Навіны

Беларусы аб’яднаюцца ў 12-гадзінным анлайн-марафоне салідарнасці з палітвязнямі

Незалежныя беларускія медыі аб’яднаюцца ў суботу 29 ліпеня ў 12-гадзінным усебеларускім анлайн-марафоне салідарнасці «Нам не ўсё адно!», каб сабраць грошы для палітычных зняволеных і іх сем’яў. Да эфіру далучацца блогеркі і блогеры, палітыкесы і палітыкі, дзеячкі і дзеячы культуры і спорту, грамадскія актывісткі і актывісты.

Грошы для палітвязняў можна данаціць ужо ад 28 ліпеня. Збор закрываецца ў 23:59 30 ліпеня. Дапамогу будуць збіраць на адзін рахунак. Каб заданаціць, пераходзьце на сайт salidarnasc.com.

Дзе пройдзе марафон?

Трансляцыя будзе весціся адначасова на шматлікіх незалежных YouTube-пляцоўках з 10-й ранку да 10-й вечара па мінскім часе. З ініцыятывай выступіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай.

У арганізацыі і правядзенні марафону ўдзельнічае больш за 20 незалежных медыяў, сярод якіх Белсат TV, Еўрарадыё, Зеркало, Звычайны ранак, Радыё Свабода, Радыё Ўнэт, Страна для жизни, а таксама Беларускі расследавальніцкі цэнтр, Брестская газета, Маланка Медиа, Медыязона, Наша Ніва, Радыё Рацыя, Салідарнасць, BPN/Pozirk, Hrodna.life, Kyky.org, Nexta, Reform.by, Tribuna.com і многія іншыя.

У эфіры будуць Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, кіраўнік «Байсол» Андрэй Стрыжак, блогер Андрэй Павук, палітолаг Арцём Шрайбман, блогеры Саша Івулін і Мікіта Мелказёраў, музыкі Юрый Стыльскі і Піт Паўлаў, пісьменніца Святлана Курс і многія іншыя.

Hrodna.life у межах марафона пагутарыў з былым палітзняволеным Зміцерам Фурманавым.

Як выкарыстаюць сабраныя сродкі?

Усе данаты будуць збірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы размяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным: сацыяльны праект INeedHelpBY, медыя-праект дапамогі беларускім палітзняволеным жанчынам «Палітвязынка», Анархічны чорны крыж — Беларусь, праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязням Dissidentby, фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam», ініцыятыва BY_help, Беларуская асацыяцыя палітвязняў «ДА ВОЛІ», Беларуская Рада культуры, фонд медыцынскай салідарнасці ByMedSol, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, фонд беларускай салідарнасці BYSOL, дабрачынны фонд «Краіна для жыцця», публічная дабрачынная арганізацыя Littouwin LIONS CLUB. Кантраляваць размеркаванне сабраных грошай будзе спецыяльна створаная назіральная рада, у якую ўвойдуць прадстаўнікі медыя-арганізатараў марафону.

Усіх гледачоў марафона, якія знаходзяцца ў Беларусі, арганізацыйная група заклікае клапаціцца пра сваю бяспеку: не рэпосціць, не лайкаць і не каментаваць трансляцыю са сваіх персанальных акаўнтаў, данаціць грошы толькі праз карткі і рахункі сяброў і блізкіх, якія жывуць за мяжой.

«Кожны дзень колькасць палітзняволеных у Беларусі павялічваецца, як павялічваецца і іх татальная ізаляцыя. Выступаючы з ідэяй аб’яднанага марафону, мы імкнуліся паказаць, што нам не ўсё адно і што мы будзем працягваць прыкладаць усе магчымыя высілкі для дапамогі і падтрымкі, пакуль за кратамі застаецца хоць адзін палітзняволены, — кажа Вольга Гарбунова. — Мне давялося прайсці праз зняволенне, і я ведаю, што ратуе там: ведаць, што цябе падтрымліваюць на волі, што тваім блізкім дапамагаюць, што цябе чакаюць дома. Я запрашаю ўсіх падтрымаць марафон незалежных медыяў: распавесці пра яго сваім блізкім альбо ў сацсетках, глядзець трансляцыю, данаціць. Нам усім баліць, але вы ж ведаеце — калі дапамагаеш іншым, табе таксама становіцца лягчэй. За апошнія гады беларусы і беларускі неаднаразова паказалі, што ў самыя цяжкія часы мы здольныя аб’ядноўвацца. Бо хто, калі ня мы, дапаможа нашым палітзняволеным?»

Апошнія запісы

Новы экстрым у Гродне: каля гандлёвага цэнтра катаюць на дрыфт-трайках

Частку ўнутранай паркоўкі гандлёвага цэнтра OldCity аддалі пад арэнду дрыфт-трайкаў. Пакатацца за плату зможа любы ахвочы,…

9 мая 2024

Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня

У пачатку вялікіх выхадных у Беларусі чэргі на мяжы зноў выраслі - на гэты раз…

9 мая 2024

Нешта пайшло не так: у Гродне закрываюць бар VIP, які толькі адкрыўся

У Гродне закрываецца "VIP bar" на Дзяржынскага, 8А - не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён…

9 мая 2024

Краму «АвтоЗапчасти» ў Гродне зноў хочуць збанкруціць. Гаспадар скардзіўся на АМАП

Фірму-уладальніка крамы "АвтоЗапчасти" ў Гродне, ТАА "Рукша", зноў хочуць збанкруціць. Банкруцтва хочуць прызнаць праз эканамічны…

8 мая 2024

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі два Tesla Cybertruck: падазраюць, што іх везлі ў Расію

Два новенькія электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 года выпуску затрымалі літоўскія мытнікі 7 траўня ў…

8 мая 2024

Нерухомасць тыдня: двушка ў гістарычным доме для жыцця ў цэнтры або здачы турыстам

У Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра ў гістарычным цэнтры на вул. Гараднічанская, 27. Яна знаходзіцца ў…

8 мая 2024