Спадчына

Загінуў у 1939 годзе, але пакінуў вялікі фотаархіў. Гісторыя аднаго афіцэра з Гродна

У рэдакцыю Hrodna.life 9 красавіка прыйшла гродзенка Тэрэза Саловіч, якая вырашыла падзяліцца сваім сямейным фотаархівам. Больш за 100 старых здымкаў некалі належалі яе дзядзьку Мечыславу Шчэнснаму, які служыў у Гродне ў 76-м пяхотным палку імя Людвіка Нарбута і загінуў у Польшчы ў баях з немцамі ў верасні 1939 года. Больш падрабязную гісторыю афіцэра і яго падраздзялення мы раскажам у верасні - да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны. А пакуль невялікія падрабязнасці і некалькі ўнікальных здымкаў.

Мечыслаў Шчэнсны нарадзіўся ў Крывым Беластоцкага ваяводства ў 1911 годзе. У сярэдзіне 1930-х гадоў ён пераехаў у Гродна, тут праходзіў службу ў 76-м пяхотным палку імя Людвіка Нарбута.

У 1920-я і 1930-я гады, аж да пачатку Другой сусветнай вайны, 76-ы полк дыслакаваўся ў Гродзенскім гарнізоне. Ваенны гарадок у той час знаходзіўся на тэрыторыі, абмежаванай вуліцамі Касцюшкі, Бэма, Сабескага і Нарбута. Сёння яны носяць іншыя назвы і ў гэтым месцы ўкліньваюцца астраўкі жылога сектара, крамы і розныя арганізацыі.

У Гродне малады афіцэр сустрэў дзяўчыну Яніну Бубко. У пачатку 1939 года маладыя пажаніліся, жылі на сучаснай вуліцы Заводскай. Неўзабаве Мечыслаў, тады ўжо ў званні паручніка, у складзе свайго палка адпраўляецца на перадавую сустракаць немцаў. Загінуў афіцэр на 4-ы дзень вайны — 4 верасня ў Сулеюве (Лодзінскае ваяводства).

Мечыслаў са сваёй жонкай Янінай, 1930-я гг.
Сам 76-ы ПП ваяваў у складзе арміі «Прусы», у складзе 29-й дывізіі. У ноч з 5 на 6 верасня полк ішоў у атаку ў раёне польскага Пётркава. Дывізія атрымала загад аб адступленні, але ён не дайшоў да палка. Пасля пачатковых поспехаў, пад раніцу жаўнеры сутыкнуліся з упартай атакай мотастралковай бранятанкавай дывізіі немцаў. У няроўным баі, але гераічна змагаючыся, дывiзiя перастала існаваць. Загінула больш за 500 чалавек на чале з камандзірам палка. Тыя, хто застаўся ў жывых, патрапілі ў палон да немцаў, многія былі забітыя.

У пасляваенныя гады жонка Мечыслава Яніна, якая засталася жыць у Гродне, шукала праз Чырвоны Крыж магілу свайго мужа. У 1974 годзе яна атрымала ліст з канцылярыі Рыма-Каталіцкай парафіі святога Фларыяна горада Сулеюва, пра тое, што яе муж пахаваны на мясцовых могілках, з салдатамі, якія загінулі пры абароне горада.

Ліст з Сулеюва да жонкі Мечыслава Яніны
«Сямейным жыццём Мечыслаў пажыў зусім няшмат, але цётка заўсёды памятала свайго мужа, — распавядае Тэрэза Саловіч. — Яна кахала яго да канца сваіх дзён. У нашай сям'і рагатыўка [нацыянальны польскі галаўны ўбор, шапка з чатырохвугольным верхам] і кіцель Мечыслава захоўваліся доўгія гады, але ў нейкі момант усё прапала. Застаўся толькі альбом з фотаздымкамі і частка дакументаў. Я старэю і хочацца каму-небудзь расказаць гісторыю аднаго афіцэра з Гродна, які хацеў жыць, але загінуў маладым. Акрамя яго асабістых здымкаў у альбоме цэлы фотаархіў 76-га палка».









Падзяліцца

Апошнія запісы

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024