Сярод стандартнага хлеба-цэглы, круглага хлеба, белага хлеба-цэглы і батона — звычайнага набору хлебных вырабаў першай паловы 80-х гадоў, вельмі асаблівымі выглядалі булачкі па 3 капейкі, што прадавалі ва ўніверсаме на БЛК.

Іх елі проста так, без нічога. Мо з-за таго, што каўбасы не было, каб можна было пакласці ў булачку.

Можна было іх есці з маслам, але я з маслам пасыпаным цукрам еў толькі батон. Я любіў есці тыя булачкі з халодным малаком.

Хоць каштавалі яны зусім дробязь, сапраўдным выклікам адзін час у хлопцаў з Верхняй Пярэселкі было вынесці булачку ў кішэні не расплаціўшыся. І гэта не з-за таго, што не было трох капеек. Пытанне было ў адрэналіне і стаўленні да савецкага правапарадку, калі парушальнікам было быць крута.

Булачкі па тры капейкі не былі салодкімі, не былі праснакамі. Цяжка апісаць як яны смакавалі. Памятаю толькі, што мы іх любілі. Мо з-за таго, што яны толькі формай выбіваліся са звычайнага хлебнага набору?

150 словаў пра эСэСэСэР. Булачкі па тры капейкі