Людзі і справы

«Старажытны прадстаўнічы орган — народнае веча». Як у Гродне абмяркоўвалі закон аб Усебеларускім народным сходзе?

Праект закона аб Усебеларускім народным сходзе абмеркавалі на гродзенскіх прадпрыемствах. Вынікі абмеркаванняў апублікавалі ў дзяржпрэсе. Там пішуць, што ўдзельнікі актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіі. Праўда, якія менавіта пытанні іх цікавілі, у тэкстах не тлумачылі. Мяркуючы па публікацыях, абмеркаванне зводзілася да інфармавання пра змест законапраекта. Карэспандэнт Hrodna.life прааналізаваў матэрыялы дзяржвыданняў.

Праект абмяркоўвалі з канца кастрычніка па пачатак лістапада. Кожны мог унесці свае прапановы. Арганізатары грамадскага абмеркавання абяцалі, што абагульняць іх і выкарыстоўваюць для дапрацоўкі законапраекта. Усяго на Гродзеншчыне прайшло больш за 180 дыялогавых пляцовак з прадстаўнікамі прафсаюзаў на прадпрыемствах. У іх прынялі ўдзел больш за 6000 чалавек, паведамілі ў прэсе.

Законапраект вызначыць прававы статус, кампетэнцыю, парадак фарміравання УНС, правы і абавязкі дэлегата УНС, прынцыпы і арганізацыйныя асновы працы Усебеларускага народнага сходу.

Згодна з законапраектам, дэлегатамі УНС могуць стаць прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай, судовай улады, прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў, а таксама прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Усебеларускі народны сход будзе прадстаўляць «усе сацыяльныя пласты», у тым ліку ў яго склад увойдуць «простыя працоўныя людзі». Лімітавая колькасць — не больш за 1200 чалавек. Закон прымуць у сакавіку 2023 года.

Усебеларускі народны сход атрымае права заканадаўчай ініцыятывы, зможа прапаноўваць правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў, разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў, ссоўваць прэзідэнта з пасады, уводзіць на тэрыторыі Беларусі надзвычайнае або ваеннае становішча.

Камунальнікі: «Рэальнае ўвасабленне прынцыпу народаўладдзя»

Намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскай гарадской ЖКГ Сяргей Сямашка прывёў у прыклад «старажытны прадстаўнічы орган — народнае веча, калі старэйшыны вырашалі самыя важныя пытанні абшчыны». Ён лічыць, што ў УНС ёсць «глыбокія гістарычныя перадумовы».

Усебеларускі народны сход як «рэальнае ўвасабленне прынцыпу народаўладдзя» здольны паказаць некаторым краінам па-сапраўднаму дэмакратычныя інструменты кіравання краінай, лічыць старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Андрэй Кардаш.

Паводле яго слоў, работнікі на сустрэчах задаюць пытанні, удакладняюць моманты, уносяць прапановы. Якія менавіта, ён не паведаміў.

Абмеркаванне праекта ў Гродзенскай гарадской ЖКГ. Фота: «Гродзенская праўда»

«Гроднаводаканал»: супрацоўнікі хочуць трапіць ва УНС

Абмеркаванні праходзяць у калектывах актыўна: людзей цікавіць, хто будзе прадстаўлены ў новым прадстаўнічым органе і якія рашэнні будуць прымацца. Людзі выказваюць жаданне ўдзельнічаць ва УНС, просьбы гучаць, напрыклад, і ад Беларускага таварыства інвалідаў, паведаміла кіраўніцтва прафсаюзаў.

Абмеркаванне на «Гроднаводаканал». Фота: «Гродзенская праўда»

Універсітэты: «Не дапусціць развіцця негатыўных сцэнарыяў»

ГрДУ імя Янкі Купалы

 — Усебеларускі народны сход — гэта стабілізуючы орган, які накіраваны на тое, каб палітычнае будаўніцтва не прывяло да таго, што людзі, якія на хвалі пэўных чаканняў выбаршчыкаў прыходзяць да ўлады, а потым вельмі хутка абяцанні, дадзеныя падчас выбарчых кампаній, забываюць і праводзяць абсалютна іншую палітыку. Наша задача — не дапусціць развіцця такіх негатыўных сцэнарыяў у нашай краіне, — сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік на дыялогавай пляцоўцы ў ГрДУ.

Моладзь цікавілася, што будзе ўяўляць сабой абноўленая мадэль УНС, якія будуць прынцыпы адбору дэлегатаў, і іншымі пытаннямі.

ГрДу імя Янкі Купалы. Фота: «Гродзенская праўда»

Гродзенскі дзяржаўны аграрны універсітэт

«Кожны грамадзянін, будучы членам грамадскага аб’яднання, які мае рэспубліканскі статус, альбо прафсаюза, мае права быць абраны дэлегатам УНС, вядома ж, калі ён займае актыўную грамадзянскую пазіцыю і адпавядае тым патрабаванням, якія да яго прад’яўляюцца. У іх ліку: неабходнасць быць грамадзянінам нашай краіны, валодаць выбарчым правам. Таксама нельга мець ільготы іншых краін, якія могуць прадастаўляцца ў сувязі з палітычнымі поглядамі», — сказала Святлана Вараніца, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь», на сустрэчы ў аграрным універсітэце.

Ключавымі падчас сустрэчы сталі пытанні аб дзейнасці УНС, яго паўнамоцтвах. Яшчэ адной тэмай дыскусіі стала размежаванне паўнамоцтваў розных органаў улады краіны.

Гродзенскі дзяржаўны аграрны універсітэт. Фота: «Гродзенская праўда»

Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў: «Каб наша сінявокая Беларусь развівалася і квітнела»

 — Нам імпануе, што ў праекце аб УНС ідзе гаворка аб такім прадстаўнічым народаўладдзі, якое будзе вызначаць стратэгічны кірунак развіцця грамадства і дзяржавы. Усё гэта робіцца для таго, каб быў захаваны канстытуцыйны лад рэспублікі, і наша сінявокая Беларусь развівалася і квітнела. Акрамя таго, важна, што ў законапраекце аб УНС вызначаны курс на адзінства беларускага народа, а таксама на захаванне стабільнасці, міру і парадку ў краіне, — сказаў старшыня абласнога Савета ветэранаў Іван Тустаў.

Ветэраны падтрымліваюць законапраект аб УНС і актыўна ўдзельнічаюць у дыскусіях па гэтым пытанні. Якія дыскусіі праект выклікаў, не паведамляецца.

Савет ветэранаў. Фота: «Гродзенская праўда»

«Цветліт»: трэба прадстаўніцтва людзей з інваліднасцю

 — На прадпрыемстве працуе адмысловая катэгорыя людзей — інвалідаў па слыху, больш за 60%. Было б выдатна, каб гэтая катэгорыя людзей мела сваё прадстаўніцтва і ўдзельнічала ў працы УНС, — выступіў з прапановай Сяргей Яфрэменка, дырэктар УП «Цветліт».

Якія прапановы ўнеслі ўдзельнікі сустрэчы, не сказана.

Цветлит. Фото: «Гродненская правда»

«Гродна Азот»: зноў Вараніца

Святлана Вараніца падрабязна расказала аб асноўных палажэннях праекта закона аб Усебеларускім народным сходзе, у тым ліку падрабязна спынілася на прынцыпах дзейнасці УНС, тэрмінах яго паўнамоцтваў, складзе і парадку фарміравання, магчымасці работнікаў стаць дэлегатамі, удзельнікамі і гасцямі з’ездаў.

Абмеркаванне прайшло і на «Хімвалакно».

«Гродна Азот». Фота: «Гродненский химик»

Больш слухаюць, чым прапануюць

«Сабралі ў аблвыканкаме поўную залу людзей. Назвалі - дыялогавай пляцоўкай, але атрымаўся толькі маналог улады. Нават ніводнага пытання не задалі прысутныя, такая «цікавая» тэма, — паведаміў чытач Hrodna.life 1 лістапада. Ён даслаў дакумент, у якім прасілі забяспечыць яўку людзей.

Дакумент ад чытача. Фота чытача Hrodna.life

«Так, магчыма, у рэгіёнах усё ж больш слухаюць, чым прапануюць. Людзям неабходна ў першую чаргу зразумець, як канкрэтны законапраект паўплывае на іх ўласнае жыццё. Але і пытаюцца часта, як будзе фармавацца УНС, ці можна простаму чалавеку стаць яго дэлегатам, задаюць пытанні аб палітычных партыях», — прызнаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Віктар Свіла.

«Размаўляючы з арганізатарамі гэтых мерапрыемстваў, мы ўбачылі, што ўжо менш гучыць пытанняў ад людзей адносна таго, што такое Усебеларускі народны сход, якім ён будзе. Сёння людзей хвалююць больш практычныя аспекты гэтых законаў, прававы статус дэлегатаў. Задаюць пытанне: ці магу я быць непасрэдна дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. < … > А непасрэдна на прававым форуме Беларусі мы бачым ужо больш прафесійныя, юрыдычныя зносіны. Людзі ўносяць прапановы па ўдасканаленні рэдакцыі тых ці іншых нормаў, па замацаванні тых ці іншых палажэнняў у рамках законапраектаў», — адзначыў дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Андрэй Мацельскі.

Акрамя таго, у дзяржаўнай прэсе з’явіліся дзясяткі меркаванняў чыноўнікаў, студэнтаў і ўдзельнікаў папярэдніх Усебеларускіх народных сходаў. Сярод іншага, яны лічаць, што законапраект аб УНС дазволіць не «разарваць краіну на кавалкі, як у 2020-м» і забяспечыць «непахіснасць канстытуцыйнага ладу».

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024