Заўсёды, калі нехта з сям'і трапляў у шпіталь, мая мама хадзіла праведваць захварэўшага кожны дзень і насіла хатнюю гарачую ежу. Бабуля ці дзядуля аднекваліся, што не трэба, але маму ўжо не пераробіш. Яна ўпэўнена, што ў шпіталі хочацца есці, а дранікі - проста выдатная страва для хворага.

Я з другога пакалення — прыношу ў шпіталь тое, што просіць захварэўшы, і нешта ад сябе са смакалыкаў ці часопіс нейкі пачытаць.

Нядаўна мая сястра трапіла ў інфекцыйны шпіталь з сынам (3 гады). Паехала вечарам у нядзелю на хуткай. Узяла з сабой толькі самае неабходнае. Муж яе застаўся дома з другім «на бальнічным» (3 гады).

Першыя два дні я прыносіла ёй усё, што яна прасіла — а то забаўкі, а то ваду… На трэці дзень я вырашыла прынесці хатняй ежы (пакаленне іншае, але ж я маміна дачка таксама). У інфекцыйны шпіталь, вядома, нікога не пускаюць. Можна толькі перадаць пакет.

Праз гадзінку сястра патэлефанавала:

— Дзякуй. Вельмі смачна. Мы тут з суседкай па боксе падзяліліся. Да яе ніхто не прыходзіць.

— Ой, — схамянулася я, — вас дрэнна кормяць? Чаму ж ты не казала!

— А нас тут не кормяць. Толькі дзяцей.

У мяне ўсё аж скаланулася. «ЯК? І ТЫ МАЎЧАЛА?». Сястра хацела трохі пахудзець, выкарыстала сітуацыю як дыету, таму і ела аўсянку, да якой малы пасля атручвання ані кранаўся. Ну, выбар яе — мы не саромеемся сказаць, што трэба.

А вось уявіце сітуацыю суседкі па боксе — забралі на хуткай ноччу ў шпіталь, палажылі ў бокс, выходзіць нельга (інфекцыя!), не кормяць — толькі гатаваная вада ў неабмежаванай колькасці, ніхто не прыходзіць (няма каму, не хоча, не можа — я ўжо не ведаю, бываюць розныя жыццёвыя сітуацыі). Праўда, я проста ў шоку. Сацыяльная дзяржава.