Людзі і справы

Бі альбо бяжы. Як гродзенцы сталі бежанцамі, а Пышкі - зонай баявых дзеянняў

У гродзенскіх Пышках 20 чэрвеня ўспыхнуў узброены канфлікт паміж Паўночным і Паўднёвым Аталкордам. Аўтаматныя чэргі ірвалі лясную цішу. Санітары бінтавалі параненых. Бежанцы прарываліся праз зону баявых дзеянняў. Ваенізаванай лазертаг-гульнёй Чырвоны Крыж адзначыў Міжнародны дзень бежанца. Вайскоўцамі, валанцёрамі і ўцекачамі на некалькі гадзін сталі жыхары горада.

«Вакол - баявыя дзеянні. Ваюе падзеленая краіна — Паўночны і Паўднёвы Аталкорд. Трымайце пашпарты. Вам трэба дабрацца да бяспечнага месца, дзе вас прымуць. Калі не прымаюць — бяжыце далей», — такія інструкцыі даў уцекачам рэгіянальны каардынатар з Чырвонага Крыжа Валер Краеўскі.

Пытанняў у бежанцаў застаецца шмат. Адказы на іх, як і логіку канфлікту, шукаць няма часу. Не можаш біць — бяжы. На вайне, як на вайне — іншага не дадзена. Адзіная гульнявая палёгка — няма «забітых». Усіх пацярпелых абавязкова ўратуюць.

«Лёха, я паранены, трымайся сам!»

«Яны бягуць, але іх нельга пускаць на нашу тэрыторыю. Тут лінія фронту, гэта мяжа» — тлумачыць адзін з салдатаў Паўночнага Аталкорду сваё разуменне задачы. І кінуўшы беглы позірк у мой бок дадае: «Прыкрыйся, насупраць вораг. На 11 гадзін — снайпер».

Што салдат не памыляўся, робіцца ясна праз пару хвілін. Пасля чарговай спробы выглянуць з-за вугла абруч на яго галаве успыхвае чырвоным святлом. «Паразіт», — цэдзіць скрозь зубы вайсковец. «Лёха, я паранены! Трымайся сам» і сыходзіць услед за санітарам.

Хвіліну цішы ловяць бежанцы. Двое дзяўчат перабягаюць паляну і паспяваюць схавацца за драўлянай сцяной сховішча.

— Рэгістратар № 3. У нас бежанцы. Дзве сястры. Ёсць параненыя, - трашчыць рацыя

— Прымайце!

Дзяўчаты сядзяць, прытуліўшыся спінамі да дошак.

— Чаму вы адны?

— Бацькоў згубілі. У нас там вайна, бяжым у Паўднёвы.

— А бацькі жывыя?

Бежанкі пераглядаюцца паміж сабой, паціскаюць плячыма. Пра блізкіх яны нічога не ведаюць, ды і пытацца няма ў каго.

«Ваюем за Радзіму!»

З другога боку лініі фронта сітуацыя не менш напружаная.

— Як справы, камандзір?

— Выдатна. Адбіваем атаку.

— За што ваюеце?

— За Радзіму, канечне. Паўднёўцы — захопнікі, кроў гарачая. Не сядзіцца на сваёй тэрыторыі

— А як сёння з бежанцамі?

— Эх, дарма яны сюды сунуцца. Лезуць пад кулі. Параненых шмат. Стараемся не падстраліць уцекачоў, але ўсяго не адсочыш. Тут усё хутка — хто бяжыць з іншага боку — той вораг. Спачатку страляеш, потым думаеш. Гэта рэфлекс. Інакш праціўнік стрэліць першым. А бежанцы, яны ж маскіравацца не ўмеюць. Па глупству падстаўляюцца. Хто выбег, той кулю і злавіў.

На пункце ў рэгістрацыі № 1 ізноў ажывае рацыя: «У нас паранены!». Побач хлопец у чырвонай цішотцы трымаецца рукой за галаву. Вібруюць чырвоныя лямпачкі.

— Страшна было. Шмат прышлося пабегаць. З супрацьлеглага боку стартавалі, а прынялі толькі тут. Вакол страляюць, не ведаеш, адкуль куля прыляціць.

— Навошта беглі?

— Дома вайна.

— Тут думаеце лепш будзе?

— Хто ведае…

Параненага забірае санітар. Яго ўжо чакаюць валанцёры з насілкамі, каб данесці да пункта першай дапамогі.

Белы бінт, Чырвоны Крыж

— Тут рана сцягна. Куды яго?

— Наташа, пальчаткі! Хутка!

— Як вас завуць, скажыце прозвішча?

— У нас паранены! Жывот. Сюды тэрмінова! Пакінь пакуль таго, што з рукой.

У шпітальным шатры кіпіць праца.

— Дзяўчаты, шмат людзей сёння?

— Шмат. Не ведаеш, за што ўхапіцца. Салдаты, бежанцы — бывала, трох адначасова прыносілі. Але сёння нам добра — па гульні мы дакладна ведаем, што можам уратаваць усіх.

— Вітанкі! Нарэшце і цябе паранілі! — сустракаюца ў шатры Чырвонага Крыжа байцы варожых армій, а насамрэч сябры-валанцёры з гродзенскага атрада Чырвонага Крыжа. Аднаму тым часам бінтуюць нагу, другому — плячо.

З пункта першай дапамогі ўдзельнікі зноў выпраўляюцца ў зону баявых дзеянняў. Салдаты — ваяваць, бежанцы — шукаць бяспечнага прыстанішча.

Людзі шукаюць прытулку

Пункты прыёму бежанцаў месцяцца паміж ваюючымі бакамі, пад кулямі з абодвух накірункаў.

— Людзі бягуць, шукаюць прытулку. Прымаем, каго можам. Астатніх выпраўляем назад. Відаць, што ў пэўны момант уцекачамі пачынае кіраваць пачуццё страху.

— А самім не страшна? Вы ж таксама пад кулямі.

— Хтосьці павінен ім дапамагаць, — паціскае плячыма Валянціна Гардзіеўская.

Па жыцці жанчына — фінансіст. А ў гульні разам са студэнткай музычнага каледжа Янай Якутай яны — рэгістратары і прымаюць бежанцаў.

На іх пасту ўжо чакае адпраўкі ў мірную зону сям’я Курыдзэ. Насамрэч — гэта Павел і Марына Поўныя. У Марыны — павязка на галаве. Абодва шырока ўсміхаюцца.

«Па гульні мы бежанцы, і вось нарэшце дабеглі. А па жыцці таксама сям’я. Тут мы вырашылі экстрымальна правесці адзін з дзён адпачынку. Было крута! Але калі паранілі, то ўспомніла, што дома чакаюць двое дзяцей. Не дай бог такога насамрэч», — расказвае Марына.

— Павел, а як жонку паранілі?

— Ды я не ведаю. Яна адбілася недзе, не мог яе знайсці. Шукаў па лесе, па кустах хаваўся. Каб адзін, даўно б перабег. Але ж не кінеш. Ды і па гульні Чырвоны Крыж толькі сем'і прымаў.

Не жаночае аблічча вайны

Жанчынам на вайне цяжэй, згаджаюцца і салдаты. «Я ўжо нават падказваць дзяўчатам пачаў, — прызнаецца адзін з вайскоўцаў. — Бяжыце, кажу, налева, каб сонца заставалася ўвесь час за спіной. А яны — ці то не зразумелі, ці то — не паверылі. Кінуліся ў супрацьлеглы бок, наўпрост пад абстрэл».

— Як думаеш, магла б рэальна адбыцца такая сітуацыя?

-Хто ж ведае? Я ў зоне баявых дзеянняў не бываў.

«Ідзём на базу»

Гучыць фінальны сігнал. Гульня іs over. Зразумела, што нічога не зразумела ў той прыдуманай вайне. «Гэта не важна для нас. Сэнс — паказаць, што на полі бою ніхто не можа быць у бяспецы. Бяззбройныя людзі таксама патрапляюць пад кулі, хаця страляць па іх забяронена гуманітарным праваму. Мы хацелі даць гродзенцам магчымасць адчуць на сабе як гэта — быць уцекачом. Мяркуем, гульня павысіць іх лаяльнасць да людзей, што шукаюць прытулку,» — кажа Краеўскі.

Кіраўнік клуба «Лазерфорс» Павал Раманчук глядзеў на гульню з боку вачыма спрактыкаванага лазер-вайскоўца і прызнаецца — нязвыклае атрымалася відовішча. «Грамадзянскія зусім не разумелі, што яны проста правакуюць сваімі паводзінамі на стрэлы. Але ж не бывае спецыяльна падрыхтаваных бежанцаў, адкуль ім ведаць, як паводзіць сябе на вайне? Шкада было іх. І прэсу шкада. А найбольш цікава было назіраць за палявым шпіталем. Во там была сапраўдная дзвіжуха».

«Мы не высвятляем, хто вінаваты ў канфлікце, а хто мае рацыю, — тлумачыць сітуацыю Валер Краеўскі. — Чырвоны Крыж -арганізацыя нейтральная. Мы проста дапамагаем ратаваць людзям жыцці».


Зараз у Беларусі знаходзіцца 320 бежанцаў. Летась за атрыманнем прытулку звярталіся 748 замежнікаў. Афіцыйны статус бежанцаў атрымалі 5 асобаў. Часцей за астатніх звярталіся ўкраінцы, расейцы, сірыйцы і пакістанцы. Апроч асобаў з афіцыйным статусам бежанца на пачатак 2018 года зарэгістравана больш за 6000 людзей без грамадзянства. Атрымаць статус бежанца могуць тыя, хто па розных прычынах церпіць ганенні на сваёй радзіме.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024