
Hrodna.life працягвае распавядаць гісторыі з жыцця гродзенскіх старажылаў. Цяпер мы будзе больш канцэнтравацца на перыядзе 1940-х і пасляваенным часе. Наш чарговы аповяд — ад 85-гадовай Лідзіі Ціўнчік, якая усё жыццё пражыла ў родным Гродне
Лідзія Іванаўна Ціўнчык (Цівінская) нарадзілася ў 1934 годзе ў Гродне на вуліцы Радзімінскай (суч. Някрасава). Праваслаўная.
«Сям'я ў нас гродзенская. Мама з роду Борыс, нарадзілася ў Гродне. Скончыла звычайную школу і пасля яшчэ школу заводову [прафесійную вучэльню, з польскай «szkoła zawodowa"], да вайны не працавала. Усё дзякуючы бацьку Цівінскаму, ён у мяне быў вядомым у Гродне шаўцом. Пры паляках і немцах ён працаваў сам на сябе. Было спецыяльнае пасведчанне, дзякуючы якому ён мог працаваць дома і прымаць заказы. У яго быў добры заробак, за кошт гэтага да вайны мы заўсёды былі ў дастатку. Усё таму, што бацька не піў у параўнанні з іншымі шаўцамі. А людзі ў гэтай прафесіі заўсёды добра зараблялі і ім было за што піць. Бацька ўсе грошы ў сям’ю нёс».
Да вайны сям’я Лідзіі Іванаўны жыла на вуліцы Радзімінскай ў доме бабулі, потым яе бацькі вырашылі здымаць побач іншае жыллё. Але ўвесь час сям’я жыла ў занёманскай частцы горада.
«Сям'я ў нас была веруючая. Мой тата праваслаўны, а мама каталічка. Мяне ж бацькі вырашылі хрысціць у царкве Уладзімірскай, куды і сёння хаджу. А ў дзяцінстве я хадзіла з мамай і ў касцёл Францішканскі, нават была ў першай камуніі. Там тады служылі ксяндзы Цітус і Аркадыюш, апошні быў вельмі патрабавальным. Я да гэтага часу памятаю многія малітвы на польскай мове. Але полькай я сябе ніколі не лічыла, я беларуска і больш хадзіла ў царкву. Яшчэ ў дзяцінстве бацька заўсёды жартаваў і казаў мне — пайшлі віно пап’ём да праваслаўных. Мы і хадзілі.
Дзяцінства гродзенкі прайшло каля дома і на пустыры каля сучаснай вуліцы Суворава. Там Лідзія часта каталася на ровары, які для многіх гродзенскіх дзяцей быў марай.
«У мяне было звычайнае дзяцінства, нічога сур’ёзнага. Гулялі ў розныя гульні з сябрамі, напрыклад хованкі, даганялкі і на ровары каталася. У мяне быў свой асабісты, бацька купіў. А тады мала хто з дзяцей мог пахваліцца роварам, не ўсе бацькі маглі купіць. Памятаю, выйду на вуліцу і ўсе падыходзілі і я давала катацца сябрам. Кожны па чарзе катаўся, а я чакала пакуль усе праедуць. Шмат было бедных, але мне пашанцавала з роварам, бо бацька добра зарабляў.
Мы — дзеці - гулялі ў асноўным на вялікім пустыры. Называлі яе плошчай Яблонскіх, бо там у іх дом стаяў побач. Таму і празвалі так гэтую вялікую пустку. Там недалёка былі балоты, гэта там цяпер дамы на Суворава. А раней было немагчыма прайсці, асабліва пасля адлігі або дажджоў".
Пра ўваход саветаў у Гродна ў 1939 годзе Лідзія Іванаўна сказаць нічога не можа: яна была маленькая, а дома бацькі гэтую тэму не абмяркоўвалі.
«Толькі пра гісторыю з сям’ёй Бертэля я чула, што ім спалілі дом. Яны жылі недалёка ад нас. Казалі, што нехта з іх дома страляў у польскіх жаўнераў, якія адыходзілі. І людзі потым на суседніх вуліцах абмяркоўвалі з-за чаго ўсё гэта адбылося. Казалі, як за такія ўчынкі не пакараць. Больш пра першых саветаў і сказаць мне няма чаго, рэпрэсіі нашу сям’ю не кранулі. Бацька мой нікуды не ўмешваўся, ён ведаў сваю працу — біў заўсёды малатком. І таму гэтую тэму дома не абмяркоўвалі».
Падчас нямецкай акупацыі Гродна Ціўнчыкі некаторы час хаваліся ў вёсцы пад Каробчыцамі, а пасля вярнуліся ў горад.
«Бацька пры немцах працаваў, падчас вайны ў яго таксама былі заказы. Шавец — заўсёды запатрабаваная прафесія. Пры немцах у занёманскай частцы ціха было. Памятаю, як убачыла першых немцаў. Яны загаралі ў дворыку дома, недалёка ад тытунёвай фабрыкі. Памятаю, як іх дзяўчыны ў купальніках хадзілі, а нам неяк незвычайна было на гэта глядзець. Нашы дзяўчыны саромеліся так хадзіць перад усімі.
Я памятаю, пры немцах мы з мамай выходзілі ў цэнтр горада, ніхто нас не чапаў. Хадзілі ў парк, у крамы заходзілі і нешта куплялі. На плошчы і ў парку рабілі фотакарткі. Падыходзілі да фатографа, ён заўсёды быў з апаратам і прасілі зрабіць здымкі. Фотаапараты раней былі вялікія, не такія як зараз. З 1940-х у мяне было шмат здымкаў, маглі сабе дазволіць.
У цэлым немцаў не баяліся, страшна было іншы раз толькі калі свіней рэзалі. Тады ім мяшок на галаву апраналі, каб не вішчалі. Немцы не дазвалялі мець свіней.
Памятае гродзенка і таемныя заняткі падчас акупацыі. Вучыцца яна хадзіла да сям'і былога дырыктара школы № 7 Мар’яна Буды. Сёння гэта школа № 6 па вул.Гарнавых.
«У садок ніякі я не хадзіла ў дзяцінстве. Мама мяне сама ўсяму вучыла, рыхтавала ў школу. І вось калі настаў час, вучыцца было забаронена. Мяне мама адправіла на таемныя заняткі, мы рызыкавалі. Хадзіла вучыцца каля года да пані Будовай, у дом недалёка ад школы № 6. Вучыла дачка дырэктара. Як я хадзіла да іх, яго самога ўжо не было. Што з ім стала, я нават і не ведаю.
Калі ішла на заняткі, сшыткі і кнігі на вяроўках хавалі пад паліто. Пытанне аплаты за заняткі вырашалі бацькі. Напэўна, тата ўсё аплачваў сваімі паслугамі. Абутак усім заўсёды патрэбен быў, нават у вайну».
Зверствы немцаў падчас акупацыі Лідзія Іванаўна не памятае. Адзінае што ў яе засталося ў памяці, дык гэта калоны гродзенскіх яўрэяў, якіх вялі ў Калбасіно.
«Гета ў цэнтры горада, дзе трымалі яўрэяў, я не бачыла. Але добра памятаю, як іх гналі па вуліцы Беластоцкай. Я бачыла вельмі вялікія калоны і немцаў вакол. Татава сястра хацела яўрэям хлеба даць, так яе адзін ахоўнік адлупасіў. Падыходзіць да яўрэяў было забаронена. Людзі казалі, што на расстрэл іх вялі. [Яўрэяў вялі з гета ў транзітны лагер Калбасіно або гета № 3. Адтуль гродзенскіх яўрэяў праз станцыю Ласосна вывозілі ў Асвенцім і іншыя лагеры смерці - рэд.]
Бацька казаў, што да яго прыходзіў знаёмы шавец з гета. Прасіў, каб яго схавалі і за гэта прапаноўваў вялікія грошы. Але бацька пабаяўся браць на сябе такую адказнасць і адмовіў у дапамозе. Што стала з тым чалавекам, толькі Бог ведае».
Пасля вайны Лідзія Іванаўна пайшла вучыцца адразу ў трэці клас польскай школы. Да канца 1940-х гродзенка не ведала рускай мовы.
«Большасць маіх суседзяў пасля вайны з’ехала ў Польшчу, нават праваслаўныя з’язджалі. І маме прапаноўвалі, але яна ніяк не хацела. Бацька можа быць і пагадзіўся б з’ехаць, але мама вырашыла, што сям’я застанецца ў Гродне. Нават калі дазволілі ездзіць у Польшчу, яна не паехала да роднай сястры.
Пасля вайны я адразу пайшла вучыцца ў трэці клас польскай школы на сучаснай вуліцы Сацыялістычнай. Вучылася там 3 і 4 клас. Потым сказалі, што школу закрываюць, і мяне мама адправіла на Паўночную [суч. Валковіча]. Там у школе я правучылася да 7 класа. Навучанне праходзіла толькі на польскай мове.
Да канца 1940-х я не ведала рускай мовы. Была савецкая ўлада, але на вуліцы, на вучобе і дома мы размаўлялі на польскай мове. Усе, каго я памятаю, таксама размаўлялі на польскай мове. Памятаю, як у 1949 годзе з мамай вучыла верш на рускай мове «Путь далек», але нават не ведала, што вучу, проста зубрыла яго.
Больш за 200 літоўскіх грузавікоў зніклі на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ каля 1000 знаходзяцца фактычна ў…
“Яго дзейнасць вызначалася махлярствам, падманам і перавышэннем службовых абавязкаў са стратамі для скарбніцы дзяржавы”, -…
Даехаць з Гродна ў Беласток за дзве гадзіны, выдаткаваўшы 7 еўра і не стоячы ў…
Кім быў ваш прадзед? Як ён жыў і як памёр? Часам адказы на гэтыя пытанні…
Хэлоўін у Беларусі забараняюць ужо чацвёрты год запар. Але цалкам выкараніць папулярнае ва ўсім свеце…
Беларускія школьнікі, якія збіраюцца паступаць у польскія ВНУ, імкнуцца не расказваць пра гэта ў школах.…