Людзі і справы

«Ён быў найлепшым з усіх прэтэндэнтаў на прэзідэнта». Сямёна Домаша ўзгадвае Аляксандр Мілінкевіч

У Гродне пры яго падтрымцы нараджаліся новыя фестывалі, горад адрадзіў свой 500-гадовы герб, вуліцам вярталіся старадаўнія назвы, а вернікам святыні. Сямёна Домаша на <С**бодзе ўзгадвае Аляксандар Мілінкевіч.

Ён быў прадстаўніком тэхнічнай наменклатуры, пра такіх кажуць «зрабіў сябе сам». Чалавек часоў перабудовы, Адраджэння і вялікай веры ў перамены. У 43 гады яго абралі (былі ж такія часы!) кіраўніком Гродзенскай вобласці, найлепшай у краіне. Да гэтага ён ужо быў паспяховым мэрам Ліды, потым і Гродна. Абралі яго дэпутаты, сярод якіх значная частка была з дэмакратычнага асяроддзя.


У Гродне памер экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Сямён Домаш


Сямён Домаш — мой хросны бацька ў палітыцы. Ён мяне паклікаў, прапанаваўшы пасаду свайго намесніка ў гарвыканкаме. Я супраціўляўся, казаў, што мне падабаецца праца ва ўніверсітэце, ды і нарады не правяду, бо не ўмею. А Сямен Мікалаевіч проста адказаў: «Вы Гродна любіце, трэба яму паслужыць. А то ў выканаўчай уладзе ўсе аднадумцы, а людзі ў горадзе — яны розныя. Давайце створым кааліцыйны ўрад у Гродне. Чаго не будзеце ведаць — дапамагу».

Усе ведалі: Домаш — чалавек слова. Ён быў сапраўдным лідарам, за якім хацелася ісці. І не таму, што паклікаў, а таму, што побач з ім надзейна. Такі не здрадзіць, падставіць плячо, дапаможа. Умеў жорстка патрабаваць і кантраляваць, але ніколі не абражаў, не памятаю, каб ён хоць раз павысіў голас. Адначасова не імкнуўся ўсё вырашаць сам, шчыра давяраў людзям, якія з ім працавалі. Домаш быў бібліяфілам, меў велізарны збор добрых кніг і бесперапынна чытаў, асабліва многа па беларускай гісторыі і культуры.

Ён паслядоўны прыхільнік нацыянальнага Адраджэння і без гучных лозунгаў працаваў на яго. Гродзенцам было няпроста ў 90-я, як і ўсім у Беларусі. Заробкі па пары дзясяткаў долараў, беспрацоўе. І гродзенскія ўлады зрабілі стаўку на падтрымку малога бізнесу. Праз чатыры гады ён ужо даваў каля паловы гарадскога бюджэту. У культурным і мастацкім жыцці свабода рабіла сваё — яно віравала.

У Гродне пры падтрымцы Сямена Мікалаевіча нараджаліся новыя фестывалі, горад адрадзіў свой 500-гадовы герб, вуліцам вярталіся старадаўнія назвы, а вернікам усе храмы, адно за адным рэгістраваліся грамадскія аб’яднанні і нацыянальныя суполкі, у садках, школах, універсітэце панавала беларуская мова, мастакам у цэнтры горада былі аддадзеныя пад майстэрні добрыя памяшканні за малыя цэны.

Цяжка ўявіць сёння, што галоўная апазіцыйная газэта «Пагоня» мела свой офіс у гарвыканкаме… побач з аддзелам адукацыі. Праз усё жыццё для Сямена Домаша асноўнымі каштоўнасцямі былі праўда і справядлівасць. Менавіта таму ён як дэпутат парламенту не мог не падпісаць імпічмент Лукашэнку і не адмовіўся ад подпісу нягледзячы ні на што.

Домаша паважалі ўсе, нават тыя, хто не вельмі любіў. Ён не быў занадта красамоўны, але калі гаварыў, наступала цішыня. Яму верылі. Сямен Домаш стаў кандыдатам у прэзідэнты ў 2001 годзе дзякуючы моцнай падтрымцы сотняў незалежніцкіх праеўрапейскіх арганізацый ва ўсіх рэгіёнах краіны, якія аб’ядналіся ў выбарчы блок «Рэгіянальная Беларусь». На жаль, так сталася, што ў той год адзінага дэмакратычнага кандыдата вызначыў не Кангрэс, а закрытае паседжанне пяцёркі прэтэндэнтаў. Сямён Домаш меў значную перавагу амаль па ўсіх вызначаных папярэдне крытэрах: колькасці сабраных подпісаў, па пазітыўным і негатыўным рэйтынгах, па геаграфіі і колькасці групы падтрымкі. Акрамя аднаго — у ягонага штабу было менш фінансаў на заключны этап кампаніі.

Сямён Мікалаевіч не стаў «адзіным». Як чалавек слова ён зняўся ў час свайго выступу па тэлебачанні. Лічу, што Сямён Домаш быў найлепшым з усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі ў нашай сучаснай гісторыі.

Мне яго не стае.

Падзяліцца
Меткі: асобы

Апошнія запісы

Загадчыцу інтэрната ў Гродне аштрафавалі за нямытыя пліты

Загадчыца аднаго з інтэрнатаў у Гродне не ўсачыла за тым, каб паддоны электраплітаў на кухні…

7 мая 2024

Колькасць пасажыраў зменшылася на 99%, страты больш за 8,5 млн. Што зараз з гродзенскім аэрапортам у Абухаве?

За чатыры гады колькасць пасажыраў гродзенскага аэрапорта знізілася за 99% – з 10 000 да…

7 мая 2024

Магічны відэарэгістратар. Збітаму ДАІшнікамі рабочаму не паверыў мясцовы суд — але ў яго ёсць шанец іх пакараць

Рабочага Белспажыўтаварыства збілі двое ДАІшнікаў - у іх аўтамабілі і кабінеце РАУС. Пра гэта ён…

7 мая 2024

«Вольнае валоданне літоўскай, англійскай, польскай, нямецкай». ТОП-5 самых аплочваемых вакансій Гродзенскай вобласці

У пяцёрцы самых прыбытковых вакансій – дырэктар, кіраўнікі зменаў і аддзелаў, а таксама маркетолаг. Hrodna.life…

7 мая 2024

На «Гродна Азот» забароняць карыстацца смартфонамі і выходзіць у інтэрнэт

На «Гродна Азот» і прадпрыемствах, у якіх ён выступае заснавальнікам, супрацоўнікам забароняць карыстацца смартфонамі і…

6 мая 2024

Вайскоўцы кампенсавалі шкоду пацярпеламу гродзенцу — а цяпер забіраюць грошы ў вінаватых

Двух адказчыкаў прызналі вінаватымі ў нядбалым стаўленні да службы, якое прывяло да цяжкіх цялесных пашкоджанняў…

6 мая 2024