Спадчына

Спачатку адновяць прыбудовы, дзе разьмесьцяць музэй. Што адбываецца з сынагогай XVII стагодзьдзя ў Слоніме

Ад 2018 году пачалося аднаўленьне сынагогі ў Слоніме. Гэта найстарэйшы будынак у горадзе і адна з самых старажытных сынагог Беларусі. Брытанскі інжынэр Сайман Каплінскі расказаў С**бодзе, якія працы ідуць цяпер у Слоніме і калі можна чакаць завяршэньня рэстаўрацыі.

С**бода публікавала летась інтэрвію з Сайманам Каплінскім (Simon Kaplinsky). Гэты брытанскі інжынэр — адзін з галоўных удзельнікаў праекту аднаўленьня сынагогі ў Слоніме. Ягоны бацька зьехаў са Слоніма ў 1929 годзе. Пасьля Другой усясьветнай вайны і Галакосту ў іх не засталося кантактаў у Беларусі. Толькі ў 2006 годзе, калі пляменьніца Саймана прыехала ў Слонім як удзельніца тэлеперадачы Бі-Бі-Сі «Ці ведаеце вы, хто вы?», Каплінскія наноў адкрылі для сябе радзіму сваіх продкаў.

Сайман Каплінскі

«Мы сталі думаць, што мы можам зрабіць для Слоніма. І вырашылі: чаму б нам ня ўзяцца за рэканструкцыю сынагогі?» — апавядаў Сайман у леташнім інтэрвію.

У пачатку 2018 году слонімская сынагога трапіла ў лік чатырох найбольш важных сынагог Эўропы, якія важна аднавіць. І ўжо ў той жа год у сынагозе пачаліся рамонтныя працы. Аднаўленьнем займаецца Фонд габрэйскай спадчыны (The Foundation for Jewish Heritage), а менавіта — кіроўны камітэт гэтага фонду, які ўзначальвае Сайман Каплінскі.

Памянялі дах і дасьледуюць расколіны ў сьценах

У канцы 2018 году Фонд габрэйскай спадчыны аплаціў рамонт даху, каб узімку ў сынагогу не намятала сьнегу.

Сёлета ў чатыры найбольшыя расколіны ў мурох бажніцы ўсталявалі сэнсары, якія замяраюць, ці ня рухаецца будынак. Замеры праходзяць цягам году, бо пры розным надвор'і памер расколінаў можа зьмяняцца. У траўні 2020 году адмыслоўцы здымуць сэнсары і ўжо залежна ад стану расколінаў вызначаць, якія аднаўленчыя працы трэба праводзіць.

Так выглядае фасад сынагогі сёньня. Фота студзеня 2020 года

Пасьля некалькіх сустрэчаў з слонімскімі ўладамі Сайман Каплінскі і прадстаўнікі Фонду габрэйскай спадчыны падрыхтавалі прапанову наконт далейшага аднаўленьня і будучага выкарыстаньня сынагогі.

На першым этапе прапануюць адрамантаваць сынагогу звонку і аднавіць аднапавярховыя будынкі, якія прымыкаюць да галоўнага збудаваньня, паведаміў Сайман. У гэтых памяшканьнях плянуюць адкрыць музэй і цэнтар наведнікаў. На гэтыя працы можа пайсьці да пяці гадоў пасьля таго, як фонд і слонімскія ўлады канчаткова зацьвердзяць прапанову.

Сынагога месьціцца ў цэнтры горада, на месцы габрэйскіх могілак вакол сынагогі разьмешчаны рынак
Пасьля апошняй сустрэчы ў Слоніме ўвосень 2019 году Фонд габрэйскай спадчыны падрыхтаваў пісьмовую прапанову наконт далейшай супрацы са слонімскімі ўладамі і аднаўленьня сынагогі. Цяпер у фондзе чакаюць на адказ зь Беларусі, пасьля чаго мусяць пачацца наступныя этапы аднаўленьня гістарычнага будынку.

«Музэй (у адноўленых будынках сынагогі) можа стаць турыстычным кірункам», — сказаў Сайман.

Мастацтвазнаўца: Гэта адна з найцікавейшых сынагогаў Беларусі

Гэта ня першая кампанія рамонту і рэстаўрацыі сынагогі ў Слоніме. За апошнія 30 гадоў было некалькі спробаў аднавіць сынагогу. У 1999 годзе дзякуючы Фонду ўсясьветных помнікаў на сынагозе замянілі дах. Аднак праз тое, што ў будынку няма гаспадара, ён паступова прыходзіць у заняпад. За савецкім часам, калі сынагога была складам мэблевай крамы, а ў прыбудовах месьціўся малочны бар, яна была ў лепшым стане, чым цяпер.

У сынагозе захаваўся унікальны росьпіс. Фота 2018 года
За апошнія 30 гадоў разбурылася большасьць прыбудоваў, якія цяпер зьбіраюцца аднаўляць сама перш. Унутры шмат дзе паадвальваўся тынк, пашкоджаная ўнікальная ляпніна.

У далёкіх плянах Фонду габрэйскай спадчыны — аднавіць сынагогу цалкам. Падчас апошняга візыту Сайман пазнаёміўся з мастакамі, якія ў 1990-я гады пасьпелі перамаляваць фрэскі ў сынагозе.

«Цяпер тыя фрэскі пабляклі, — сказаў Сайман. — Таксама выглядае, што ў мясцовых жыхароў шмат матэрыялаў, якія прыдадуцца пры рэстаўрацыі».

Росьпіс сынагогі па стане на 2018 год
Слонімская сынагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Яна пабудаваная ў стылі барока. Як казала С**бодзе архітэктарка Галіна Левіна, паводле слонімскай сынагогі можна вывучаць гісторыю рэлігійнага жыцьця, мастацтва і архітэктуры ў Беларусі.

«Для нас яна заўсёды сярод найцікавейшых сынагогаў, — сказала Левіна. — Гэта і яскравы прыклад жыцьця Слоніма і Беларусі цягам многіх стагодзьдзяў».

Левіна зазначае, што сынагога каштоўная жывапісам, які тут захаваўся. Напачатку 1990-х у Слоніме працавалі рэстаўратары творчай майстэрні «Басталія». Яны зрабілі графічную фіксацыю жывапісу.

«Слонімская сынагога адзіная, дзе захаваўся такі стары жывапіс», — казаў С**бодзе рэстаўратар Мікола Залатуха.

У праекце па аднаўленьні слонімскай сынагогі таксама ўдзельнічае кітайска-брытанскі архітэктар Цзыўай Со (Tszwai So). Ён вялікі аматар беларускай традыцыйнай архітэктуры і вядомы тым, што збудаваў у Лёндане грэка-каталіцкую царкву — першы драўляны храм у сталіцы Вялікай Брытаніі ад 17 стагодзьдзя. Гэты будынак 2016 году перамог у многіх міжнародных архітэктурных конкурсах.

Цзыўай Со на будаўніцтве царквы ў Лёндане. Фота Sasha Belookaya
Як распавёў С**бодзе Цзыўай, сынагога ў Слоніме вельмі важная як архітэктурны помнік свайго часу. У 18 стагодзьдзі яна займела барочныя рысы, якія пад уплывам контррэфармацыі панавалі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён параўноўвае сынагогу ў Слоніме зь вялікай сынагогай у Вільні, якая была збудаваная і перабудаваная ў тыя ж пэрыяды.

«У той час як сынагога ў Вільні ўжо не існуе, Слонімская вялікая сынагога дагэтуль стаіць, хоць і ў такім жахлівым стане», — сказаў Цзыўай.

Ён таксама дадаў, што Цэнтар габрэйскага мастацтва пры Габрэйскім унівэрсытэце ў Ерузаліме ўключыў слонімскую сынагогу ў лік сямі найбольш важных гістарычных сынагог Эўропы, якім пагражае небясьпека.

Больш за ўсё ахвяраваньняў чакаюць ад выхадцаў са Слоніма

Сайман Каплінскі ў сынагозе падчас свайго прыезду ў Слонім у 2016 гозе
Летась С**бода публікавала інфармацыю пра тое, што на ўсю рэстаўрацыю могуць пайсьці «мільёны даляраў». Але цяпер, кажа Сайман Каплінскі, яшчэ немагчыма вызначыць дакладную суму.

«Бо мы дагэтуль абмяркоўваем, што ў ёй будзе. Ці гэта мае быць толькі рамонт і рэстаўрацыя, альбо ў сынагозе мае паўстаць музэй?» — кажа Каплінскі.

Якім чынам увогуле праводзіцца фінансаваньне? Фонд габрэйскай культуры нядаўна выкупіў сынагогу ва Ўэльсе, якая не выкарыстоўвалася. І цяпер у гістарычным будынку ствараецца Габрэйскі музэй Уэльсу. Грошы для гэтага залучалі з многіх крыніцаў, але пераважна ад габрэяў, якія маюць гістарычныя сувязі з гэтай мясцовасьцю.

«Такім самым чынам мы плянуем фінансаваць рамонт сынагогі ў Слоніме, — кажа Сайман. — Ува ўсім сьвеце шмат габрэяў, якія маюць сямейныя повязі са Слонімам. Менавіта яны фундавалі папярэднія рамонты».

Таксама можна будзе зьвярнуцца да эўрапейскіх донараў, калі дамова з слонімскімі ўладамі будзе пацьверджаная, лічыць Сайман.

«Як толькі ўсе бакі будуць задаволеныя прапановай і будзе дамоўленасьць аб тым, як нам рухацца далей, мы зможам падрыхтаваць адпаведны бюджэт. Гэта будзе нашым наступным крокам», — сказаў Сайман.

Па папярэднім пляне спачатку будзе аднаўленьне фасадаў сынагогі і прыбудоваў

Ён некалькі разоў падкрэсьліў, што ў кожны ягоны прыезд у Беларусь яго цёпла прымаюць. Апошні раз ён сустрэўся, акрамя службоўцаў слонімскага райвыканкаму, з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў і музэю Вялікай айчыннай вайны.

«Мы ведаем, што сынагога будзе належаць мясцовым людзям, і таму праект мусіць адпавядаць гістарычным і эканамічным патрэбам грамадзянаў Беларусі», — сказаў Сайман.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024