У Гродне ствараюць «Сацыяльную майстэрню» каб даць працу людзям з інваліднасцю

У Гродзенскім дзіцячым хоспісе стварылі праграму па працаўладкаванні і самазанятасці людзей з рознай формай інваліднасці. Месяц таму запусцілі пошук жадаючых, а 30 кастрычніка прайшоў арганізацыйны сход. Туды таксама запрасілі навучальныя ўстановы, якія займаюцца прафесійнай падрыхтоўкай людзей з інваліднасцю.

— Гэта сапраўды з’яўляецца праблемай — праца і самазанятасць людзей з інваліднасцю. Але ўжо ёсць вялікія зрухі ў краіне, — кажа Вольга Вялічка, дырэктарка хоспіса. — У 2015 годзе была прынята Канвенцыя ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Неўзабаве яна была ратыфікавана. Гэта дазволіла нашай краіне мяняць заканадаўства, каб людзі з рознай формай інваліднасці паўнавартасна ўключаліся ў грамадскае жыццё. І каб бар’ераў, якія сёння ёсць, станавілася менш.

Вольга кажа, што мясцовыя ўлады зрабілі шмат і Гродзенская вобласць выглядае нядрэнна па гэтых паказчыках. Свой уклад хоспіс вырашыў зрабіць праз стварэнне «Сацыяльнай майстэрні», рэалізаваўшы праект «Узмацненне інтэграцыі людзей з інваліднасцю ў працоўную дзейнасць». Праект падтрымалі ў пасольстве ЗША.


Людзей з інваліднасцю навучаць зарабляць хэнд-мэйдам


— Мне здаецца, гэта вельмі актуальная тэма. Менавіта таму праект і выбралі. У нас ужо ёсць папярэдні паспяховы вопыт работы па працаўладкаванні людзей з абмежаванымі магчымасцямі, стварэнні новых працоўных месцаў і развіцці сацыяльных прадпрыемстваў. Спадзяемся, з вашай дапамогай гэты праект таксама дасягне сваіх вынікаў, — кажа Аляксей Мельнікаў, які працуе ў аддзеле інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША, дзе займаюцца праграмай малых грантаў і дзе падтрымалі праект.

Як усё будзе праходзіць?

Аб праекце распавяла псіхолаг хоспіса Марыя Бразінскага. У рамках праекта плануюць павысіць матывацыю ў людзей з інваліднасцю, развіць іх камунікатыўныя навыкі, навучыць даследаванню рынку і працоўнай падрыхтоўцы. Таксама раскажуць пра заканадаўства ў гэтай сферы і рэгуляванне рынку, працу ў інтэрнэце і сацсетках. У межах праекта вывучаць перашкоды ў інтэграцыі людзей з інваліднасцю.

Вучыць дызайну, прыкладному мастацтву і дэкарыраванню будзе дызайнер Святлана Пінчук. Яна паказала прыклады работ. Напрыклад, гадзіннік хоспіса — ён быў зробленыя з фанеры, пафарбаваны марылкай і распісаны акрылавай фарбай. Па фінансавых выдатках вельмі бюджэтна. Або абажуры — яны зроблены з металічнага каркаса і тканіны.

У сацыяльнай майстэрні будуць тэарэтычныя і практычныя заняткі. На практычных Святлана навучаць працаваць з інструментам і матэрыялам. Працаваць будуць з дрэвам, шклом, бетонам, гіпсам, металам. З аздобных матэрыялаў будуць выкарыстоўваць алей, лакафарбу, фарбу. Пры пажаданнях групы спіс можа пашырыцца. На тэарэтычных запрошаныя спецыялісты раскажуць пра маркетынг і прасоўванне сваёй прадукцыі.

Праект пачынаецца ў лістападзе, скончыцца — у ліпені. Заняткі будуць праходзіць у хоспісе — тут створана безбар’ернае асяроддзе. Збірацца будуць па аўторках, чацвяргах і пятніцах з 13.00 да 17.00. У перапынках можна будзе пагутарыць нефармальна і знайсці новых сяброў.

Арганізатары пакуль вырашаюць, як будуць рэалізоўваць прадукцыю. Напрыклад, ёсць ідэя правесці кірмашы. Частка грошай пойдзе на дзіцячы хоспіс. А частка — на прыемны бонус. У канцы навучання ўдзельнікаў будзе чакаць паездка на мора. Або іншы бонус, які абярэ група.

Цяпер праект на стадыі анкетавання. Плануюць набраць 15 чалавек.

Што ў Гродне з працаўладкаваннем людзей з інваліднасцю?

Лілія Санюкевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама, кажа, што яны працуюць у рамках закона «Аб занятасці насельніцтва» і дзяржаўнай праграмы «Аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва».

Чалавеку з інваліднасцю дапамагаюць знайсці працу з улікам рэкамендацый індывідуальнай рэабілітацыі. Калі ў яго ёсць прафесія, па якой ён не можа ўладкавацца з-за захворвання, альбо чалавек не мае прафесійнай адукацыі, яму прапануюць прайсці прафесійнае навучанне па кірунку ад службы занятасці. Навучанне праводзяць па найбольш запатрабаваных прафесіях: будаўнічы профіль, швачка, прадавец. На базе сярэдне-спецыяльнай альбо вышэйшай адукацыі можна стаць кладаўшчыком або спецыялістам па закупках.

Лінія Санюкевіч кажа, што ў сярэднім у год звяртаецца каля 250−300 чалавек з інваліднасцю. З іх 76% - гэта людзі з інваліднасцю трэцяй групы, у якіх менш абмежаванняў у працаўладкаванні. З першай групай інваліднасці звярнуўся адзін чалавек, з другой — да дзесяці.

Як працуюць людзі з інваліднасцю?

Галіна Алісава — дырэктарка прадпрыемства «Штучкі ў вашы ручкі». Тут вырабляюць дэкаратыўныя падушкі-антыстрэс. Яны карыстаюцца попытам у моладзі і дзяцей, але і старэйшым падабаюцца. Асабліва добра іх купляюць у перыяд святаў.

У штаце 12 чалавек, з іх 60% - людзі з інваліднасцю. Гэта людзі розных спецыяльнасцяў - швачка, прыбіральшчыца, аператар лічбавага друку. Калясачнікаў сярод іх няма, так што памяшканне не трэба было дадаткова абсталёўваць.

Першапачаткова Галіна не планавала браць на працу людзей з інваліднасцю. Але ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне прапанавалі іх узяць. Некаторыя працуюць па праграме адаптацыі да працоўнай дзейнасці. Некаторыя засталіся пасля яе працаваць далей. А прадпрыемства за гэта атрымлівае розныя бонусы.

Як стымулююць прадпрыемства прымаць на працу людзей з інваліднасцю?

Па-першае, ёсць браніраванне працоўнага месца для чалавека з інваліднасцю. Гэта значыць, што на заканадаўчым узроўні ёсць прадпрыемства, якому ўстаноўлена заданне па прыёме на працу інваліда. Калі ў яго з’яўляецца вакансія, а ў цэнтры занятасці ёсць чалавек з інваліднасцю з адпаведнай прафесіяй, яго накіроўваюць, а прадпрыемства не можа яму адмовіць.

Па-другое, ёсць адмысловыя праграмы, якія накіраваны на стымуляванне наймальніка да прыёму на працу людзей з інваліднасцю. Напрыклад, працаўладкаванне ў рамках адаптацыі да працоўнай дзейнасці. Заключаецца дагавор паміж наймальнікам і службай занятасці. Чалавек з інваліднасцю да 12 месяцаў працуе на прадпрыемстве і прадпрыемству на працягу гэтага часу кампенсуюць затраты на аплату працы гэтага работніка.

Таксама служба занятасці можа кампенсаваць і фінансаваць затраты па стварэнні рабочых месцаў і іх захаванні за людзьмі з інваліднасцю. Прадпрыемства закупляе спецыяльнае абсталяванне і стварае працоўныя месцы. Работнікаў прымаюць па накіраванні. Такое працоўнае месца захоўваецца за чалавекам з інваліднасцю тры гады. У мінулым годзе так падтрымалі арганізацыі і стварылі 28 рабочых месцаў. Кампенсацыя склала больш за 700 000 рублёў.

Таксама ў гарвыканкаме абяцаюць падтрымаць прадпрымальніцкія ініцыятывы людзей з інваліднасцю. Ім акажуць бязвыплатную фінансавую падтрымку ў памеры 2 500 рублёў. Больш падрабязна пра гэта можна даведацца на афіцыйных мерапрыемствах,
пра якія будзе інфармацыя на сайце гарвыканкама.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024