Новае палажэнне аб прызыве: дзе апублікуюць спісы ухілістаў і як служыць двайнятам

На інтэрнэт-партале pravo.by афіцыйна апублікаванае «Палажэнне аб прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве», якое 4 лістапада ўхваліў Савет міністраў. У дакуменце распісаныя асаблівасці нацыянальнага прызыву: ад яго планавання да прызнання 27-гадовых беларускіх ухілістаў «грамадзянамі якія не прайшлі вайсковую службу па прызыве, не маючы на ​​тое законных падстаў».

Уручэнне позваў

Уручэнне позваў ускладаецца на арганiзацыi, якiя ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) прадастаўляюць жыллёва-камунальныя паслугі, а таксама на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, у якіх вядзецца ўлік прызыўнікоў, і на ўстановы адукацыі. Позвы могуць уручацца грамадзянам не толькі па месцы жыхарства, але і на працоўных месцах, піша euroradio.fm.

Калі хлопец з нейкіх прычын не атрымаў позву і не з’явіўся на мерапрыемствы па прызыве, гэта трапіць у мясцовыя СМІ. 4 лістапада, акурат у той дзень, калі Саўмін прыняў «Палажэнне аб прызыве грамадзян …», мазырская газета «Жыццё Палесся» апублікавала такі спіс з 18 прозвішчаў і гадоў нараджэння прызыўнікоў. «Хочацца верыць, што ім проста не паведамілі пра неабходнасць яўкі ў ваенны камісарыят для выканання вайсковага абавязку», — з'едліва заўважыў журналіст газеты.

Асобны пункт для двайнят

Калі ваенкамат адначасова прызывае братоў-блізнят, дык, як правіла, іх накіроўваюць у адну вайсковую часць. Перашкодзіць гэтаму могуць вынікі медыцынскага агляду і іншыя патрабаванні, праз якіх двайнят усё ж давядзецца разлучыць.

На парадзе ў Мінску / Еўрарадыё

Адтэрміноўка для студэнтаў

Беларускія студэнты, якія вучацца ва ўніверсітэтах за мяжой, атрымліваюць адтэрміноўку для атрымання вышэйшай адукацыі толькі адзін раз — як і тыя, хто навучаецца ў Беларусі. Але ёсць нюанс: калі вучыцца за мяжу студэнта накіраваў дзяржаўны орган або арганізацыя, адтэрміноўка прадастаўляецца на ўвесь перыяд навучання. Для гэтага дастаткова хадайніцтва ад «адпраўшчыка».

Асобна агаворана, што лекары-інтэрны атрымліваюць адтэрміноўку на перыяд праходжання інтэрнатуры і здачы кваліфікацыйнага экзамену па спецыяльнасці інтэрнатуры. Адтэрміноўка прадастаўляецца па заявах грамадзян, з указаннем часу, на які заключаны тэрміновая працоўная дамова на перыяд праходжання інтэрнатуры.

Закон Годвіна па-беларуску

Аляксандр Лукашэнка мае права выдаваць указы аб адтэрміноўцы ад прызыву. У такім выпадку адтэрміноўкі прадастаўляюцца на тэрмін дзеяння гэтых указаў.

Вайсковы парад у Мінску / Еўрарадыё

На прызыўных і зборных пунктах

Асобна ў «Палажэнне аб прызыве грамадзян…» вызначана, што і як павінна адбывацца на прызыўных і зборных пунктах. Напрыклад, акрамя памяшканняў для размяшчэння прызыўнікоў і кабінетаў для «кантрольнага» медычнага агляду (па адным кабінеце на кожнага доктара-спецыяліста), там павінны быць пакоі вольнага часу і інфармавання для правядзення вайскова-патрыятычнай работы.

На зборным пункце дазваляецца «мець рэзервовую колькасць прызваных грамадзян, неабходную для поўнага ўкамплектавання адпаведных вайсковых каманд». Тыя, хто ўсё ж такі не з’ехаў па прызыве, вяртаюцца са зборных пунктаў у свае ваенныя камісарыяты. Да наступнага прызыву.

Калі лекар, які праводзіць «кантрольны» агляд прызыўніка на зборным пункце, знаходзіць адхіленні ў стане здароўя, якія ўплываюць на катэгорыю прыдатнасці да вайсковай службы або службы ў рэзерве, але не перашкаджаюць адпраўцы на службу, абласныя (Мiнская гарадская) прызыўныя камісіі не адмяняюць рашэнняў раённых (гарадскіх) прызыўных камісій. Лекары ўносяць запіс аб змяненні катэгорыі прыдатнасці ва ўліковую карту прызыўніка, і адпраўка хлопца ў вайсковую часць праводзіцца з улікам выяўленых адхіленняў у стане здароўя.

Ёсць яшчэ два варыянты развіцця падзей. У выпадку, калі знойдзеныя адхіленні ў стане здароўя перашкаджаюць адпраўцы прызыўніка да месца службы, пасля ўнясення запісу ў яго уліковую карту прызыўная камісія прымае рашэнне аб прадастаўленні яму адтэрміноўкі ад прызыву або залічэнні ў запас узброеных сілаў (вызваленні ад прызыву) па стане здароўя. А калі лекар на зборным пункце прыйдзе да высновы, што прызыўніка трэба дадаткова абследаваць, прызыўная камісія прымае рашэнне аб яго накіраванні на медыцынскае абследаванне.

Пажыццёвыя ўхілісты

Калі беларусам, якія падлягаюць прызыву, але якiя не прайшлi яго, спаўняецца 27 гадоў, ваенныя камісары ​​раёнаў атрымліваюць іх асабістыя справы, а таксама справы аб учыненых імі адміністрацыйных правапарушэннях і крымінальных злачынствах. Пры правядзенні чарговага прызыву гэтыя матэрыялы разглядаюць прызыўныя камісіі. Калі яны знаходзяць там дастаткова дадзеных, якія сведчаць аб дапушчаных парушэннях, у выніку якіх грамадзяне не прайшлі мерапрыемствы па прызыве, яны могуць прыняць рашэнне аб прызнанні іх тымі, хто не прайшоў вайсковую службу па прызыву, не маючы на ​​тое законных падстаў.

Калі ў матэрыялах, атрыманых прызыўной камісіяй, ёсць копія прысуду суда за ўхіленне ад прызыву, які набыў законны моц, прызыўная камісія ў абавязковым парадку прымае рашэнне аб прызнанні хлопца тым, хто не прайшоў вайсковую службу па прызыву, не маючы на ​​тое законных падстаў. Рашэнне прымаецца большасцю галасоў ад поўнага складу камісіі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Фантаны ў Гродне ўключаць 30 красавіка. Што ў праграме?

Сезон працы гарадскіх фантанаў у Гродне адкрыюць 30 красавіка. З 20:00 у парку Жылібера запланавана…

26 красавіка 2024

Бондарава прайграла суд гродзенскаму сайту — ёй прыйшлося выправіць свой допіс і апраўдацца

Пра тое, за што Вольга Бондарава судзілася з гродзенскім сайтам Grodno.in, яна напісала сама. Прычынай…

26 красавіка 2024

$ 3700 — за тое, што ледзь не памёр. Электразваршчык спагнаў кампенсацыю пасля падзення на кароўніку — не было абароны

Электразваршчык аднаго з прадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна будаваў кароўнік без сродкаў абароны - фірма не ўкладвалася…

25 красавіка 2024

Гродзенцы хочуць ведаць, куды знікла шыльда ў гонар Касцюшкі: стварылі петыцыю ў гарвыканкам

Гродзенцы патрабуюць ад чыноўнікаў растлумачыць, куды знік памятны знак, прысвечаны побыту ў Гродне нацыянальнага героя…

25 красавіка 2024

Гродзенскі сайт падаў у суд на Бондараву: абараняе дзелавую рэпутацыю

Таварыства з абмежаванай адказнасцю "Гроднаін", уладальнік партала Grodno.in, падало іск аб абароне дзелавой рэпутацыі да…

25 красавіка 2024

Беларусы праз суды даказваюць «польскасць» продкаў. Галоўны аргумент — наведванне касцёла

Каб атрымаць карту паляка, некаторыя грамадзяне Беларусі звяртаюцца ў суд. Там яны просяць памяняць нацыянальнасць…

25 красавіка 2024