П. 4 Морального кодекса коммунизма:

Высокое сознание общественного долга, нетерпимость к нарушениям общественных интересов.

Летам, падчас канікул, а шостай раніцы збіраліся вяскоўцы ля кузні на мехдвары. Прыязджаў дырэктар і запісваў, хто на якую працу пойдзе сёння. Нас, хоць мы былі і малыя 10−15 год, таксама бралі. За працадзень плацілі 2 рублі 76 капеек. Звычайна гэта была праца па разгрузцы цюкоў з сенам. Самазвалам прывозілі сцюкаванае ў квадраты сухое сена і вывальвалі пад навес, а мы цягалі і складалі цюкі адзін на адзін.

150ГрамадзянесссрАднаго разу пайшоў моцны дождж. Шафёр не хацеў скідаць пад навесам. Як мы яго не прасілі заехаць пад навес — ён вываліў цюкі проста ў ваду на надворку. Мы былі раз’юшаныя. Гэта ж сена прамокла, як складзеш яго — то яно ўпрэе, а пазней пагніе. Як ім каровы карміць?

Мы да брыгадзіра. А ён нам:

— Адчапецеса і цягайце!

А тут дырэктар. Я да яго падлятаю, ўсё расказваю, а ён:

— А ты куды лезеш, смаркач? Табе, што, болёй усіх нада?

Цюкі паскладалі мокрымі…