вядоўца года» на 4−1 штогадовай прэміі ў сферы вясельнага бізнесу. Пераможцаў узнагароджвалі 17 лютага ў Мінску.

Пра шлях да перамогі, пра тое, чаму вырашыла стаць вядоўцай і аб цікавых момантах з працоўнай практыкі Анжаліка расказала Hrodna.life.

-Анжаліка, на тваю думку, чаму менавіта цябе абралі найлепшай вядоўцай года?

-Для ўдзелу неабходна было зняць ролік, паказаць у ім максімальна сваю працу: што ты праводзіш, як ты гэта робіш, з кім супрацоўнічаеш (кавер-гурты, ды-джэі, музыкі), выязныя рэгістрацыі… Былі крытэрыі ацэнкі: пастаноўка мовы, арыгінальнасць роліка, часовыя рамкі.

Ацэньвалі два незалежныя журы: народнае галасаванне і вядоўцы-прафесіяналы з Расіі. Крута, што я перамагла адразу ў дзвюх намінацыях: мяне абралі і прафесіяналы, і звычайны народ.

-Упершыню ўдзельнічала ў такім конкурсе? Што дае перамога?

-Так, гэта мой першы досвед. Перамога дае вядомасць: будуць ведаць тыя, хто раней не ведаў. Спадзяюся, што з’явіцца больш замоваў. Канешне, прыйдзецца больш працаваць над сабой, таму што трэба «трымаць марку», не зніжаць планку, быць на дзве-тры галавы вышэй за мінулы ўзровень.

У мяне так адбываецца ў жыцці: я атрымала ўзнагароду, а потым буду стартаваць, развівацца. У кагосьці - наадварот: гадамі да гэтага ідуць, укладаюць сілы, адкладаюць удзел на іншы час.

Гэта першы год, калі ўвялі намінацыю «Вядоўца года» для жанчын. І я адразу вырашыла, што ўдзельнічаю, здымаю ролік. Гэтак жа ў мяне атрымалася калісьці з конкурсам «Каралева фітнеса Беларусі» [у 2011 годзе Анжаліка атрымала званне «Каралева фітнеса Беларусі» — рэд.]. Прыйшла на кастынг сястру падтрымаць, зняла абутак, паўдзельнічала, прайшла адбор у Гродне і адправілася ў Мінск. Перамагла. Адтуль і многія знаёмствы пайшлі.

-Як даўно ты праводзіш вяселлі?

-Як вядоўца мерапрыемстваў працую сем год, а вяселляў - толькі два гады. Вырашыла займацца гэтым у дэкрэтным адпачынку. Сяброўка прапанавала правесці бюджэтнае вяселле знаёмым — я ўзялася. Правяла адно вяселле і пайшло-пайшло. Мне так падабаецца! Гэта маё!

— Што цікавага зараз замаўляюць на вяселлях?

— Мне вельмі падабаюцца вяселлі ў беларускім стылі. Беларускасць — гэта модна. Праводзіла адно такое вяселле. Так спадабалася! Хочацца, каб іх было больш. Каб захоўвалася традыцыйнасць.

— А якія твае абавязкі на свяце?

— Я — вядоўца, і я не павінна быць асноўнай асобай на вяселлі. Трэба быць «у цені» крышачку, каб не браць на сябе ўсю ўвагу. Асноўныя «зоркі» — гэта маладыя. Мая задача — накіроўваць мерапрыемства ў патрэбнае русла, кантраляваць яго.

Неабходна адчуваць маладых, гасцей, і вось пад гэты настрой манеўраваць, весці мерапрыемства. Я не балбачу ўвесь час і не надакучваю. Бачу, што трэба памаўчаць — маўчу; трэба выйсці, падтрымаць настрой народу — выходжу. Абавязкова трэба быць псіхолагам на вяселлі.

-Напэўна, у цябе ёсць нейкія «фішкі» ў правядзенні вяселляў, каторых ні ў каго іншага няма?

— На тое яны і «фішкі», што іх не раскрываюць!

— А якія вясельныя традыцыі ты выкарыстоўваеш?

— Зараз у нас любяць усё, гэтак мовіць, еўрапейскае, ад традыцыйнасці адыходзяць. Любіць народ сучасныя вяселлі. Некаторыя бацькі ўжо не сустракаюць маладых з караваем. На маіх вяселлях гэта ёсць. Таксама абавязковым з’яўляецца запальванне сямейнага ачагу. А, напрыклад, такі абрад, як здыманне вэлюма маладой, ужо амаль кануў у Лету, выкарыстоўваецца менш за ўсё.

-Што ты лічыш новым у вясельнай індустрыі?

— Новае, што да нас прыйшло — гэта вяселле без конкурсаў. Такая форма прадугледжвае, што ты максімальна знаёмішся з маладымі і гасцямі (перад тым — сабраць як мага больш інфармацыі пра ўсіх). Задаецца нейкая вызначаная тэма, і ўсе як мага больш стараюцца спазнаць адзін аднаго. Гэта крута, бо атрымліваецца добра згуртаваць гасцей.

-Танцы на такім вяселлі ёсць?

-Канешне, танцы будуць абавязкова! Але размовы, цікавыя гісторыі і гасцей, і маладых — на першым месцы. Можна таксама і так: экран, праектар, і там сацыяльныя ролікі, напрыклад.

-Ты працуеш як фітнес-трэнер у спартыўным комплексе «Усход». Ці дапамагае табе гэта неяк у справах правядзення вяселляў?

-Мне гэта вельмі дапамагае! Калі знаёмлюся з маладымі, яны абіраюць мяне як вядоўцу, прапаноўваю сябе ў якасці інструктара для пастаноўкі першага вясельнага танца (гэта зараз модна). Такім чынам прасцей наладзіць кантакт з людзьмі: я іх спазнаю, расслабляюся, мы жартуем. І пасля мне больш камфортна праводзіць вяселле. За кошт вясельнага танца гэтыя людзі становяцца мне як родныя.

-Як лічыш, ці ўнесла ты штосьці новае ў вясельную індустрыю як вядоўца?

-Я — вядоўца-жанчына. У некаторых склалася меркаванне, што вядоўцам на вяселлі можа быць толькі мужчына. Такі стэрэатып. Вядоўцам-мужчынам не вельмі падабаецца тое, што жанчыны занялі сваё месца ў гэтай ячэйцы. Таму вельмі добра, што ў гэтым годзе арганізатары прэміі «Вядоўца года» раздзялілі намінацыі «Лепшы вядоўца» і «Лепшая вядоўца». Бо ці адважыліся б жанчыны супернічаць у адной намінацыі з нашымі таленавітымі мужчынамі?

— Якія парады можаш даць для тых, хто толькі-толькі пачынае займацца справай правядзення вяселляў?

— У першую чаргу неабходна выпрацаваць свой стыль, не паўтараць і не пераймаць кагосьці іншага. Старацца прыдумваць усё самому (але крышку абапіраючыся на якіх-небудзь гуру дадзенай справы). Абавязкова пастаянна развівацца, самаўдасканальвацца, даведвацца нешта новае, ісці ў нагу з часам і прадумваць свае крокі наперад. Абавязкова ўдзельнічаць у конкурсах, майстар-класах. Усё гэта неабходна, каб табе давяралі кліенты, каб ты іх натхняў.

І ніколі не задзіраць нос, лічачы, што ты ўсё ведаеш і ў развіцці дасягнуў найвышэйшага ўзроўню!

Падзяліцца
Меткі: асобыпраца

Апошнія запісы

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024