Навіны

«У мяне апускаюцца рукі». Найвялікшую валанцёрскую пляцоўку па шыцці камбінезонаў для медыкаў у Гродне могуць закрыць

За месяц у Гродзенскім дзіцячым хосьпісе людзі з інваліднасцю і валанцёры пашылі каля 700 камбінезонаў, каб засцерагчы медыкаў падчас эпідэміі. Аднак гэтую працу могуць спыніць, а памяшканьне перадаць пад «чыстую зону» для супрацоўнікаў паліклінікі, у будынку якой месціцца хоспіс, піша «Радыё С**бода».

«Яны робяць свой унёсак у абарону мэдыкаў»

Гродзенскі дзіцячы хоспіс — грамадзкая арганізацыя, якая месьціцца ў будынку дзіцячай паліклінікі № 2 у Гродне.

Ужо месяц як людзі з інваліднасьцю і валянтэры шыюць там ахоўныя касьцюмы для мэдыкаў. Праца ідзе ў межах майстэрні людзей з інваліднасьцю. Праект хоспісу выграў грант у праграме малых грантаў пасольства ЗША ў Беларусі.

Чытайце таксама: «Калі лекары вымруць, хто нас будзе лячыць?» Як гродзенцы ратуюць мэдыкаў у час пандэміі

Першапачаткова ў майстэрні займаліся іншым — прыкладам, расфарбоўвалі драўляныя домікі. З пачаткам эпідэміі каранавірусу пачалі шыць мэдычныя маскі, потым перайшлі на камбінэзоны. Да працы пачалі далучацца гарадзкія валянтэры. Усяго за месяц у супольным шыцьці паўдзельнічалі 35 чалавек. Усе сродкі індывідуальнай абароны, зробленыя ў хоспісе, бясплатна перадавалі мэдычным работнікам Гродзенскай вобласьці.

Каардынатарка майстэрні для людзей з інваліднасьцю Сьвятлана Пінчук (першая зьлева)

Пасьля таго як пра валянтэраў у хоспісе пачалі пісаць мэдыя, кіраўніцтва дзіцячай паліклінікі № 2 папрасіла іх вызваліць хол, у якім ідзе шыцьцё.

Як расказала каардынатарка майстэрні для людзей з інваліднасьцю Сьвятлана Пінчук, 19 траўня ў хоспіс прыходзіў намесьнік галоўнага лекара Гродзенскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі Алег Перагарулька, які патлумачыў, што займаецца кантролем стварэньня «чыстых» і «брудных» зон у гродзенскіх лякарнях.

Алег Перагарулька

«Ён сказаў, што мы незаконна займаем плошчу хола, перашкаджаем працы паліклінікі, а менавіта стварэньню „бруднай“ і „чыстай“ зоны… Ён сказаў, што грант таксама пад пытаньнем, ці мелі мы права яго рэалізоўваць, бо хоспіс дзіцячы, а грант — для працы з дарослымі людзьмі з інваліднасьцю… Што калі пачнуць разьбірацца, то напішуць у пасольства, і хуценька нам тут усё перадумаюць», — пераказвае Сьвятлана Пінчук.

У холе хочуць стварыць «чыстую зону» і «шлюз», дзе мэдыкі будуць пераапранацца, каб трапіць потым у лякарню. Хол — месца агульнага карыстаньня паліклінікі і хоспісу. Аднак звычайна гэтым дадатковым уваходам карысталіся толькі супрацоўнікі хоспісу. Супрацоўнікі паліклінікі заходзілі праз галоўныя дзьверы зь іншага боку будынка.

Знайсьці іншую зручную пляцоўку для працы людзей з інваліднасьцю складана. У кабінэтах хоспісу мала месца, у сэнсорным пакоі прыглушанае асьвятленьне. Праца ў такіх умовах зьнізіць якасьць і колькасьць касьцюмаў. Працаваць у іншым будынку таксама малаверагодна, бо безбар’ернае асяродзьдзе далёка не паўсюль.

«Я не магу забараніць людзям дапамагаць. Яны такім чынам робяць свой унёсак у абарону мэдыкаў, каб сытуацыя палепшылася, каб захавалася здароўе людзей. Можна сядзець дома і абмяркоўваць навіны, а можна рабіць. Яны ўсе [валянтэры] абралі нешта рабіць. Забараніць ім? Чалавек больш не захоча дапамагаць. Мы застанемся ў кепскай сытуацыі, калі будзе вялікая колькасьць заражаных лекараў і вялікая колькасьць хворых. Мы самі сябе тады ставім пад пагрозу», — разважае Сьвятлана Пінчук.

«У мяне апускаюцца рукі»

Дырэктарка Гродзенскага дзіцячага хоспісу Вольга Вялічка патлумачыла, што праект з сацыяльнай майстэрняй рэалізуецца зь верасьня мінулага году. Пытаньняў да яго раней не было. Хоспіс не парушае законаў, бо праект зарэгістраваны, а адзін з кірункаў статутнай дзейнасьці хоспісу — праца з дарослымі людзьмі з інваліднасьцю.

Вольга Вялічка

«Калі прыходзіць паліклініка са мной дамаўляцца, якім чынам зрабіць „чыстую“ і „брудную“ зону, і яны ведаюць, што там сядзяць валянтэры, якія шыюць для іхніх калегаў касьцюмы, то натуральна сказаць людзям „дзякуй“ і прапанаваць хоць якое выйсьце, каб мэдыкам касьцюмы далей шыліся», — разважае Вольга Вялічка.

Чытайце таксама: Вольга Вялічка: «За 10 гадоў кіравання хоспісам я навучылася ўсяму«

Дырэктарка хоспісу спрабавала вырашыць пытаньне з кіраўніцтвам дзіцячай паліклінікі. Яна прапаноўвала аддаць сэнсорны пакой у хоспісе пад месца, дзе будуць пераапранацца мэдыкі, а хол пакінуць для шыцьця надалей. На думку кіраўніцы хоспісу, інакш арганізаваць на гэтым лапіку «чыстую» зону і «шлюз» немагчыма фізычна. Але чамусьці ейнае рашэньне не падышло.

«Мы шыем касьцюмы. Мэдыкі з-пад крыса просяць і дзякуюць. А чыноўнікі кажуць: „У нас усё ёсьць, нам гэтыя касьцюмы не патрэбныя“. Адны людзі робяць для іншых людзей. І ёсьць трэцяя група, якая жыве ў сваім сьвеце, у іншай рэальнасьці, і яны забыліся на простае слова „дзякуй“», — кажа Вольга Вялічка.

Яна зьдзіўляецца, што хоспіс крытыкуюць за працу зь людзьмі з інваліднасьцю і за валянтэрскую дапамогу мэдыкам.

«Я б ім параіла стварыць альтэрнатыву, каб людзям са складанай інваліднасьцю, якім ад 18 да 24 гадоў, было куды пайсьці. Вельмі зручна крытыкаваць працу іншых, вельмі складана самастойна ствараць сыстэму… У мяне апускаюцца рукі. Тое нельга, гэта нельга, гэта ня так зрабілі. Ніякай станоўчай крытыкі», — абураецца дырэктарка хоспісу.

Ці магчыма дамовіцца?

Ці магчыма прыйсьці да кампрамісу і знайсьці месца і для «чыстай зоны» са «шлюзам», і для майстэрні? Знайсьці адказ на гэтае пытаньне пакуль не ўдалося. Карэспандэнт БелаПАН ня змог дазваніцца да выканаўцы абавязкаў галоўнага лекара дзіцячай паліклінікі № 2 у Гродне Ірыны Голуб. Намесьнік галоўнага лекара Гродзенскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі Алег Перагарулька ў тэлефоннай размове з журналістам БелаПАН адмовіўся ад камэнтароў.

Чытайце таксама: Як дапамагчы састарэлым і не толькі пры пандэміі? Раскажуць на семінары

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).

Падзяліцца

Апошнія запісы

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024