Іерэя Андрэя Наздрына, настаяцеля праваслаўнага прыхода ў Альшанцы (прыход храма Свяціцеля Спірыдона Тріміфунцкага), вызвалілі з пасады. Пра гэта Наздрын паведаміў на сваёй старонцы ў Instagram.
Указ іерэй Андрэй Ноздрын атрымаў 18 траўня 2022 года. Разам з пасадай настаяцеля Наздрын таксама страціў пасаду кіраўніка місіянерскага аддзела і адказнага па пытаннях фізічнай культуры і спорту Гродзенскай епархіі.
На пачатку траўня з Наздрыным правялі прафілактычкую гутарку. Гэта стала вядома з адказу за подпісам начальніка УУС Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Андрэя Форыся. Яго апублікавала праўладная актывістка Вольга Бондарава. У сваім канале яна называе Наздрына «бчб-папом», які нібыта «тапіў за дзяржаўны пераварот», публікаваў «нацысцкі гімн» (яна мае на ўвазе песню «Магутны Божа»), рэпосціў экстрэмісцкія матэрыялы і падтрымліваў «тэрарыстычны рэжым Украрэйха».
Менавіта па заяве Вольгі Бондаравай правялі праверку. Парушэнняў з боку Наздрына не выявілі. Але прафілактычную гутарку аб выкананні заканадаўства і недапушчэнні экстрэмісцкіх правапарушэнняў і злачынстваў правялі.
UPD: З 19 траўня 2022 года Наздрына прызначылі на пасаду настаяцеля рэлігійнай супольнасці пры храме Пераўтварэння Гасподня ў вёсцы Коматава (Гродзенскі раён), а таксама на пасаду святара ў царкве Святой прападобнай Марфы ў Гродне (на старых праваслаўных могілках на вуліцы Прыгараднай).
Акрамя гэтага, Наздрына прызначылі адказным за акармленне духоўных патрэбаў веруючых храма Раства прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Сялюкі (в. Жараслаўка) у Гродзенскім раёне. Адпаведны ўказ апублікавалі на сайце Гродзенскай епархіі.
Андрэй Наздрын — клірык Гродзенскай епархіі БПЦ, настаяцель храма Спірыдона Трыміфунцкага ў Гродне. Скончыў Варшаўскую праваслаўную семінарыю і Варшаўскую багаслоўскую акадэмію. У 2011−2016 гг. працаваў у Свята-Пакроўскім саборы ў Гродне.
У жніўні 2020 года заклікаў не распальваць варожасць паміж народам і арміяй. Быў адным з гродзенскіх святароў, хто дапамагаў затрыманым падчас мірных пратэстаў у жніўні 2020 года: прывозіў у турму ваду і сродкі гігіены.
Мяркуючы па акаўнце ў Facebook, падтрымліваў Віктара Бабарыку. Адкрыта выступаў супраць вайны ва Украіне.
Яго брат і бацька — таксама святары Гродзенскай епархіі.
У ліпені 2021 года стала вядома, што святара Герогія Роя знялі з пасады настаяцеля Пакроўскага сабора. Тады ж Нікалая Гайдука знялі з пасады настаяцеля Нікольскага храма на Архіерэйскім падвор'і, а Анатолія Ненартовіча — з пасады сакратара Гродзенскай епархіі.
Рэпрэсіі супраць святароў Гродзенскай епархіі пачаліся пасля таго, як епіскапа Арцемія адправілі на пенсію нібыта па стане здароўя паводле хадайніцтва Сінода Беларускага экзархата. У жніўні 2020 года Арцемій выказаўся супраць дзеянняў сілавікоў. На яго месца прызначылі новага епіскапа — Антонія.
Чытайце таксама:
Тры памяшканні ў будынках са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці ў самым цэнтры Гродна і яшчэ адно…
Мінчанка Вера Таратухіна тры гады кіравала папулярным у Гродне вінным барам "Чырвоным па белым" (пазней…
Будынак былой сінагогі ў Слоніме выкупіў дырэктар расійскага акцыянернага таварыства “Агенцтва Развіцця Перспектыўных Тэхналогій” (АРПТ).…
У Лідзе прайшлі масавыя затрыманні на дзяржпрадпрыемствах і прыватных фірмах. Трох гродзенцаў будуць судзіць завочна.…
Ураджэнца Гродна кампазітара Ежы Максімюка ўзнагародзілі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы – ордэнам Белага Арла. Гэта…
На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…