Навіны

У Гродзенскай вобласці праводзяць конкурс грамадзянскіх ініцыятыў: каб вырашыць праблемы, якія не адолела мясцовая ўлада

Для рэалізацыі праектаў-пераможцаў конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў «Дзейнічаем разам» у 2024 годзе выдзеляць каля 300 тысяч рублёў. Грошы возьмуць з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.

Такі конкурс праходзіў год таму. Тады эксперт пракаментаваў, што гэта неверагодна прагрэсіўна для Беларусі і падобна да бюджэту грамадзянскага ўдзелу, які існуе ў Польшчы.

«Конкурс грамадзянскіх ініцыятыў арганізуецца для таго, каб людзі на месцах маглі вылучыць свае прапановы па добраўпарадкаванні аграгарадкоў і вёсак, двароў, сквераў, дзіцячых і спартыўных пляцовак, іншых грамадскіх месцаў у вёсцы і ў горадзе, і не толькі прапанаваць ідэю, але і самім прыняць самы актыўны ўдзел у яе распрацоўцы і рэалізацыі, — цытуе БелТА старшыню абласнога Савета дэпутатаў Алену Пасюту. — Няхай гэта будуць не самыя буйныя аб’екты, але яны будуць знаходзіцца ў крокавай даступнасці для жыхароў гэтых населеных пунктаў. Гэта будуць мясцовыя ініцыятывы, народжаныя людзьмі і для людзей, і ў гэтым іх каштоўнасць».

У выніку леташняга конкурса рэалізавалі 14 праектаў. Сярод іх — дзіцячая пляцоўка ў Гожы, якую даўно хацелі ўладкаваць мясцовыя жыхары, трэнажорны комплекс для дзяцей і дарослых у Карэлічах, спартыўная пляцоўка ў Новадзевяткавіцкай СШ у Слонімскім раёне.

Пры гэтым масавая ліквідацыя грамадзянскіх арганізацый, якія часта вырашалі пытанні на мясцовым узроўні, разгорнутая пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, не спыняецца.

Правілы і ўмовы ўдзелу ў новым конкурсе

Удзельнічаць у конкурсе могуць паўналетнія жыхары Гродзенскай вобласці. На прэзентацыі праекты можна будзе прадставіць і ў мультымедыя-фармаце. Падрабязна палажэнне аб правядзенні конкурсу апублікавана ў «Гродзенскай праўдзе».

Кожны праект грамадзянскай ініцыятывы будуць ацэньваць зыходзячы з:

  • яе абгрунтаванасці - актуальнасці ідэі, лагічнай сувязі паміж ідэяй і задачамі па яе ўвасабленні, прадуманасці і паслядоўнасці дзеянняў для рэалізацыі ініцыятывы і адпаведнасці запланаваных мерапрыемстваў асноўнай ідэі. Калі большасць сябраў камісіі вырашыць, што абгрунтавання няма, ініцыятыву здымуць з конкурсу;
  • чаканага сацыяльнага, эканамічнага і экалагічнага эфекту ад рэалізацыі ініцыятывы;
  • завершанасці - ці з’яўляецца вынік рэалізацыі канчатковым або прамежкавым этапам для выніку ў будучыні;
  • навізны (інавацыйнасці);
  • накіраванасці на паляпшэнне якасці жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі;
  • магчымасці вырашыць найбольш вострыя сацыяльныя праблемы, раней не вырашаныя мясцовымі органамі кіравання і самакіравання па зваротах грамадзян.

Праекты можна дасылаць у пісьмовым выглядзе на адрас: 230 023, г. Гродна, вуліца Ажэшкі, 3, у электронным выглядзе — на e-mail: oblsovdep@grodno-region.gov.by (з паметкай у тэме ліста «Праект грамадзянскай ініцыятывы»). Да праекту трэба прыкласці заяўку з кантактамі і дадзенымі ініцыятара (прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, месца пастаяннага пражывання).

Папярэдне праекты разгледзіць спецыяльная камісія, створаная ў абласным Савеце дэпутатаў. Праекты, якія прайшлі першы адбор, адправяць у Гродзенскую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў для адкрытага конкурсу. У конкурсную камісію ўвойдуць прадстаўнікі асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, абласнога савета, Гродзенскага аблвыканкама, прадстаўнікі іншых дзяржарганізацый і незалежныя эксперты (з іх згоды).

Як размяркуюць сродкі

Калі паступіць толькі адзін праект, конкурс прызнаюць неадбыўшымся. У выніковым пратаколе па кожным праекце пазначаць прапанаванага выканаўцу (пры наяўнасці), агульны аб’ём фінансавання, неабходнае фінансаванне з бюджэту і суфінансаванне ад ініцыятара або іншых зацікаўленых асоб.

Калі выдзеленых бюджэтных сродкаў будзе столькі ж або больш, чым трэба для праектаў з выніковага пратакола конкурсу, пераможцамі прызнаюць усе праекты, якія ў яго ўвойдуць. Калі менш — возьмуць праекты з найбольшай колькасцю балаў, якія ўпісваюцца ў вылучаную суму.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Былы палітвязень і яго жонка з Гродна адкрываюць у Вільні краму і творчую прастору

Гродзенцы Зміцер і Вольга Фурманавы адкрываюць у цэнтры Вільні краму і творчую прастору "Kropka". Там…

13 мая 2024

Штогод патрэбна 35−40 адзінак. Для Гродна закупляюць новы транспарт

Тры новыя тралейбусы з запасам аўтаномнага ходу да 20 км ужо паступілі ў Аўтобуснае ўпраўленне…

10 мая 2024

Сцяг Перамогі над драмтэатрам, каша ў кубачках і сплаў з партрэтамі. Як Гродна адзначыў Дзень Перамогі

Святкаванне Дня Перамогі ў Гродне пачалі з акцыі "Беларусь памятае" - шэсця з партрэтамі ўдзельнікаў…

10 мая 2024

Новы экстрым у Гродне: каля гандлёвага цэнтра катаюць на дрыфт-трайках

Частку ўнутранай паркоўкі гандлёвага цэнтра OldCity аддалі пад арэнду дрыфт-трайкаў. Пакатацца за плату зможа любы ахвочы,…

9 мая 2024

Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня

У пачатку вялікіх выхадных у Беларусі чэргі на мяжы зноў выраслі - на гэты раз…

9 мая 2024

Нешта пайшло не так: у Гродне закрываюць бар VIP, які толькі адкрыўся

У Гродне закрываецца "VIP bar" на Дзяржынскага, 8А - не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён…

9 мая 2024